Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сакрэт дырэктара «Першы Беларускі»

Ля зліцця дзвюх рэк – Віліі і Сэрвачы – знаходзіцца аграгарадок Людвінова. Тут, у жывапісным куточку Вілейшчыны, больш двух дзясяткаў гадоў жыве сям’я Трубачоў – галаву сям’і, Івана Іванавіча, накіравалі працаваць у мясцовую гаспадарку. Акрамя традыцыйных мяса-малочнага і раслінаводчага напрамкаў, у тагачасным «Беларускім» была (засталася і цяпер) і яшчэ адна галіна – зверагадоўчая. А гэта значыць, што ад кіраўніка такой гаспадаркі патрабуюцца і дадатковыя веды , а на яго плячах – яшчэ большы цяжар, чым у калег-кіраўнікоў аналагічных сельгасгаспадарак.

Чатыры гады быў Іван Іванавіч намеснікам кіраўніка і ўжо сямнаццаць гадоў, што называецца, на пярэднім краі. Столькі ўсяго было за гэты час! Радасць і задавальненне, расчараванне і крыўда, упэўненасць у сабе і ваганні… Ішлі гады, змяняліся ўмовы і абставіны, нязменнымі заставаліся грунтоўнасць, гаспадарлівасць Трубача, унаследаваныя ад бацькоў сялянская разважлівасць і адказнасць да справы, якую робіш. Як некалі ў самым пачатку свайго кіраўніцтва, так і зараз Іван Іванавіч не пойдзе дамоў з працы, пакуль сам не праверыць ферму, майстэрню, гараж. Толькі ўпэўніўшыся, што ўсё ў парадку, кіруецца дадому, каб назаўтра прачнуцца рана-рана і зноў акунуцца ў вадаварот звыклых спраў. Іван Трубач – чалавек нешматслоўны. Ён з тых, хто больш робіць, чым гаворыць. Вось і падчас нашай сустрэчы ён не вельмі ахвотна гаварыў пра сябе. А вось варта было ўзгадаць яго родную Слабаду, бацькоў – простых жывёлаводаў, і вочы майго субяседніка загарэліся. Нялёгкім было дзяцінства вясковага хлапчука – старэйшага з чатырох сыноў Трубачоў, даводзілася многа працаваць і дома, і ў калгасе. – Школьнікам дапамагаў бацьку, даваў водпускі жывёлаводам, – прыгадвае Іван Іванавіч. – І зараз памятаю тыя свае першыя зарплаты – сямнаццаць рублёў, пазней – дваццаць адзін. Думаеце, на ласункі траціў ці, як цяпер называюць, на кішэнныя расходы? Ды дзе там – усё да капеечкі аддаваў маме, для ўсёй сям’і. Працавітага і мэтанакіраванага хлопца ў гаспадарцы заўважылі, ацанілі і далі слушную параду – паступаць на вучобу ў сельгастэхнікум. Так Іван і зрабіў, падаўшы дакументы ў Смілавіцкі. Пасля вучобы была служба ў арміі (а ў тыя гады служыць кожны хлопец лічыў неабходнасцю) і вяртанне ў родную Слабаду. Яму даверылі пасаду памочніка брыгадзіра. І менавіта ў гэты час адбылася лёсавызначальная сустрэча з той, што стала яго вялікім каханнем і шчасцем… Маладога перспектыўнага кіраўніка ў канцы сямідзясятых дэлегіравалі на камсамольскі з’езд. Але ж не пакінеш яго ўчастак на гэты час без нагляду… І тагачасны кіраўнік “Рассвета” Алег Гавета, што называецца, перакінуў на час адсутнасці Івана на яго месца выпускніцу сельгасінстытута Насцю, дзяўчыну з суседняй вёсачкі Ляскі. – Прыехаў, памятаю, Іван з форуму, сустрэліся, пагаварылі, – узгадвае Анастасія Мікалаеўна, жонка Івана Іванавіча. – З таго і пачалося. Гэта была зіма… Ды такая марозная і снежная! Даехаць да маёй вёскі на машыне было немагчыма, дык мы, бывала, пехатою, па такім снезе…А ўжо ў жніўні і вяселле згулялі. З таго часу праляцела трыццаць шэсць гадоў. У сямі’і Трубачоў выраслі тры цудоўныя дачкі – Ірына, Таццяна і Вольга. Старэйшая ўжо парадавала бацькоў унукамі – Косцікам і маленькай Сонечкай. Унукі – нібы бальзам на сэрца дзядулі. Ды і як не радавацца, калі чуе па тэлефоне звонкі Косцікаў галасок! А калі, прыехаўшы ў вёску, унук адразу ж кідаецца абдымацца да дзядулі, дык па сэрцы разліваецца такая цеплыня… Сям’я Трубачоў жыве тымі ж клопатамі, што і кожная на вёсцы. Іван Іванавіч з Анастасіяй Мікалаеўнай заўсёды трымалі і зараз маюць на падворку кароўку, свіней, шчыруюць, як і ўсе, на агародах. – Ніколі не цураліся працы, мы да яе звыклыя, – дзеліцца жонка дырэктара. – І цяпер раніцою Іван заўсёды дапамагае мне завіхацца па гаспадарцы. А ўжо на працягу дня ўсё ў асноўным на мне, я ж разумею, што ў кіраўніка гаспадаркі спраў вельмі многа. Слухала Анастасію Мікалаеўну і міжволі думала, што пашанцавала з ёй Івану Іванавічу. Мудрая, разважлівая, працавітая, прыгожая знешне і душою – яна поўнасцю адпавядае вобразу клапатлівай жонкі, якая да таго ж і найлепшы дарадца, сябар і, канешне ж, захавальніца сямейнага ачага. Цёпла і з вялікай любоўю гаварыла яна пра мужа, пра тыя гады, якія яны ідуць па жыцці разам, пра дзяцей і ўнукаў. А яшчэ пра тое, што без малога два дзясяткі гадоў у іх дома жыве і яе старэнькая мама, пра якую зяць заўсёды клапоціцца, як пра сваю родную. І бабуля адказвае яму гэтым жа, дзякуючы за шчырае сэрца і спагаду. – На радзіму ж, у Слабаду, традыцыйна ездзім на Асяніны, – кажа Іван Іванавіч. – Да бацькоў на магілкі, да братоў дваіх, якія так рана пайшлі з жыцця. Яно, мусіць, трэба кожнаму – прайсці па сцежках дзяцінства, успомніць, у думках пагаварыць з імі, маімі роднымі. Зразумелая патрэбнасць кожнага чалавека… Калі ўжо развітвалася са сваімі суразмоўцамі з «Першага Беларускага», некалькімі словамі перакінулася з галоўным эканамістам Марыяй Шупенька. – Наш Іван Іванавіч – сапраўдны гаспадар, які ўсё ведае, разумее і бачыць, – падзялілася яна. – Мне ён вельмі дапамог, калі толькі перайшла з бухгалтара на галоўнага эканаміста. Мяне тады ўразіла, што дырэктар не проста дае заданне, але і падкажа, на што звярнуць асаблівую ўвагу, дзе што ўзяць, што рабіць у першую чаргу. І абавязкова пасля праверыць, як спецыяліст засвоіў яго парады. Калі бачыць, што чалавек адносіцца да справы з душой, стараецца больш засвоіць і зрабіць, дык абавязкова ацэніць яго і па-бацькоўску дапаможа. А калі ж у каго работа на апошнім месцы, дык як да такога адносіцца? Наш Іванавіч сам працуе ад душы і ад іншых гэтага ж патрабуе – вось і ўвесь сакрэт. У час гутаркі дырэктар па-дзячным словам узгадаў тых шчырых працаўнікоў, хто працаваў і працуе побач з ім. І тых, у каго ён, сённяшні кіраўнік, у свой час вучыўся і каго вучыў. Заўтра, на прыгожае праваслаўнае свята Вадохрышча, у доме Трубачоў будзе людна. Як бывае ў вялікія святы ды дні нараджэнняў, калі ўсе дзеці з’язджаюцца да бацькоў. Цяпер жа і вунь якая нагода – у гэты дзень Іван Іванавіч адзначае свой юбілей. А гэта – свята для ўсіх яго родных, якія любяць, клапоцяцца пра яго і жадаюць роднаму чалавеку толькі добрага, светлага, чыстага. Кажуць, што той, каму выпала нарадзіцца на свята, – шчаслівы чалавек. Іван Іванавіч на гэта толькі загадкава ўсміхаецца, маўляў, думайце, як лічыце самі. Нялёгкае дзяцінства, шматгадовая самаадданая праца на ўсіх участках, якія яму давяраліся, і цудоўная сям’я, якую ён так любіць і шануе, і якая адказвае яму тым жа. І ўсё ж на першым плане – яна, любімая работа, якой адданы ўжо столькі гадоў. Дык хіба не назавеш шчаслівым такога чалавека? З прыгожым Вас юбілеем, паважаны Іван Іванавіч, і ўсяго найлепшага Вам і Вашым блізкім. Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries