Здаецца, зусім нядаўна мы ездзілі па збожжавых палях ААТ “Новая Вілія”, сустракаліся з камбайнерамі, што былі заняты надзвычайна важнай справай. Стаяў жнівень, і гэтам сказана ўсё. Непрыкметна праляцелі два месяцы, і вось мы зноў у гаспадарцы. Як і ўлетку, людзі тут заняты важнымі справамі, бо на дварэ – сярэдзіна восені. Парывістыя ветры, дажджы і першыя замаразкі нібыта папярэджваюць: не за гарамі зіма, спяшайцеся. Вось і стараюцца вяскоўцы, каб да белых мух спарадкаваць вырашчанае.
– Бульбу выбралі, з гародніны засталіся буракі з морквай, – расказаў пра клопаты гаспадаркі яе кіраўнік Андрэй Праташчык. – Цяпер заняты ўборкай грэчкі, якой у нас больш за трыста гектараў, і кукурузы (яе ў “Новай Віліі” вырошчвалі на сямістах гектарах). Што датычыць “каралевы палёў”, то на сёння (23 кастрычніка. Аўт.) у нас закладзена сем тысяч тон сіласу і яшчэ тры-чатыры тысячы тон нарыхтуем. Таксама ўбіраем кукурузу і на зерне. Вось і сёння ідуць работы на полі ля вёскі Ярмолічы, можам з’ездзіць і паглядзець. А ўвогуле, вяскоўцам адпачываць няма калі – убіраем, возім, аром, дыскуем, вывозім угнаенні… Восень жа на дварэ. Вунь, бачыце, на полі трактар удалечыні? Гэта рыхтуе глебу пад яравыя культуры адзін з лепшых механізатараў Аляксандр Дзеніскевіч.
Сучасны МТЗ-3022, на якім працуе механізатар, – машына надзейная, магутная, адпавядаючая ўсім патрабаванням сённяшняга дня. На ёй, расказаў нам трактарыст, за дзень можна 25-гектарны палетак узараць.
– Я два дзясяткі гадоў у гаспадарца працую, і восем з лішнім апошніх гадоў – на гэтым трактары, – падзяліўся Аляксандр Дзеніскевіч. – 8300 машына-гадзін прайшла машына без сур’ёзных паломак, і гэта сведчыць пра якасць прадукцыі Мінскага трактарнага завода. Айчынная машына добрая і надзейная.
Аляксандр Дзеніскевіч – унук колішняга трактарыста гаспадаркі. Як і дзед у свой час, жыве клопатамі земляроба і гэтым задаволены. А чаму б і не? Усё ў жыцці склалася добра: жыве на бацькоўскай зямлі, глыбока пусціў тут карані. Жонка Галіна таксама ў гаспадарцы працуе загадчыцай фермы. Два гады назад у Дзеніскевічаў нарадзілася першая ўнучачка. На заўвагу, што яны па ўзросце маглі б яшчэ і за бацькоў сысці, Аляксандр усміхнуўся:
– Маладымі пажаніліся. І адразу ж пасля вяселля – у поле, на працу. Так і жывём.
Механізатар лёгка ўскочыў на падножку, і неўзабаве машына кранулася, паплыла ад дарогі ў бок далёкага лесу, пакідаючы пасля сябе роўныя барозны ўзаранай раллі.
На полі ля Ярмолічаў нас чакала сустрэча з яшчэ адным перадавіком “Новай Віліі” – камбайнерам Уладзімірам Грыпінічам. На працягу многіх гадоў ён сярод перадавікоў у гаспадарцы на жніве. Вось і зараз Уладзіміру Яўгенавічу, вопытнаму і высокакваліфікаванаму спецыялісту, даверана ўборка кукурузы. Скарыстаўшыся хвілінай, калі бункер камбайна ўжо напоўніўся і экіпаж на некалькі хвілін прыпыніўся для выгрузкі, мы, як добрыя знаёмыя, пагутарылі з камбайнерамі. Разам з Уладзімірам Грыпінічам, працаваў пенсіянер Аляксандр Насадовіч, які, хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не адмаўляецца дапамагчы роднай гаспадарцы, у якой адпрацаваў каля сарака гадоў. Яго вопыт, працавітыя рукі і нераўнадушныя адносіны да справы тут цэняцца.
За некалькі хвілін перадышкі мы паспелі пагутарыць з вяскоўцамі пра іх клопаты, надвор’е і ўвогуле пра жыццё-быццё. А затым жоўты паток у пяць з паловай тон пераліўся з бункера ў кузаў трактара Уладзіміра Соніча, і машыны разышліся ў розныя бакі: камбайн – за чарговай важкай порцыяй кукурузы, трактар – з важкім грузам да азначанага месца. І так – на працягу дня. Аператыўна, без прамаруджванняў, прафесійна.
Па дарозе дадому любавалася барвова-жоўтым убраннем лесу і адзначала, што яно ўжо значна парадзела – пакінулі свой след першыя замаразкі. І міжволі прыгадаліся радкі Людмілы Воранавай:
Рыжакосай гаспадыні
Увішнай быць – не прывыкаць,
Бо, як толькі фартух здыме –
Трэба зіму сустракаць.
Што праўда, то праўда.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА