Насычанай на ўрачыста-цікавыя падзеі была для многіх жыхароў Крывальскага сельсавета мінулая субота. У гэты дзень у Рабуні адзначалі залатое вяселле Міхаіл Данілавіч і Раіса Міхайлаўна Анасовічы, з чым яны атрымалі многа шчырых віншаванняў, а жыхары вёскі Рэчкі ў гэты дзень сабраліся на свята свайго населенага пунта з нагоды яго 500-годдзя.
– Цікавымі былі гэтыя мерапрыемствы і запамінальнымі, – падзялілася ўражаннямі старшыня Крывасельскага сельвыканкама Алена Жук. – І на адным, і на другім панавала добразычліва-цёплая атмасфера, якая збліжала людзей, рабіла нібыта адной сям’ёй.
Міхаіл Данілавіч і Раіса Міхайлаўна Анасовічы – людзі паважаныя і вядомыя не толькі ў сваім сельсавеце, але і на Вілейшчыне. Галаву сям’і многія ў раёне ведаюць як былога старшыню мясцовай улады, як чалавека адукаванага, кампетэнтнага, нераўнадушнага і добразычлівага. Ім нямала зроблена для таго, каб землякам жылося лепей, камфортней. Цёпла ўзгадваюць вяскоўцы і Раісу Міхайлаўну, якая працавала ў паштовым аддзяленні. Таму святочная дата для сям’і Анасовічаў стала важнай падзеяй і для іх землякоў.
Павіншаваць юбіляраў суботнім днём прыехалі прадстаўнікі мясцовай улады, крывасельскія культработнікі, гандлёвы работнік прыватнага магазіна. Многа цёплых слоў выказалі яны юбілярам, падзякаваўшы за іх актыўную жыццёвую пазіцыю і неабыякавасць. Культработнікі падрыхтавалі для шаноўных герояў урачыстасці цікавую праграму, у рамках якой былі песні і жарты, віншаванні і вясельнае «горка», пажаданні ўсяго найлепшага і, канешне ж, падарункі, якія госці ўручылі юбілярам.
Запамінальным атрымалася і свята вёскі Рэчкі, якое ладзілася таксама ў суботу. Тут сабраліся і тыя, хто нарадзіўся ў гэтым населеным пункце, і людзі, якія параўнальна нядаўна абралі Рэчкі для пражывання. Цікавая праграма, падрыхтаваная і праведзеная работнікамі ерхаўскіх сельскага клуба і бібліятэкі, спадабалася ўсім. Па добрай традыцыі, на свяце віншавалі юбіляраў; самых старэйшых і малодшых жыхароў; сямейныя пары, якія дастойна ідуць разам па жыцці ўжо многа гадоў; сельскіх актывістаў; гаспадароў лепшых падвор’яў; самых актыўных чытачоў… Для ўсіх знайшліся цёплыя словы, падарункі, кветкі. Былі песні і вершы, ішла размова пра дзень сённяшні і мінулае населенага пункта і яго жыхароў, дзе асобнай была заўсёды хвалюючая і балючая тэма Вялікай Айчыннай вайны.
Свята закончылася, але ўспамінаць пра яго людзі будуць доўга. І будуць грэць іх вялікія пачуцці еднасці і гонару за сваю вёску, за яе працавітых і гераічных жыхароў.
Ірына БУДЗЬКО