Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Радасць і клопаты Уладзіміра Батуры

З гэтым перадавым механізатарам ААТ «Сцешыцы» мы знаёмы ўжо працяглы час. Праўда, спачатку ведала яго завочна – як лепшага камбайнера, і толькі пазней давялося сустрэцца з ім асабіста. І першае ўражанне пра Уладзіміра Васільевіча было самае прыемнае. Ведаючы сваю справу і цану ёй, надзейны працаўнік, клапатлівы і любячы муж і бацька. Усё гэта, безумоўна, выклікала вялікую павагу да гэтага чалавека.

Уладзімір і Таццяна прыехалі на Вілейшчыну з суседняй Лагойшчыны. Падкупіла тое, што ім, маладой сям’і, тут прадставілі жыллё, а гэта на той час было самае галоўнае.
– І вось ужо дванаццаты ўборачны сезон я тут, на Вілейшчыне, якая стала нам радзімай, — расказвае Уладзімір Васільевіч. – Дом нам выдзеліла гаспадарка, забяспечыла нас работай. Тут наша сям’я стала мнагадзетнай – выхоўваем з Таццянай пяцёра дзяцей.

передовик жатвы

Пры ўпамінанні пра дзяцей у голасе бацькі пачула цёплыя ноткі. Што і казаць, імі бацькі могуць ганарыцца. Старэйшая, Крысціна, вучыцца ў педагагічным універсітэце, Вераніка марыць звязаць сваё жыццё са службай у арміі ці міліцыі, таму паступіла вучыцца ў абласное кадэцкае вучылішча. Сын Васіль, які быў памочнікам у бацькі-камбайнера, зараз служыць у арміі, а да гэтага ўжо паспеў закончыць політэхнічны каледж і паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. Дома засталіся толькі шасцікласніца Ульянка і першакласнік Ягорка, які, дарэчы, марыць стаць камбайнерам, як і тата.
– Ён ужо добра ведае, дзе які рычажок і для чаго патрэбен, – смяецца Уладзімір Васільевіч. – Як, бывала, і Вася, калі быў у такім узросце… А падрос – стаў памочнікам. Ды што ўжо казаць пра хлопцаў – сёлета і Вераніка захацела дапамагчы мне на камбайне. Нялёгка, сказала, але ж ёй спадабалася. Нават гайкі круціць паспрабавала…

Пастаянна занятыя нялёгкай працай, Уладзімір Васільевіч і Таццяна Уладзіміраўна сталі жыццёвым прыкладам сваім дзецям, якія выраслі ім добрымі памочнікамі. Улетку, калі старэйшыя дома, бацькі асабліва адчуваюць іх дапамогу і дома, і на працы. Занятым ад цямна да цямна (Таццяна Уладзіміраўна таксама ў гаспадарцы, загадвае фермай), Батурам старэйшым яшчэ трэба ўпраўляцца і з жыўнасцю на сваім падворку. Канешне ж, дапамога дзяцей тут вельмі дарэчы.
І зноў разгаварыліся пра ўборачную. Дванаццаць сезонаў адпрацаваў Уладзімір Васільевіч на сваім камбайне. Пачынаючы з уборкі рапсу і заканчваючы кукурузай, шчыруе ён на палях. Вясной жа садзіцца на «Расу», за ім замацаваны хімпраполкі. Не сядзіць без справы і зімой, часцей за ўсё працуе на кормараздатчыку. Такі вось кругазварот атрымліваецца. А калі ж адпачывае?

– У сельскай мясцовасці жывучы, пра гэта неяк і не думаеш, – засмяяўся Уладзімір Васільевіч. – Праўда, на сямейныя паездкі ці на экскурсіі з дзецьмі ў цырк, час стараюся знаходзіць. Гэта звычайна тады, калі стаўлю на захоўванне камбайн.

Праца Уладзіміра Батуры высока ацэнена: акрамя шматлікіх грамат і падзяк, ён удастоены медаля «За працоўныя заслугі». Узнагароду камбайнеру ўручыў сам Прэзідэнт, падзякаваўшы за сумленную працу і пажадаўшы новых дасягненняў. Гэтым і кіруецца Уладзімір Батура ў жыцці.

Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: Уладзімір Батура.
Фота з архіва рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 63 queries