Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Праздник деревни Витовцы собрал всех, кому дорога малая родина

У мінулую суботу адбылося свята вёскі Вітаўцы. Гасцямі свята сталі мясцовыя жыхары, іх дзеці, унукі і праўнукі тых, хто жыў у вёсцы, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі. Пра тое, як святкавалі, расказала бібліятэкар Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Галіна МАЙХЕРСКАЯ:

– Пасля экскурсу ў мінулае Вітаўцаў хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, успомніўшы імёны тых, хто абараняў свой родны край. І былых аднавяскоўцаў, каго сёння няма.

На свята сабраліся прадстаўнікі роду былога ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Казіміра Дубаневіча. Да землякоў звярнуўся са словамі віншавання са святам і падзякі яго арганізатарам за магчымасць сустрэцца з землякамі сын Станіслаў. А праўнук Андрэй праспяваў песню пра Беларусь.

Сёння і ва ўсе часы галоўным багаццем роднай вёскі былі лю­дзі, якія шчыравалі ў гаспадарцы, на палетках, на фермах, у клубе, бібліятэцы, школе, аддаючы ўвесь запал сваёй душы справе і не задумваючыся над тым, што сваёй працай множылі славу не толькі вітаўскай зямлі, але і ўсяго раёна. Успомнілі Марыю Карпаўну Пагуда, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, кавалера ордэна Леніна, якая некалі ўзначальвала брыгаду «Вітаўцы». А ўраджэнка вёскі Тэрэза Савіцкая з павагай і цеплынёй успомніла сваіх падначаленых – даярак і жывёлаводаў мясцовай фермы. Іх работа патрабавала многа сілы: рана ўстаць, позна легчы. Але яны паспявалі ўсё: і дзяцей дагледзець, і сваіх пажылых бацькоў, і гаспадарку. Іх добрасумленная праца была заўсёды прыкладам для моладзі.


І сем’і былі немалыя. У многіх з іх гадавалася пяцёра і шасцёра дзяцей.
Самаму старэйшаму жыхару вёскі Юзафу Дубаневічу споўнілася 90 год, а самай малодшай Настачцы Фонташ – 3 гады. Старшыня Даўгінаўскага сельскага Савета Аляксандр Маліноўскі ўручыў ім падарункі. А таксама адзначыў лепшыя падвор’і, гаспадары якіх таксама атрымалі падарункі. Павіншавалі і старажылаў, якія прысутнічалі на свяце – Ніну Андрэеўну Дубаневіч і Ванду Ігнацьеўну Канэцкую.


Цэнтрам культуры для вяскоўцаў былі клуб і бібліятэка. З цеплынёй успаміналі кіраўніка ўсіх свят Яўгенію Адольфаўну Гурновіч – чалавека высокай культуры, маральнай чысціні, добрай, уважлівай і чулай да людзей, якая заўсёды імкнулася ў той час зрабіць жыццё вітаўчан цікавым, разнастайным.


Успомнілі пра пачатковую школу, якая дала пуцёўку ў жыццё не толькі вітаўчанам. А сеялі разумнае, добрае, вечнае Софія Авяр’янаўна Лапінская, Тамара Іванаўна Юркевіч, Іван Іванавіч Юркевіч, Ніна Пятроўна Кратовіч. Многія з іх выхаванцаў выбралі прафесію настаўніка.


Змяніўся твар вёскі Вітаўцы за некалькі апошніх гадоў! Ціха і хораша ў гэтым ужо напаўпустым куточку… І ў той жа момант ужо не цяжка ад усведамлення, што вёсачка – такая любімая і родная, не стаіць на шляху да знікнення… Яе трымаюць нашчадкі, яе аднаўляюць так называемыя дачнікі. І яны ўжо нашы, вітаўчане…
А потым усе ўдзельнікі і госці свята сабраліся за гасцінным сталом. Дзень аказаўся кароткім, бо нашым успамінам не было канца…


Каб свята адбылося яркім, запамінальным, кранаючым душы і цёплым, шмат папрацавалі дырэктар Даўгінаўскага сельскага Дома культуры Алена Гойлік са сваімі артыстамі , бібліятэкар Даўгінаўскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Іна Лісіца , бібліятэкар Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Галіна Майхерская, якая прэзентавала сваю кнігу «Тут крынічка мая, тут бацькоўскі выток. Вітаўцы: гісторыка-краязнаўчыя матэрыялы» і, канешне, самі жыхары вёскі Вітаўцы, шчырыя, улюбёныя ў жыццё і сваю малую радзіму людзі.


Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 48 queries