З такой устаноўкай працуе галоўны аграном філіяла “Бубны” УП “Мінгаз” Сяргей Іваніцкі, які прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва сярод галоўных аграномаў Вілейшчыны. А гэта да многага абавязвае.
У дзяцінстве хлапчук з Магілёўшчыны, канешне ж, не мог і думаць, што звяжа свой лёс з сельскай гаспадаркай і будзе працаваць на Міншчыне, у Вілейскім раёне. Чаму ён выбраў справай жыцця клопаты аграрыя?
– У нейкай меры дзякуючы маёй бабулі, у якой часта праводзіў час, – расказвае Сяргей Валер’евіч. – Яна была даяркай. І яшчэ якой! Яе шматгадовая старанная праца была адзначана высокай урадавай узнагародай. Канешне ж, я заўсёды ганарыўся бабуляй і, напэўна, падсвядома пераймаў яе адносіны да даручанай справы. А яшчэ я з дзяцінства вельмі люблю прыроду, і гэта яшчэ адно тлумачэнне майго выбару прафесіі.
Сёмы год Сяргей Іваніцкі працуе у Бубнах. Пачынаў аграномам-аграхімікам, дарос да галоўнага агранома. Канешне ж, з гэтым ростам дадалося спраў і адказнасці, і ён гэта разумее. Клопатаў у агранома хапае, толькі спраўляйся. А каб справы ладзіліся, патрэбны не толькі старанне ды вопыт, але і глыбокія веды. Таму Сяргей паступіў у сельгасакадэмію, завочную вучобу ў якой паспяхова сумяшчае з працай ды сямейнымі клопатамі. І ўсё ў яго атрымліваецца.
– Калі шчыра, то мне пашчасціла і з працоўным калектывам, і з кіраўніцтвам, –
прызнаўся Сяргей Валер’евіч. – З Аляксеем Мікалаевічам (дырэктар філіяла Раманюк. – Аўт.) працуецца камфортна, ён прафесіянал сваёй справы, заўсёды параіць, растлумачыць, падтрымае. А такое ўзаемаразуменне вельмі важнае для нашай агульнай справы.
Любімая прафесія, моцная сям’я, паразуменне ў калектыве – усё гэта, зазначыў
Сяргей Іваніцкі, у яго ёсць. Застаецца толькі старанна працаваць, расці ў прафесіі і дасягаць высокіх вынікаў у працы. З такой устаноўкай галоўны аграном і працуе.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва рэдакцыі