– Можа, калі тут і былі мядзведзі, – схільныя да жартаў мясцовыя жыхары Мядзведзіна так каментуюць назву ўрочышча. Менавіта ў гэтых ваколіцах адбываецца самая значная дзея вясны – сяўба. Каму даверыць яе, як не лепшаму механізатару райаграсэрвіса? Аляксандр Сняткоў зарэкамендаваў сябе сапраўдным майстрам сваёй справы. І славу лепшага сеяльшчыка дзеліць на дваіх. З Паўлам Бабарыкам, які на такім жа агрэгаце вядзе сяўбу ў ваколіцах Талуці, – расказвае кіраўнік падсобнай гаспадаркі «Асіпавічы» Аляксандр Альфер.
Тое,што дзеецца сёння на палетках, ад людскога вока не схаваеш. Нездарма ў народзе кажуць: веснавы дзень год корміць. Так яно і ёсць. Прамарудзіш з падкормкай азімых – прапусціш самы той час, калі расліна нарошчвае корань. І страціш добрую частку ўраджаю. Па сведчанню Аляксандра Альфера, азімыя ў райаграсэрвісе азотам падкармілі своечасова. Наступны этап, які зараз вядзецца ў акцыянерным таварыстве, – хімпраполка: важны момант абароны пасеваў ад шкоднікаў раслін.
У арганізацыі – дзве «Расы» – агрэгаты для распылення мінеральных угнаенняў. І задзейнічаны яны ў поўнай меры.
Як заўсёды, у дапамозе не адмовіў горад. Цэнтр занятасці выдзеліў добраахвотных памочнікаў для збору камення. А Вілейскі дзяржаўны каледж прадаставіў транспарт. І гэтая ўсеагульнасць радуе і натхняе. Бо ёсць такія моманты ў хлебаробскім жыцці, калі актуальная зацікаўленасць усіх. Колас выспявае пад небам,якое належыць кожнаму. І хлеб на стале – таксама.
А ў Андрэя Занкавіча, які падводзіць сеяльшчыку пасяўны матэрыял – першая ў полі вясна. Няхай яна стане для яго ўдалым хлебаробскім стартам.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА