Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пераднавагоднія сустрэчы з юбілярамі «Нарачанскіх зораў»

Тры жытнія каласкі ў саламяным гарлачыку, змайстраваным рукамі мясцовай умеліцы, – як сімвал лёсу гаспадара кабінета. Лёсу, які моцна схоплены повяззю духоўнай еднасці з зямлёй. Так спавівалі калісьці перавяслам жніўны сноп. І Генадзь Кучко, патомасны селянін, захоўвае ў памяці тыя часы. Больш чвэрці века ён у «Нарачанскіх зорах». За той час, аддаючы даніну павагі эканамічным ператрусам, гаспадарка змяніла некалькі форм уласнасці, але, дзякуючы таленту і дару прадбачання свайго кіраўніка, не памяняла галоўнага – свайго статусу лепшага сельгаспрадпрыемства раёна, валаўтвараючага – на рэспубліканскім узроўні. Сёння адкрытае акцыянернае таварыства «Нарачанскія зоры» атрымоўвае штодня 23,8 тоны малака, а гэта 18 працэнтаў ад агульнага сутачнага надою раёна. Ды і ў пераліку на карову тут за год надоена 6130 кілаграмаў.

Цікава, што «Нарачанскія зоры» яшчэ ў 2009 годзе ўзвялі на ферме «Рускае Сяло» даільны зал, папярэдне правёўшы на ёй рэканструкцыю. Задаволены вынікамі, Генадзь Мечыслававіч з уласцівай яму загадкава-іранічнай усмешкай,заўважае: – Якасць малака і надоі павысілі. Але пачынаюць з’яўляцца новыя тэхналогіі . – Робаты? – Ведаеце, які тэрмін іх акупляльнасці? Каля сямі год. Эканомны гаспадарнік будзе шукаць іншыя варыянты. Ведаю, што свой першы ў раёне даільны зал таварыства пачало ўзводзіць пасля паездкі Генадзя Мечыслававіча ў Германію. Магчыма, наступныя навінкі з’явяцца ў актыве «Нарачанскіх зор» пасля далейшых канструктыўных ваяжоў кіраўніка за вопытам і ведамі. Агульнавядома, што працэс пазнання бясконцы. Мой суразмоўца не губляе канву гутаркі, хоць апошняя час ад часу перарываецца тэлефоннымі званкамі. Бы тая каляровая нітка на выцінанцы, не выходзячы аднак за межы сюжэтнай задумы стваральніка. Запраграмаваны на сёння сюжэт – стан святочнага прадчування ў калектыве нарачанцаў, некаторыя з якіх калядныя святы сумяшчаюць са сваімі круглымі ці паўкруглымі датамі. – Прабачце, Генадзь Мечыслававіч, вельмі трыдыцыйнае пытанне: чым адметны быў для Вас мінулы год? І ладны адрэзак жыцця даўжынёю ў шэсць дзесяткаў? – імкнуся перавесці наш дыялог у бытавое рэчышча. Бо менавіта яно, як бруістая рака, узнімае на паверхню сваёй плыні ўсё самае патаемнае, унутрана ўласцівае чалавеку. – Нармальны быў год, – усміхаецца мой суразмоўца. – Унук Серафім нарадзіўся. Гэта сына Аляксея сын. Дачка Вольга, яна служыць у Маладзечанскім райаддзеле ўнутраных спраў, званне маёра міліцыі атрымала… – І адразу, без усялякага пераходу, нібы даючы зразумець, наколькі цесна перапляліся ў яго жыцці асабістае і грамадскае, дадае: – Травы ўрадзілі, кармоў маем многа. Зерня кукурузы вал – вышэй мінулагодняга. – І – зноў без пераходу, – усё праляцела імгненна, як адзін дзень. Адны думкі: аб вытворчасці, аб людзях, аб зямлі… На вольнае жыццё мала што заставалася. – Калі б мог быць выпушчаны такі своеасаблівы даведнік кіраўніка, на якой яго галоўнай якасці павінны б былі акцэнтаваць увагу складальнікі? – Для кіраўніка найважнейшае – эканамічная кампетэнтнасць. Бачыце, у мяне на стале папка з банкаўскімі выпіскамі. Па іх бачу штораніцы, куды і якія грошы пайшлі. Зыходзячы з іх, планую дзённы і перспектыўны рух сродкаў… Эканамісты гаспадаркі падлічылі сярэднемесячную зарплату ў таварыстве. Яна склала больш за чатыры мільёны рублёў. Не будзем сумнявацца, што абжытыя куткі новых сяліб у Нарачы – гэта вынік тых мер матэрыяльнага заахвочвання, якія даўно запісала сабе ў актыў сельгасарганізацыя. Узводзіцца новы пасёлак у Маргах, спадарожніку аграгарадка. Вёска размешчана сярод старарэчча. Тут у сівую даўніну пралягала рэчышча Нарачанкі. У петлях-затоках, паміж зараснікаў лазняку, можна рыбачыць, чым і займаюцца перасяленцы-дачнікі. – Выйшаў з хаты – злавіў рыбу, – жартуе Генадзь Мечыслававіч. – З хаты сапраўды выйшла, угледзеўшы гасцей, маладая абаяльная жанчына. Таццяна Кунавіч – па прафесі бухгалтар. Закончыла Навапольскі каледж. Цяпер – у дэкрэтным водпуску. Чакае на абед мужа Васіля, які працуе вадзіцелем у «Нарачанскіх зорах». Дом сядзібнага тыпу, толькі такія ўзводзіць цяпер таварыства, выдае дбайны характар гаспадароў. Перакапаны пасля збору ўраджаю гародчык, свежыя яловыя лапкі хаваюць далікатныя парасткі пладовых дрэўцаў. Гаспадар спраўна выконвае свой мужчынскі абавязак. Дачку нарадзіў, дрэвы пасадзіў. Застаецца чакаць сына. Гаспадыня сарамліва ўсміхаецца на наш больш чым празрысты намёк. …Новы пасёлак выгінаецца падковай уздоўж прасёлкавай дарогі. На даляглядзе выступае блакітны сілуэт царквы… У гэткай жа прывіднай дымцы бачыцца Леаніду Радзевічу, мясцоваму механізатару, яго родная вёска Мацавічы. Цяпер яго сям’я жыве ў Рускім Сяле. Але шторанку, выйшаўшы на ганак, ён колькі хвілін узіраецца ў далягляд, у абрысы хат, у адной з якіх гушкалася яго дзіцячая калыска, дзе і цяпер жыве маці, некалі – калгасная даярка. Леанід у гэтыя калядныя дні адзначае свой 55-гадовы юбілей. І кіраўнік таварыства нагадвае яму, што «Нарачанскія зоры» памятаюць гэту дату. Яна наступіла яшчэ і для Раісы Чабатар, заатэхніка-селекцыянера і аднакласніцы Леаніда. – Тут першыя сцежкі мае, – вочы жанчыны становяцца задумнымі. Іх позірк скіраваны, здаецца, унутр уласнага сэрца. А ў ім – радасць і гонар за дзетак. Трое іх выгадавалася ў сям’і, усе вызначыліся з выбарам. І, хоць дарослыя, па-ранейшаму за кожнага баліць душа. Раіса Іванаўна ўспамінае, як з галоўным заатэхнікам таварыства Аркадзем Ігнатовічам наладжвалі работу даільнай залы, як на кожную кароўку складалі своеасаблівае дасье, займаліся пастаяннай сартыроўкай жывёлы, забяспечваючы мабільнасць груп запуску, раздою, навацельных. Сучасныя тэхналогіі патрабуюць наватарства і ад селекцыянераў. Самае цікавае, што ў сельскую гаспадарку Раіса Іванаўна прыйшла з гандлёвай галіны. А Гродненскі сельгасінстытут заканчвала заочна ўжо будучы сямейнай жанчынай. … Над Нараччу – сонца. Яго промні палошчуцца ў ізумрудных хвалях азіміны. Густыя ўсходы, дружныя. Хлебаробы зноў змогуць спадзявацца на добрую ўдзячнасць зямлі. Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries