Вёска жыве звыклымі сялянскімі клопатамі. А іх вясною хапае: узараць, падкарміць, пасеяць, дагледзець… Толькі паспявай, земляроб, шчыраваць з ранку да вечара дзеля высакароднай мэты – каб багатым і разнастайным быў наш агульны стол.
Тыя, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы, добра ведаюць, наколькі нялёгкія яны, клопаты земляроба, таму кожны раз, беручы кавалачак хлеба, у думках дзякуюць працавітым землякам. Але ж ёсць і такія, хто наўрад ці ўяўляе, колькі працы і поту працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны ў звыклых бохане хлеба, кубку малака, якія штодзённа ёсць на стале. А трэба б усвядоміць, што хлеб не расце на дрэве, і навучыцца дзякаваць тым, хто яго нам дае.
Пакуль гараджане грэюцца ў шчодрых промнях па-летняму яркага сонца, на палях кіпіць работа. З раніцы да вечара ракочуць трактары і гудуць машыны – гэта робяць сваю адвечную справу аграрыі, карыстаючыся кожнай пагодлівай гадзінай. У гэтай нялёгкай працы ўжо вызначыліся і пераможцы. Адзначыць іх працу і прыняў рашэнне Вілейскі райкам прафсаюза аграпрамысловага комплексу, які хадайнічаў аб заахвочванні лепшых працаўнікоў гаспадарак, якія вызначыліся на веснавой пасяўной, падзячнымі лістамі Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК.
На днях наш раён наведаў галоўны тэхнічны інспектар працы Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Мотуз, які разам са старшынёй раённага галіновага прафсаюза Леанідам Радзевічам наведаўся ў гаспадаркі, дзе працуюць перадавікі пасяўной, і ўручыў ім падзячныя лісты абласнога прафсаюза. Узнагародаў удастоены два працаўнікі вілейскай нівы: трактарыст-машыніст ААТ «Новая Любанія» Уладзімір Апанасёнак, які стаў пераможцам на падрыхтоўцы глебы пад сяўбу, і яго калега з ААТ «Нарачанскія зоры» Аляксандр Даўгучыц, які вызначыўся на ўнясенні арганічных угнаенняў. І пра Уладзіміра Францавіча, і пра Аляксандра Аляксандравіча наша газета ўжо пісала, адзначаючы іх прафесіяналізм, адданасць справе і сціпласць. Кожны з іх за час працы ў гаспадарцы зарэкамендаваў сябе адказным і надзейным работнікам. Даручаная ім тэхніка заўсёды ў належным стане, што, безумоўна, спрыяе дасягненню высокіх вынікаў.
Так, Уладзімір Апанасёнак, працуючы на пасяўной-2018 на падрыхтоўцы глебы, выконваў даведзенае яму заданне на 103 працэнты (на 2 мая гэтага года). А Аляксандр Даўгучыц, які на сваім МТЗ-892 уносіў арганіку, перавыконваў даведзеныя яму дзённыя нормы больш чым на 50 працэнтаў і на 2 мая ўнёс 7438 тон угнаенняў.
Перадавікоў віншавалі і Аляксандр Мотуз, і Леанід Радзевіч, і калегі, і кіраўніцтва гаспадарак, дзе яны працуюць. Ёсць першыя дасягненні, а колькі іх яшчэ наперадзе!
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадстаўлена Леанідам РАДЗЕВІЧАМ