Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Павіншавалі перадавікоў жніва і ўручылі ім сувеніры

Спякотнай жнівеньскай раніцай агітбрыгада, у складзе якой была і я, трымала курс на Вязыншчыну. У галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольгі Яўгель была звыкла-адказная роля – ад імя кіраўніцтва раёна павіншаваць перадавікоў жніва і ўручыць ім сувеніры. Не менш адказная функцыя і ў артыстаў Палаца культуры, якія закліканы ствараць хлебаробам адпаведны настрой, дадаваць у працоўныя будні святочнасць, даваць бадзёрасць і аптымізм. На гэты раз гэтую адказную ролю ў агітбрыгадзе выконваў Леанід Гайчук.
У «Вязынскім-агра» пашанцавала частку перадавых камбайнераў застаць на мехдвары. Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Іосіф Шакель уводзіць нас у курс справы:
– Сёння (8 жніўня. Аўт.) узяліся жаць жыта ля Паняцічаў. Ужо поўнасцю ўбраны ячмень, авёс і рапс. Чакаюць свайго часу жыта, трыцікале, яравая пшаніца, зернебабовыя. І грэчка таксама, якой маем сёлета 130 гектараў. Тэмпы ўборкі нармальныя, толькі б не падводзіла нябесная канцылярыя. У перадавіках сёлета камбайнавыя экіпажы Уладзіміра і Мікалая Грыпінічаў, Алега Буслаўскага з памочнікам Дзмітрыем Сарокам, Міхаіла Усціновіча з Валерыем Сухім. Сярод вадзіцеляў лідзіруе Анатоль Сухі.
І вось яны, перадавыя працаўнікі гаспадаркі. Вольга Яўгель не абмежавалася проста віншаваннямі, а кораценька расказала аб ходзе ўборкі ўраджаю ў раёне і ў вобласці, адзначыўшы, што Міншчына лідзіруе сярод іншых абласцей. А затым і сувеніры (кубкі з надпісам-напамінкам пра чэмпіянат свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску, і інвестыцыйныя атласы «Вілейскі раён») уручыла на памяць.
– О, а кубак якраз дарэчы, – весела сказаў Валерый Сухі. – Мой учора якраз разбіўся…
Загучала, закрануўшы самыя патаемныя струны душы, лірычная песня пра жоўтае лісце, што павольна ападае ў забытым садзе… На звонкі голас Леаніда Гайчука пачалі сцякацца і тыя, хто быў воддаль. А артыст парадаваў іх яшчэ і вясёлай «Птушкай шчасця», якая абавязкова будзе ў кожнага. Трэба толькі жадаць гэтага, старанна працаваць і верыць.
Далей нас чакала «Новая Вілія», дзе таксама ўжо вызначыліся свае пераможцы на жніве. Гэта сямейныя экіпажы ў складзе Андрэя і Івана Кавалевічаў, Уладзіміра і Дзяніса Шчаковічаў, Леаніда Лашуткі і Рамана Казакова. На адвозцы вызначыліся вадзіцелі Міхаіл Жаўняровіч, Іван Шыцік і Анатоль Дзятко.
…Па бяскрайнім збожжавым полі плывуць яны, машыны-волаты, за штурваламі якіх – працавітыя, адданыя зямлі і хлебу людзі.
– Толькі ўрэзаліся хлопцы, кожная хвіліна на ўліку, – заўважыў начальнік участка Пётр Петрусевіч, нібыта даючы зразумець, што часу на доўгія размовы не будзе. І тут жа падзяліўся: – Пшаніцу ўбіраем, думаю, атрымаем з гэтага поля па 35 цэнтнераў з гектара. Убралі жыта. Ураджайнасць азімых, мяркуем, будзе каля 25 цэнтнераў з гектара.
Пакуль мы віншавалі перадавікоў, да Пятра Віктаравіча пад’ехаў на веласіпедзе яго ўнук Павел. Гарадскі хлапчук, а на полі, ля камбайнаў, напэўна б, і заначаваў. І столькі радасці чулася ў голасе дзядулі! Маўляў, не глядзіце, што гарадскі хлапчук. А з душой вяскоўца.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Сяргея Бядрыцкага

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries