Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пашана і ўдзячнасць

Гарадскі пейзаж змяніў маляўнічы вясковы краявід – ізноў агітбрыгада райвыканкама выправілася ў дарогу. На гэты раз наш шлях ляжаў у «Алую зару», на палетках якой, як і ўсюды на Вілейшчыне, зараз сеюць.
Першым прыпынкам абранага маршруту стаў мехдвор у Ерхах. Тут нас – галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Вольгу Яўгель, артыстаў аддзела культуры Марыну Заяц і Леаніда Гайчука, а таксама аўтара гэтых радкоў – ужо сустракалі працаўнікі гаспадаркі. Нагода сустрэчы была прыемная – спяшаліся ўручыць лідарам пасяўной кампаніі падзякі старшыні райвыканкама. Першым такую падзяку атрымаў малады механізатар Ігар Саковіч. Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Нібы пра яго гэта сказана. Стараецца, як кажуць, трымаць марку – вось па справе і пашана. Для Ігара прагучала музычнае віншаванне, а для Мікалая Казімірскага, учарашняга юбіляра, – «Сто лят» ў выкананні артыстаў.
Наступнай кропкай на нашым маршруце стала поле пад Гарадзілавічамі. На «Беларусе» – добра знаёмы нам Ігар Чайкоўскі. Гэта ён па выніках мінулагодняга жніва стаў уладальнікам прыза «Шляху перамогі» – «За адданасць полю». І яно, відавочна, яго стыхія, бо не адразу спыніў ён работу і пакінуў кабіну свайго адмыслова аздобленага («цюнінгаванага») трактара. Як узнагарода за сумленную працу – удзячныя словы Вольгі Яўгель і традыцыйны музычны падарунак пад акампанемент баяна. Здавалася, не паспелі яго гукі яшчэ растварыцца ў ясным веснавым небе, як прадоўжыў звыклую вясеннюю працу Ігар Чайкоўскі, а мы рушылі далей – да поля за Путрычамі, дзе працаваў яшчэ адзін малады механізатар, лідар сёлетняй сяўбы – Андрэй Мінчык, прадаўжальнік вядомай працоўнай дынастыі. «Настрой – на працу!» – адрапартаваў Андрэй на маё пытанне і, падалося, трохі разгубіўся, атрымоўваючы падзяку, падпісаную старшынёй райвыканкама. А да пажадання далейшых працоўных поспехаў і сямейнага дабрабыту дарэчы аказаўся і музычны падарунак. Песня ж, як вядома, дапамагае і будаваць, і жыць, і – перайначу вядомыя ўсім радкі – сеяць.
У лідарах, у асноўным, маладыя і надзейныя працаўнікі. Яны, кожны на сваім месцы, выконваюць надзвычай важныя задачы. А гэта ўжо многага варта.
Таццяна ШАРШНЁВА. Фота аўтара.





Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries