Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Памяць пра загінуўшых у вайну павінна жыць у нашых сэрцах

Помнікі загінуўшым у вайну. Іх у раёне нямала. І кожны раз, калі стаіш ля абеліска і чытаеш выбітыя на ім прозвішчы, міжволі думаеш пра тых зусім незнаёмых людзей. Маладыя, яны, канешне ж, вельмі хацелі жыць, кахаць, гадаваць дзетак. Але ўсё перакрэсліла страшная вайна… Не ведаю, як хто, а я заўсёды думаю адно і тое ж: якімі былі апошнія хвіліны чалавека? Як сустрэў сваю смерць? І што бачыў у апошнія імгненні? Можа, позірк затрымаўся на вось тым высачэнным старым дубе, які стаіць зараз і, напэўна ж, стаяў тут семдзясят гадоў таму? А можа, глядзеў у бязмежны блакіт неба і рэдкія воблачкі на ім? Хто ведае…
Едучы ў вёску да бацькоў, заўсёды затрымаю позірк на помніку ў вёсачцы Рэчкі. Сюды калісьці мы, вучні пачатковай школы, прыязджалі кожны год на Дзень Перамогі і ўскладвалі вяночкі, якія плялі сваімі рукамі з першых веснавых кветак. Вось і нядаўна па дарозе на малую радзіму зноў убачыла помнік і прыгадала незабыўныя гады дзяцінства. На свята Перамогі сюды прыйдуць сённяшнія школьнікі, якіх, як і нас, не пакінуць раўнадушнымі і словы, выбітыя на абеліску, і сам ён, абноўлены да вялікага свята. Чые ж, цікава, старанныя рукі тут папрацавалі? Шукаючы адказ на гэта пытанне, патэлефанавала ў Крывасельскі сельскі Савет. Старшыня Ірына Супрановіч задаволіла маю цікаўнасць:
– Агульнымі сіламі наводзім парадак. Так, на суботніку мы, калектыў сельвыканкама, работнікаў культуры, бытавога абслугоўвання, Ерхаўскай бібліятэкі, Рабунскай школы, добраўпарадкавалі многія тэрыторыі, фарбавалі і бялілі платы. Вось і помнікі ў Рэчках, Крывым Сяле і Ерхах таксама абнаўлялі. Сёлета, у юбілей Вялікай Перамогі, гэтаму надаём асаблівае значэнне.
Старанні старшыні мясцовай улады адзначаюць вяскоўцы.
– Многае робіцца ў вёсках па добраўпарадкаванні, – адзначыла жыхарка вёскі Рэчкі Леаніла Бычак. – І сама старшыня ўсюды паказвае прыклад. Яна не толькі словам ды парадай дапаможа, але і справай: то голле разам з намі ўбірае, то сетку-агароджу дапамагае паставіць. Карацей, надзіва чулая, працавітая і простая ў зносінах жанчына. За гэта мы, жыхары нашай і навакольных вёсак, цэнім яе і дзякуем ёй.
Ды вернемся зноў да таго, з чаго пачыналі. Памяць пра загінуўшых у вайну. Яна павінна жыць у нашых сэрцах. І не проста жыць, а быць удзячнай ім, хто ўжо даўно стаў, як спяваецца ў вядомай песні, «зямлёй і травой»… Адноўленыя помнікі, добраўпарадкаваныя тэрыторыі ля іх даказваюць, што, нягледзячы ні на што, ўдзячная памяць жыве.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Крывасельскім  сельсаветам

br /

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries