Нарыхтоўка кукурузы на сілас ідзе ў гаспадарках раёна поўным
ходам. 140-гектарнае поле каля аг. Крывое Сяло здаецца бязмежным.
Але толькі не для механізатараў СУП «Усходні -Агра» Валерыя Хоміча
і Аляксандра Дзяругі. Два іх корманарыхтоўчыя камбайны метадычна плывуць па полі, пакідаючы за сабой толькі самы ніз кукурузнага сцябла.
На кукурузным полі СУП “Усходні-агра” галоўны аграном гаспадаркі Пётр Вяжэвіч
Поле голіцца, а зяленая маса патокам льецца ў грузавікі, што рухаюцца трошкі наперадзе камбайна, спраўна змяняючы адзін аднаго. Два камбайны абслугоўваюць шэсць машын на адвозцы.
– Дзён за пяць убяром гэты ўчастак, – мяркуе галоўны аграном гападаркі Пётр Вяжэвіч. Ён расказвае, што пакуль убрана 70 гектараў з 450, на якіх расце ў сельхозпрадпрыемстве «царыца палёў».
– Пакуль ураджайнасць не надта высокая, каля 280 цэнтнераў з гектара, але гата пакуль. Мы пачалі ўбіраць з горшых дзялянак, але ўжо тут, на гэтым полі, бачна, што ўраджайнасць пойдзе ўгору, – гаворыць Пётр Леанідавіч. Па яго разліках, больш за 350 центнераў з гектара атрымаюць. Гэты год на кукурузу, лічыць ён, будзе у гаспадарцы нядрэнны.
Сіласам з «калякрывасельскага» поля запоўняць дзве ямы па дзве тысячы тон кожная.
А вось кукуруза на зерне ячшэ спее. На гэтыя мэты у гаспадарцы трымаюць каля сотні гектараў.
– Сёння яна яшчэ занадта вільготная, каля 45-50 працэнтаў. Спадзяёмся, надвор’е паспрыяе. А пакуль хапае працы на нарыхтоўцы сіласа. Паралельна рыхтуем яшчэ і сенаж. Шэсць тысяч ужо закладзена. Яшчэ тысячу нарыхтуем канюшынай. Вось, глядзіце, хлопцы таксама працуюць, – Петр Леанідавіч паказвае на механізатараў, якія працуюць на суседнім полі. Яны прэсуюць сянаж у рулоны і пакуюць у палімерную плёнку.
Ірына ТРУБАЧ. Фота Веранікі СТАЦІНА