Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

#пайсці ў Будслаў

Ідзеш па полі, спіш пад ліпай або мыешся ў выпадковага гаспадара – усё адно рухаешся наперад. З малітвай смачнейшая каша, хутчэй пераадольваецца дарога, а яна доўгая. Невядомая, няроўная, з крутымі паваротамі і абшарамі. Дарога – жыццё. І, калі ведаеш, куды ідзеш, калі ёсць мэта, ідзецца лягчэй. Пілігрымы з розных куткоў краіны напачатку ліпеня аб’ядналіся адной мэтай – прайсці доўгі шлях да галоўнай святыні каталіцкай Беларусі, Будслаўскай іконы Божай Маці.

Мне ўпершыню давялося далучыцца да пілігрымкі. Хоць і не на вялікую адлегласць, аднак, эмоцыі і атмасфера, што панавала над намі, застануцца назаўжды. Застаць паломнікаў давялося ў в. Рэчкі (аўтар артыкула тут жыве). Невялікая група са Смаргоні, знаёмыя твары, шчырыя ўсмешкі, так атрымалася, што наша вёска вельмі палюбіла прымаць да сябе гэтых людзей, нягледзячы на рознасць канфесій.


ГУЛЬНЯ Ў ШЧАСЛІВЫ БІЛЕТ, ЧАРОЎНАЯ ПРАЦЭСІЯ І ДОБРЫ ЗНАК НА НЕБЕ

Мясцовыя жыхары з цікавасцю падыходзяць да школьнага дварышча, за плотам якога чуюцца спевы. Днём пілігрымам выпала магчымасць памыцца ў лазні некалькіх гаспадароў Рэчак, паабедаць, чым пачастуюць у хаце, і пагуляць па прасторах маленькай, але працяглай вёскі. Увечары госці пакажуць вяскоўцам прадстаўленне. Збоку чую размову трох мясцовых дзяўчат пяці-дзесяці год. Хвалююцца перад выступленнем. “Хіба вы будзеце выступаць разам з пілігрымамі?” – пытаюся. Дакладна, дзяўчатам так спадабаўся канцэрт з мінулага года, што цяпер кожная з іх падрыхтавала асабістае выступленне.

Нарэшце, з мікрафону жаночы голас папрасіў усіх сабрацца на стадыёне, пажылым вяскоўцам прапанавалі табурэт, моладзь размясцілася на паходных дыванках. Паломніца Вольга са Смаргоні запрасіла мяне на свой кілімок, мы пазнаёміліся:

– Ведаеш, я ўжо чацвёрты год іду. Першы раз пайшла, калі споўнілася дзесяць. Кожны раз як новы: знаёмства з людзьмі, пазнанне навакольнага свету і сябе. Больш адкрываешся знутры, калі знаходзішся ў дарозе, далёка ад дому, спіш у полі, еш пад небам… А натхнілі людзі, такія ж пілігрымы, як і я. Наша сям’я пускала на начлег паломнікаў, я бачыла гэтых людзей і таксама марыла аднойчы пайсці з імі…Падымайся! Зараз будзем танчыць!

Так, пасядзець доўга не атрымалася. Паветра было халодным, нягледзячы на захад сонца, і ўсе, хто тут быў, пачалі танцаваць пад музыку. Гэта была добрая імправізацыя, дзеці і моладзь ахвотна паўтаралі рухі вядучай, дарослыя таксама падтанцоўвалі. Тут жа далі магчымасць патрымаць мікрафон вясковым спявачкам, за выступленне дзяўчаткі атрымалі смачныя прызы. Пілігрымы не першы год затрымліваюцца ў Рэчках, і кожны раз прыдумляюць для жыхароў штосьці цікавае. У гэтым годзе выпала … Латэрэя. Так, кожны меў магчымасць выцягнуць з мяшка шчаслівы білет і, калі яго нумар назавуць, выйсці ў цэнтр пляцоўкі і атрымаць салодкі, альбо памятны падарунак – майку ці хустку з надпісам якога-небудзь беларускага горада, значкі пілігрымкі. Праўды, трэба было расказаць, што добрага зрабіў у гэты дзень.

Пасля ўсіх гэтых мерапрыемстваў нашы госці хутка выстраіліся ў калону, запалілі агонь, з малітвай і песнямі пайшлі да мясцовай праваслаўнай царквы. На жаль, не так даўно царкву Сашэсця Святога Духа ў Рэчках апанаваў пажар, усё згарэла. Настаяцель айцец Валянцін, з дапамогай усіх неабыякавых людзей, будуе новы храм. Сёлета тут ужо стаяць фундамент, сцены, пачаты дах. Пілігрымы таксама неабыякава аднесліся да гэтага, і таму цяпер працэсія накіравалася з малітвай да будучага храма. Сімвалічна, аднак наперадзе працэсіі ў небе ўзнікла вясёлка – добры знак. На гарышчы, дзе будуецца храм, нас чакаў айцец Валянцін. Памаліўшыся, пілігрымы далі слова праваслаўнаму святару. Той узгадаў з Евангелля ад Лукі прытчу аб міласэрным самараніне. Сутнасць ў тым, што чалавечая дабрата сустракаецца ва ўсіх народах, Закон і запаведзі Божыя кранаюць чалавека любой нацыянальнасці і веравызначэння.

Пасля размовы і агульнага памятнага фота, айцец Валянцін дазволіў паглядзець моладзі недабудаваную царкву. Тыя з цікавасцю палезлі на забудоўлю. Абыходзячы храм, давялося спаткаць Яну з в. Краснае Маладзечанскага р-на.

– Ну, слухай, якая ў мяне гісторыя была. Праз Краснае з Ракава заўсёды праходзілі пілігрымы. І наша сям’я па магчымасці прымала людзей на начлег. І кожны раз я марыла ўстаць уранку, паснедаць з імі і пайсці ў Будслаў. Раніцай яны адыходзілі, а я чуць не плачу: “Мама, тата, пусціце пайсці ў Будслаў!”. Вядома, бацькі баяліся пускаць мяне падлеткам, аднак цяпер я ўжо дарослая, трошкі дзёрзкая, і ўсё-ткі адстаяла сваю мару! Свой першы паход памятаю добра. Развіталася з бацькамі, пайшла да групы, а яны збіраліся хутка паснедаць і ўжо адпраўляцца далей. Памаліліся, трэ было падыходзіць на раздачу. Ну, усе дасталі кубкі-міскі, а я стаю і разумею: што я за пілігрым, калі забылася ў паход самае галоўнае? Тэлефаную дамоў: “Мама, прынясі міску якую, тут снедаюць, а мне няма ў што лажыць!”. Цяпер збіраюся ўважліва.

Калі зусім сцямнела, пілігрымы адправіліся спаць: большасць вярнулася на школьны двор – у палаткі, а некаторым дасталася месца ў хатах жыхароў.

Раніцай мяне запрасілі паснедаць разам. Яшчэ васьмі не было, а на школьным дварышчы “двіжуха”. Хутка пад’ехала кухня, усе сабраліся ў вялікае кола і памаліліся. Паснедаўшы, нашы госці пакінулі двор, выстраіўшыся ў калону ля Крыжа, што на цэнтры вёскі. Аднак, не так хутка прыйшлося рухацца наўперад. Менавіта цяпер мясцовым калгасным каровам захацелася перайсці з аднаго поля на другое. Па колькасці яны значна перавышалі нашых гасцей, таму ўся дарога цалкам запоўнілася нетаропкімі, цікаўнымі кароўкамі. Моладзь таксама з цікаўнасцю назірала за гэтым натоўпам, робячы сэлфі.

– Ну, вось, а вы кажаце, што ў вёсцы пробак няма! – жартаваў адзін з арганізатараў пілігрымкі, гледзячы на гадзіннік.

БУДСЛАЎ. ГАНАРОВЫ ТЫТУЛ, ГАЛОЎНАЯ СВЯТЫНЯ І ЎНІКАЛЬНАЯ ЗНАХОДКА

Сярод жытняга поля плыве малочны карабель… Цяпер тут свята, і шмат людзей прыбудзе на яго. Сам Будслаў так не бачыцца здалёк, як касцёл. Месца гэта не буйнае, дзве-тры крамы, сярэдняя школа, жылыя дамы. Побач – іншыя вёскі. Што за Будслаў такі? Па летапісах гэта зямля мае даўнюю гісторыю. І, што немалаварта, мае духоўны пачатак. У XVI ст. з Вільні сюды прыслалі манахаў-бернардыйцаў высякаць лес і спраўляць яго ўніз па рацэ Вілія. Вядома ж, манахам дзесьці трэба было жыць, таму яны пабудавалі сабе невялічкія драўляныя домікі (“буды” па бел.) і нядрэнна тут замацаваліся, паступова расшыраючы свае дварышча.

Касцёл Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі будаваўся напрацягу стагоддзя ў стылі позняга барока. У 1994 годзе Папа Рымскі Іаан Павел ІІ прысвяціў храму ганаровы тытул малой базілікі. Такі тытул на Беларусі маюць толькі тры касцёлы – яшчэ два ў Гародні і Пінску. Аднак, галоўнай святыняй лічыцца Будслаўская ікона Божай Маці, якая славіцца сваімі цудамі аж з XVII ст. Менавіта да яе напраўляюцца людзі з розных куткоў Беларусі і нат па-за мяжой. Ікона размешчаная па цэнтру над алтаром. І відаць ад самога ўвахода ў храм. Таму людзі з парога становяцца на калені і з малітвамі набліжаюцца да святыні. Храм сам па сабе – таямніца. Пад ім існуе падвал, мясцовы жыхар Юзэф распавёў, што ў вайну ў гэтым падвале людзі хаваліся ад бамбёжкі. А каля касцёла, на полі, дзе цяпер сеяць жыта, тады размяшчаўся аэрадром. Акрамя падвалу цікавым у касцёле з’яўляюцца патаемныя пакоі, у якіх доўгія часы захоўваліся каштоўныя рэчы. Вялікім адкрыццём не так даўно стала знаходка рэліквіі з часціцай мошчаў святой Кацярыны Александрыйскай.

–Пры прыходзе бальшавікоў, потым у гады вайны рэліквія была схаваная. Толькі цяпер яе ўдалося выявіць у адной з пакояў храма. На сённяшні дзень гісторыкі думаюць над тым, якім чынам рэліквія трапіла на тэрыторыю Беларусі, – распавядае святар Артур (Ляшнеўскі).

Бліжэй да вечара распагодзілася, на агульную для ўсіх пілігрымаў службу прыйшло больш за дзве тысячы чалавек! Уначы была працэсія с запаленымі свечкамі. Непадалёку, на полі размясціўся “палаткавы гарадок”, дзе пілігрымы адпачывалі. Там жа была і кухня. Перад касцёлам і днём і ноччу працавала гандлёвая плошча. У палатках можна было набыць посуд ручной работы, хусткі, капялюшы, карціны, розныя салодкія вырабы. Тут жа былі прадстаўнікі з Свята-Елісавецінскага праваслаўнага жаночага манастыра, з-пад Мінска.

Фестываль праходзіў з 2 па 6 ліпеня, менавіта 2 ліпеня адзначаецца свята іконы Божай Маці Будслаўскай.

Кацярына Касцевіч

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries