Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Падарунак лёсу – дзеці

Сямейны стаж герояў гэтага матэрыяла два дзясяткі гадоў. За гэты час жыхары Ільі Іна і Аляксандр Барташэвічы разам пераадолелі многае. Складанасці толькі загартавалі іх сям’ю, яшчэ больш яе з’ядналі і ўмацавалі ў перакананні, што самае большае шчасце і багацце сям’і – дзеці. Іх у Барташэвічаў пяцёра, і нядаўна Іна Дзмітрыеўна ўдастоена галоўнай жаночай узнагароды – Ордэна маці.

Пачалася гісторыя кахання маіх герояў ужо ў далёкім жніўні 1998-га, калі Іна, навучэнка тагачаснага Ільянскага сельгастэхнікума, паехала з сяброўкай на трохмесячную практыку ў Мільчу. Ведала, што праца чакае нялёгкая – памочніцай загадчыка на ферме. Ды гэта не палохала, бо для вясковай дзяўчыны гэтыя клопаты не былі навіной. У першы ж дзень прыезду ў Мільчу дзяўчаты вырашылі схадзіць у клуб на дыскатэку. Напачатку Іна і не звярнула ўвагі на хлопца, які адразу выдзеліў яе з усіх і зацікаўлена пазіраў. А пасля, калі загучала музыка, ён падышоў і запрасіў прыгожую незнаёмку на танец. У той вечар Аляксандр праводзіў Іну да дома, дзе дзяўчына кватаравала, і маладыя пачалі сустракацца. Пасля практыкі Іна паехала на вучобу, аднак рамантычныя адносіны не перарваліся, а наадварот, умацаваліся, і вясной наступнага года маладыя пажаніліся.

Пачатак сумеснага жыцця быў даволі нялёгкім. Няпроста было ў фінансавым плане, не было свайго жылля, стабільнай працы. Напачатку паспрабавалі асталявацца на Валожыншчыне, затым пераехалі ў Маладзечна… Аляксандр у пошуках заробкаў ездзіў працаваць у Расію, стараючыся забяспечыць маладую сям’ю ўсім неабходным. І ўсё ж перспектыва з уласным жыллём была несуцяшальнай. І тады Барташэвічы вырашылі пераехаць у Ілью, дзе ім пашчасціла за вельмі прымальную для іх цану нагледзець дом. Не доўга думаючы, купілі яго.

– Памятаю, як радаваліся свайму дому! – з усмешкай прыгадвае зараз Іна. – Тады ён здаваўся нам такім прасторным!

На розныя там прыбудовы ды сур’ёзныя перапланіроўкі сродкаў не хапала, і Аляксандр усё стараўся рабіць сваімі рукамі. Іна заўсёды была побач і, як магла, дапамагала. І зараз, расказвае жанчына, у іх доме нешта пастаянна перарабляецца, добраўпарадкоўваецца. Яно і зразумела: падрастаюць дзеці, і бацькі стараюцца, каб у доме ўсім было ўтульна.

Два сыны і тры дачкі ў Барташэвічаў, і кожнае дзіця – жаданае, любімае, атуленае клопатам і ласкай. Старэйшаму, Мікіту, ужо дзевятнаццаць, а самай маленькай, Ганначцы, усяго паўтара годзіка. А паміж імі – адзінаццацікласніца Лізавета, шасцікаласнік Максім і пяцігадовая Кацярынка. Усе дзеткі, як і іх бацькі, працавітыя, клапатлівыя, шчырыя і творчыя. Ды і ці маглі яны быць іншымі, падрастаючы ў атмасферы любові, дабрыні, якую стварылі іх бацькі!

– Здавалася б, яны адных бацькоў, растуць у аднолькавых умовах, а вось па характары ўсе розныя, – разважае Іна Дзмітрыеўна. – І з гэтым трэба лічыцца. Мы стараемся, каб нашы дзеці на ўсе пытанні і праблемы шукалі адказы ў нас, бацькоў, каб дзяліліся тым, што іх непакоіць. Так яно і ёсць. Рада, што мне ніколі і нідзе не было сорамна за нашых дзетак, што растуць яны добрымі і шчырымі. Я ніколі не старалася і не стараюся навязваць свае ім думкі, дэманстраваць сваю правату. Калі бачу, што ў нечым памылілася, прызнаю гэта.

За ўвесь час гутаркі з мамай пяці дзяцей я не пачула ні адной скаргі на няпростае жыццё. А што здаралася перажываць рознае, зразумела без слоў. Сёння нават тыя, хто гадуе дваіх ці нават адно дзіця, скардзяцца, што, маўляў, цяжка гэта, праблематычна. І ў голасе такая безвыходнасць… А вось Барташэвічы не з такіх, яны прывыклі любую праблему вырашаць самастойна, сваімі рукамі і галавой.

– Муж іншы раз так кажа: «Ты падавай ідэі, а я буду іх ажыццяўляць», – расказвае Іна Дзмітрыеўна. – Я з самага пачатку сямейнага жыцця старалася многае рабіць сваімі рукамі, навучылася вязаць, шыць. Памятаю, купляла нейкія модныя часопісы, брала нешта з іх. Канешне ж, не адразу ўсё атрымлівалася, але я так старалася! А ўжо калі стала падрастаць Ліза, заўсёды хацелася парадаваць яе нечым прыгожым, модным, што знаходзіла ў часопісах. А цяпер ва ўсіх справах дапамагае інтэрнэт. Мне здаецца, былі б жаданне і час, а ўсяму можна навучыцца. Вось і пры рамонце дома таксама. Знаходзім цікавыя ідэі, стараемся выкарыстоўваць нейкія падручныя матэрыялы – і атрымліваецца арыгінальна. Ды і ў мужа рукі на сваім месцы, ён усё можа зрабіць самастойна, а галоўнае, з вялікім жаданнем.

Расказваючы пра Аляксандра, Іна не хавае сваёй цеплыні і дабрыні. Так, яна ўдзячна лёсу за тое, што падарыў (так-так, падарыў) ёй сустрэчу з чалавекам, за якім яна ў поўным сэнсе «за мужам». Працавіты, надзейны, любячы, гатовы на ўсё дзеля сваёй сям’і – такі ён, яе Аляксандр. Заўсёды заняты працай, ён стараецца дапамагаць жонцы і дома. Не проста па гаспадарцы, але і з дзецьмі. Клапатлівы бацька знаходзіў час памяняць немаўлятку пялёнкі, памыць бялізну, прыгатаваць сняданак. Іне не раз здаралася бываць з дзецьмі ў бальніцы, і яна ніколькі не хвалявалася за тых, хто застаўся дома. Ведала, што муж дагледзіць не горш за яе.

Ёсць у сям’і Барташэвічаў і тое, што іх яднае, вядзе па жыцці, дапамагае і падтрымлівае – вера. Кожнае свята яны стараюцца ўсёй сям’ёй хадзіць у касцёл на службы.

– Вера – наша апора, – упэўнена Іна Дзмітрыеўна. – Бывалі цяжкія моманты, калі, здавалася, няма выйсця, апускаліся рукі. І заўсёды Усявышні пасылаў нам добрых людзей, якія падтрымлівалі, дапамагалі.

Адзінаццаць гадоў запар сям’я Барташэвічаў ходзіць у пілігрымку, да іконы Маці Божай Буслаўскай. Першы раз, прыгадала Іна, яна пераадолела гэты шлях з трымя дзецьмі, і цяпер гэта стала важнай традыцыяй. Як і ўрачыстая падрыхтоўка да прыгожых рэлігійных святаў, сямейныя малітвы. Вось і ў гэтыя перадкалядныя дні Іна разам з дзецьмі зрабіла прыгожы калядны вянок, намнога прыгажэйшы і, галоўнае, даражэйшы кожнаму з іх за куплены. А яшчэ мама з дзецьмі з задавальненнем упрыгожваюць падсвечнікі, якія будуць стаяць у зале, на іх сямейным алтары. Як і штогод, свята будзе прыгожым, па-сямейнаму цёплым і радасным.

Шчаслівая сям’я. Патрэбна даволі многа складаемых, якія павінны супасці, каб назваць такой ячэйку грамадства. Усе яны ў сям’і Барташэвічаў ёсць. Іна Дзмітрыеўна не хавае, што яна ўдзячна лёсу і лічыць сябе шчаслівай. Няхай сабе і не заўсёды быў усланы кветкамі іх агульны з Аляксандрам шлях, аднак яны заўсёды ішлі па ім годна, спадзеючыся толькі на сябе. Многа працавалі і працуюць, жылі і жывуць у штодзённых клопатах пра сваю сям’ю, захаванне яе каштоўнасцяў, дзетак, якіх лічаць сваёй надзеяй і найбольшым падарункам лёсу.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага альбома Барташэвічаў

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries