Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пад занавес дзеі звініць гітара

Калі матэрыял выйдзе ў свет, жніво ў раёне ўжо практычна завершыцца. Аб гэтым сведчыць аператыўная інфармацыя сельгасупраўлення, якую мы сёння свядома не змяшчаем у газеце. Лідары так і засталіся лідарамі, а адстаючыя прыклалі ўсе намаганні, каб своечасова паставіць апошнюю кропку ў сцэнарыі маштабнай дзеі пад назваю «жніво». Журналісты раёнкі штодня былі ў дарозе, імкнуліся прывезці ў рэдакцыю актуальныя матэрыялы аб ходзе ўборачных работ. Нашы ўражанні – ненадуманыя. І вы, паважаныя чытачы, успрымайце іх як пункт погляду нераўнадушных, захопленых людзей, пяром якіх водзіць павага да хлеба, што выспеў сёлета на палях Вілейшчыны, і яго творцаў.

У складзе агітбрыгады райвыканкама аўтар гэтых радкоў на мінулым тыдні наведала два сельгаспрадпрыемствы раёна – «Вязынскае-агра» і адкрытае акцынернае таварыства «Новая Вілія». У першым падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама атрымалі камбайнеры Міхаіл Усціновіч і Алег Буслаўскі, а таксама вадзіцель Анатоль Сухі. У гаспадарцы – шэсць камбайнавых экіпажаў. Нагрузка размяркоўваецца пароўну, таму ярка выяўленых лідараў цяжка вылучыць, – падзяліўся сваімі меркаваннямі кіраўнік Анатоль Ермаковіч. Усе хлопцы працуюць на энтузіязме, карыстаюцца магчымасцю зарабіць неблагія грошы. Ну і, безумоўна, многа для людзей значыць такое вось публічнае ўшанаванне. На гэты раз яно адбылося прама на мехдвары, перад выхадам камбайнавых экіпажаў у поле.
– Сёння пачынаем сеяць рапс, – нібы адчыняе занавес над новай дзеяй палявых клопатаў вязынскіх хлебаробаў Анатоль Іосіфавіч. А адносна зафіксаванай пакуль ураджайнасці збожжавых, выказвае бачную незадаволенасць. – Планавалі 35 цэнтнераў з гектара мець, атрымалі 32,7. – Ячмень падвёў. Не наліўся ў спякоту на нашых пясках… Падумалася, што незадаволенасць – антонім заспакоенасці. Яна дазваляе рухаць жыццё наперад і не засяроджвацца на ўласным расчараванні, плануючы далейшае развіццё.
… А пасля слоў віншавання і пажаданняў, выказаных галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы Вольгай Яўгель, загучала гітара. Сяргей Ількевіч, кіраўнік народнага ансамбля «Весялінка» і Дзіна Ганчарык, намеснік дырэктара Вілейскага гарадскога Палаца культуры, спявалі шчыра і натхнёна, як і належыць людзям іх прафесіі і творчага таленту.
Далейшы маршрут – цераз адну з найбольш аддаленых кропак Вілейшчыны – былы саўгас «Карпавічы», які пасля некалькіх рэарганізацый стаў арганічнай часткай адкрытага акцыянернага таварыства «Новая Вілія». Рэдакцыйная «Волга» з цяжкасцю фарсіравала «сінусоіду» прасёлкавай дарогі. А мы, пасажыры, са здзіўленнем назіралі, з якой лёгкасцю бярэ грэбні дарожных выбоін спрытны «Фіят» з шэрымі ад густога пылу капотамі. Надзея Лашутка, намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце, вяла аўтамабіль віртуозна, як прыроджаны гоншчык. Спыніўшы яго на зжатым іржышчы, пачала ўважліва назіраць, як замацоўвае малады вадзіцель брэзент над нарошчанымі бартамі аўтамабіля.
– Надзейна, – нібы пра сябе зазначыла ідэолаг. – А сярод камбайнераў лідэрам на сёняшні дзень у нас значыцца Аляксандр Якубовіч. Працуе ён з сынам Іллёй…
Ва ўрочышчы Плянты некалькі камбайнаў шпацыруюць на аўсяным палетку.
Праўда, уручыць падзячнае пісьмо лепшаму экіпажу не выпала. Надарылася паломка і давялося адагнаць камбайн на мехдвор. Але дзякуючы аператыўнай рабоце спецыялістаў з райаграсервіса, зломаная дэталь адрамантавана. І літаральна праз пару гадзін перадавы экіпаж зноў уключыцца ў работу. Толькі прастой можа каштаваць яму лідарства. Вунь як імпэтна рухаецца па аўсяным палетку «Дон» Леаніда Лашуткі.
– Гэта муж мой, – сарамліва ўсміхаецца Надзея. – А з ім Раман Казакоў. Вучыцца ў Ільянскім каледжы. Харошы хлопец. Будзе ветфельчарам.
Камбайны ўсяго на некалькі хвілін прыпыніліся на палетку. Іх хапіла на кароткае інтэрв’ю з Леанідам, з якога можна было аднак даведацца аб асноўных вехах яго працоўнай біяграфіі. Спецыяльнасць механізатара атрымаў у сельскім прафтэхвучылішчы, затым скончыў курсы вадзіцеляў. Служыў у войсках супрацьракетнай абароны. Вярнуўся на сваю малую радзіму. Тут і з Надзеяй сустрэўся, якая працавала на той час загадчыцай Латыгальскага жывёлагадоўчага комплексу. У Латыгалі і жыве сям’я вось ужо васемнаццаць год. Узаемаадносіны імпэтнай, эмацыянальнай Надзеі і негаваркога, флегматычнага Леаніда могуць служыць яскравай ілюстрацыяй фізічнага закону аб прыцягненні супрацьлеглых па электрычных зарадах палюсоў.
Ідэолаг, як і належыць, валодае самай разнапланавай інфармацыяй аб жыцці гаспадаркі. Літаральна тыдні тры таму мы сустракаліся з Надзеяй у Калодліве, дзе вядзецца рэканструкцыя малочна-таварнай фермы. І там яна прадэманстравала зайздросную інфармаванасць аб розных нюансах будаўнічага працэсу. Такую ж дасведчанасць паказвае і сёння, расказваючы аб ходзе жніва ў акцыянерным таварыстве. Аказваецца, тут сфармавана некалькі сямейных экіпажаў. Акрамя Якубовічаў, у наяўнасці сямейныя тандэмы Завадскіх і Кавалевічаў. Усе яны вызначаюцца ўзаемаразуменнем і зладжанасцю.
– Летась тут такое жыта было… – уключаецца ў размову намеснік дырэктара таварыства Альфрэд Уласевіч.
– А што пра сёлетні авёс скажаце?
– Ураджайнасць магла б лепшай быць. Вунь з таго боку, ад лесу, кабаны злажылі.
Урочышча, як капля жоўтага бурштыну, рассунула сваёй кідкай прысутнасцю лясныя шаты. На іх багатая карпавіцкая зямля. Няхай і далей пануюць на ёй такія патрэбныя нам сёння згода, давер, і, як мы ўжо змаглі пераканацца, вартая пашаны шчырая працавітасць людзей.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара


DSCN2714

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries