Больш за дзесяць гадоў працуе брыгадзірам малочнатаварнай фермы «Чаромушкі» ААТ «Даўгінава» Ала Усс. Пад яе кіраўніцтвам – два дзясяткі чалавек, якія даглядаюць больш
за 1180 галоў буйной рагатай жывёлы.
Крыху нязвыклае для нашай мясцовасці прозвішча Але Францаўне дасталося ад мужа, які ў свой час прыехаў у наш раён з Гродзеншчыны. Сама ж яна нарадзілася і вырасла ў вёсачцы Задубенне, што на Мядзельшчыне, і на Вілейшчыну, у Язні, трапіла яшчэ зусім юнай – маладым спецыялістам пасля заканчэння тагачаснага Ільянскага сельгастэхнікума.
– Пайшла вучыцца ў гэту ўстанову пад уплывам свайго дзядзькі і яго жонкі, якія працавалі ветурачом і заатэхнікам, – расказала пра выбар прафесіі Ала Францаўна. – Паступіла, адвучылася, атрымала размеркаванне ў Астравецкі раён. І ўжо збіралася ехаць на працу, ды здарылася бяда – памёр бацька. Родныя тады, памятаю, усе пачалі мяне шкадаваць, маўляў, куды ты паедзеш адна ад дому, трэба дзе бліжэй шукаць працоўнае месца… Так я прыехала ў Язні, напачатку працавала тэхнолагам, затым – асеменатарам і вось ужо дзясяты год – брыгадзірам на малочнатаварнай ферме «Чаромушкі».
Тут, у Язнях, яна ў маладосці сустрэла сваё каханне і выйшла замуж за мясцовага хлопца. Нарадзіўся сынок-першынец. Здавалася б, жыць і жыць маладым шчасліва, працаваць на роднай зямельцы ды гадаваць дзетак…. Ды жыццё ўносіць свае карэктывы, самыя непрадказальныя і часам трагічныя. Так атрымалася і ў Алы. Ёй было дваццаць сем гадоў, калі трагічна абарвалася жыццё мужа. Яна старалася мужна перанесці гэту страту. Праз пэўны час маладая жанчына выйшла замуж у другі раз, нарадзіла дачушку. І зноў страшнае – не стала і другога мужа. Ад такіх удараў лёсу іншая б жанчына зламалася, згубіла б сэнс жыцця, ды толькі не Ала. Яна старалася мужна перанесці трагедыі, бо ведала галоўнае: у яе падрастаюць дзеткі, якім яна павінна быць і мамай, і татам.
– Перажылося, хоць было вельмі цяжка, – прызнаецца Ала Францаўна. – Падраслі дзеці, сталі мне памочнікамі. Зараз яны і чацвёра ўнукаў – мая радасць, уцеха і надзея. Сын з сям’ёй жывуць у сталіцы, дачка – у Маладзечна. Прыязджаюць, дапамагаюць ва ўсіх справах па гаспадарцы. Ды і ў святы таксама. Так чакаю такіх нашых сустрэч, стараюся прыгатаваць для іх нешта смачненькае. Як і кожная, напэўна, мама.
Задаволена маці, што разам з дзецьмі яны адрамантавалі дом, зладзілі сучасную лазню. Усё для таго, каб усім ім – і маці, і гарадскім дзецям – было ў родным доме камфортна.
Дарога з Язняў да чаромушкаўскай фермы… Яе Ала Францаўна ведае, здаецца, да кожнай выбоінкі, кожнага каменьчыка. І не дзіва, за столькі гадоў вывучыла да драбніц. Кожную раніцу ў палове шостай выходзіць яна з дому і спяшаецца туды, дзе яе чакаюць неадкладныя справы. Як-ніяк, пад кіраўніцтвам мае два дзясяткі чалавек, кожнага з якіх добра ведае, да кожнага мае падыход. Амаль што роднымі сталі для Алы Францаўны калегі па працы, і свой дружны калектыў яна ніколі не памяняла б на нейкі іншы. Усе разам яны робяць агульную важную справу. Больш за 1180 галоў буйной рагатай жывёлы і маладняку ўтрымліваецца на «Чаромушках», а гэта значыць, што клопатаў у калектыва хапае. Нялёгкую справу яны робяць, але ж такую важную і, што тут хаваць, любімую. Кароўкі – яны ж, як і людзі, чакаюць ласкі і чуйна на яе рэагуюць прывагамі ды надоямі.
Ці не сумна бывае доўгімі зімовымі вечарамі? На гэта маё пытанне Ала Францаўна шчыра адказвае, што сумаваць ёй няма часу. Ёсць дзеці і ўнукі, якіх яна гасцінна сустракае практычна кожныя выхадныя, і ёсць любімая работа і яе калектыў, якімі яна жыве з ранку да позняга вечара.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва Алы Усс