Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Пад утульным дахам Язненскага Дома культуры

Кожная маці марыць аб тым, каб яе дзеці выхоўваліся ў атмасферы культуры і прыгажосці, развіваліся не толькі інтэлектуальна, але і духоўна, і эстэтычна.

У гэтым плане нам, маладым мамам вёскі Язні, вельмі пашанцавала, таму што ў нас знаходзіцца цудоўны Дом культуры, які ўжо даўно з’яўляецца цэнтрам нашага грамадскага і культурнага жыцця. Круглы год яго работнікі ладзяць цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы і для дарослых, і для дзяцей, і для людзей сталага ўзросту. Асабліва шматлюднымі атрымоўваюцца навагоднія і купальскія гулянні і святы вёсак, калі да мясцовых жыхароў далучаюцца гарадскія дзеці і ўнукі, а таксама дачнікі. Амаль штодзённа мае трое дзетак, прыехаўшы са школы, наведваюць вакальныя, фальклорныя і дэкаратыўна-прыкладныя гурткі. А вечарамі і па выхадных днях да дзяцей далучаемся і мы, бацькі і дарослыя. Калі ідзе падрыхтоўка да канцэрта або вечарыны, мы з нецярпеннем чакаем чарговай рэпетыцыі. Тады і жыццё ідзе весялей, і праца спорыцца ў руках. Працуючы сацыяльным работнікам, я заўсёды расказваю аб культурным жыцці вёскі сваім падначаленым, а яны ў сваю чаргу цікавяцца нашымі справамі, часам даюць слушныя парады і з нецярпеннем чакаюць клубных мерапрыемстваў.

Адной з апошніх цікавых спраў стаў для нас раённы агляд-конкурс “Краіна мая, радасць мая, песня мая дарагая”, у якім патрэбна было аб’яднаць тэму 75-годдзя вызвалення Беларусі і народны блок аматарскай мастацкай творчасці. Нашы кіраўнікі Аксана Язневіч і Алена Святоха, якія з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы, маюць вышэйшую адукацыю ў сферы культуры, падыйшлі да падрыхтоўкі з вялікай адказнасцю. Яны вывучалі спецыяльную літаратуру, праглядвалі шматлікія відэафрагменты на зададзеную тэму, а таксама гутарылі з мясцовым насельніцтвам, збіралі мясцовы фальклор, разглядвалі старыя фотаздымкі для таго, каб больш поўна адлюстраваць у праграме каларыт нашай мясцовасці.

Мы з сяброўкамі прымалі самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні конкурснай праграмы: дапамагалі афармляць аздабленне сцэны саматканымі старадаўнімі посцілкамі, якія знайшлі ў сваіх маці, свякрух і суседзяў; падбіралі сукенкі ваеннай пары, шылі касцюмы для нашых маленькіх салдатак; развучвалі новыя побытавыя танцы, вучыліся завязваць традыцыйныя беларускія наміткі. Сумесна з нашымі таленавітымі культработнікамі мы ўзнавілі галаўны ўбор нявесты па вясельным фотаздымку маёй бабулі, тым больш што 2019 год аб’яўлены ва ўстановах культуры Годам вяселля. Было вельмі прыемна, калі Аксана Вальдэмараўна прапанавала мне прыняць удзел у выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці: мае карзіны з газетных трубачак, вязаныя сурвэткі, карункі і плед занялі пачэснае месца сярод непаўторных работ нашых мясцовых рукадзельніц.

І вось настаў дзень нашай “прэм’еры”. Выступленне распачалося тэатральнай замалёўкай на тэму вайны і перамогі, у якой і дарослыя і дзеці пастараліся перадаць хвалюючыя пачуцці доўгачаканага вызвалення. Гучалі даўно вядомыя і сучасныя патрыятычныя песні ў выкананні салістаў і вакальных гуртоў, танцавалі “белыя анёлы”, маршыравалі юныя салдаты і салдаткі.

А ў другой палове праграмы сваё майстэрства прадэманстравалі члены клуба аматараў фальклору і традыцыйнай культуры Язненскага СДК, які мае назву “Кола”. Дарэчы, наша “Кола” было створана яшчэ ў 2004 годзе. Затым ненадоўга аб’яднанне прыпыніла сваю работу. А з верасня 2017 года яно атрымала новае дыханне, калі распачаў сваю дзейнасць новы склад калектыву. Хоць аб’яднанне і лічыцца дзіцячым, але з вялікім задавальненнем да сваіх дзетак далучыліся і мы, іх матулі, і нават бабулі. І ўжо на сцэне выступаюць практычна тры пакаленні!

Увазе прысутных мы прапанавалі паказ жаночых галаўных убораў, якія насілі нашы бабулі і прабабулі: вясельны, штодзённы і святочны. Гэтыя галаўныя ўборы адноўлены па аповядах і фотаздымках самых старэйшых жыхарак нашай вёскі. Пасля “дэфіле” галаўных убораў мы паказалі вянок такіх беларускіх побытавых танцаў, як “Лявоніха ў двойках і ў тройках”, “Барыня”, “Базар”, “Млын”, “Мікіта”… А закончылася выступленне вясёлай полькай з адбоем з удзелам гледачоў і нашых гасцей.

У гэты дзень на сцэне сабралася больш за дваццаць самадзейных артыстаў. Гэта нашы школьнікі і выхаванцы дзіцячага сада, работнікі Дома культуры, бібліятэкі, мясцовай гаспадаркі, пошты, гэта нашы настаўнікі і выхавацелі, сацыяльныя работнікі. Жыхары вёскі Язні і яе ваколіц ужо каторы тыдзень абмяркоўваюць наведаную праграму і не перастаюць захапляцца талентам дзяцей і дарослых, той непаўторнай творчай атмасферай, якая пануе ў Язненскім доме культуры.

Таму праз любімую раёнку хочацца шчыра падзякаваць нашым культработнікам за іх працу, якая дапамагае нам развіваць здольнасці нашых дзетак, гадаваць іх патрыётамі, якія ведаюць свае карані, а таксама цікава і змястоўна праводзіць свой вольны час і асвойваць новыя тэхнікі рукадзелля пад утульным дахам Язненскага дома культуры. Няхай жыццё прыносіць вам толькі прыемныя навіны і дае сілы для новых творчых здзяйсненняў!

Таццяна Аксючыц, сацыяльны работнік, удзельнік мастацкай самадзейнасці Язненскага СДК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 22 queries