Агульнавядома, што любая палітычная кампанія, і найперш яе поспех, залежыць ад актыўнасці арганізатараў і тых, каму яна прадвызначаецца. Гэта цалкам адносіцца і да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. З кожным днём перадвыбарчы марафон набірае тэмпы. У Ільянскім сельвыканкаме гэта добра разумеюць. З яго старшынёй Русаком Мікалаем Вацлававічам я даўно знаёмы. Разам працавалі ў калгасе «Абадоўцы»: я ўзначальваў прафсаюзную арганізацыю, ён – эканамічную службу гаспадаркі. Пасябравалі, маючы адно захапленне – пчалярства. Мне было прыемна, што такі адукаваны і валявы чалавек заняў адказную пасаду – быў абраны старшынёй Ільянскага сельскага Савета, буйнейшага ў рэгіёне. Да ўсяго Мікалай Вацлававіч ставіцца з адказнасцю. Вось і зараз, арганізоўваючы на сваёй тэрыторыі перадвыбарчыя мерапрыемствы, падключыў да гэтай справы і работнікаў клубных устаноў, бібліятэкараў, стараст і дэпутатаў. Актыў усведамляе, што выбар насельніцтва Ільяншчыны павінен быць свядомым. А каб менавіта так і было, трэба людзей падрыхтаваць, яшчэ і яшчэ раз паказаць правільнасць таго курса, якім ідзе наша краіна. У нашым Савеце даўно прыжылася такая форма работы з насельніцтвам, як сельскія сходы. Культработнікі ўвязваюць іх да дня вёскі, таму што акрамя размовы з жыхарамі рыхтуецца і другая частка – канцэртная. Напрыканцы ліпеня такое мерапрыемства адбылося ў вёсцы Забар’е. Выступаючы на ім, Русак М. В. адзначыў, што такія сустрэчы аб’ядноўваюць нас духоўна, узнімаюць праблемы, якімі жывуць простыя людзі і над якімі павінны працаваць органы мясцовай улады. «Я ведаю пытанні, якія хвалююць жыхароў Забар’я. Найперш – гэта вулічнае асвятленне і добраўпарадкаванне мясцовых могілак, – адзначыў старшыня. – У самы бліжэйшы час мы вырашылі ўсё станоўча», – паабяцаў ён.
На жаль, колькасць жыхароў у Забар’і, як і ў цэлым па сельсавеце, змяншаецца. Штогод амаль 100 чалавек прыходзіцца выкрэсліваць у кнігах уліку. Але ж ёсць сярод забарцаў і мнагадзетныя сем’і: Галіны і Сяргея Шупенькаў, Святланы і Сяргея Шалухаў, Наталлі і Віталя Жаўняровічаў. А самыя маленькія жыхары вёскі – Міша Жаўняровіч і Юля Шымель, напэўна, радуюцца разам з намі.
Забар’е – вёска старая, вядома была ўжо ў XVIII стагоддзі. Тады налічвалася 39 двароў, 245 жыхароў. Яе росквіт быў у часы Савецкай улады. З гісторыі вёскі шмат цікавага могуць расказаць самыя пажылыя людзі: Каспяровіч А. М., Вайцяхоўская Н.І., Грамыка Л. М., Краўчонак Я. А., Валканоцкі І. Д., Усціновіч В. І.
Віталі ўсіх прысутных на сходзе самадзейныя артысты з Ільянскага СДК, Абадоўскага і Селішчанскага сельскіх клубаў. Асобнае музычнае віншаванне прагучала і для Вараўка Н. Т. Яна зусім малой дзяўчынкай была вязнем канцэнтрацыйнага лагера ў гады вайны. Вядучыя канцэртнай праграмы Людміла Тонкавіч, Святлана Грабянёк і Ірына Івашанка віталі і шматлікіх дачнікаў, якія паступова скупліваюць дамы ў Забар’і і прывыкаюць да сельскага жыцця. А мясцовы стараста – Савіна Галіна Янаўна, падзякаваўшы гасцям за святочны настрой забарцаў, звярнула ўвагу на неабходнасць прыстойнага ўтрымання ўласных сядзіб і выканання кожным жыхаром санітарных правіл.
Дзея адбывалася на пляцоўцы пад старымі ліпамі ля будынка былой школы. Многае помняць ліпы і многае маглі б расказаць. Але жывы чалавек найперш аддае ўвагу будучыні. Якім яно стане – залежыць ад нас саміх. Мяркую, сустрэча аднавяскоўцаў Забар’я нікога не пакінула раўнадушным.
Мікола КУТАС
Пад старымі ліпамі…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов