Лета ўпэўнена крочыць наперад. Яшчэ некалькі тыдняў таму школьны званок запрашаў на заняткі, а ўжо сёння дзеці дзеляцца першымі ўражаннямі ад летняга адпачынку. Не засталіся ў баку і вучні нашай школы. Тым больш, што падзяліцца ёсць чым…

На мінулым тыдні вучні 7 “Б” і 8 “Б” класаў здзейснілі сваю мару і адправіліся ў падарожжа, якое вырашана было назваць “Сцяжынкамі малой радзімы”.
Першым прыпынкам нашага шляху стала ДУА “Залескі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Тут нас сустрэла сонечнай усмешкай настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Міхайлаўна Панічава і правяла цікавую экскурсію па тэрыторыі школы. Мы наведалі спартыўную залу, будынак бібліятэкі, мелі магчымасць ацаніць працу вучняў і настаўнікаў школы па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі. Але самым цікавым і запамінальным было наведванне школьнага музея. Таццяна Міхайлаўна расказала нам пра гісторыю свайго краю, пра мужнасць людзей у час ваеннай навалы, пра звычаі і побыт мясцовага насельніцтва, пазнаёміла нас з выставай шкляных рэчаў, якія калісьці выраблялі на шклозаводзе ў пасёлку Партызанскі. Мы з захапленнем слухалі Таццяну Міхайлаўну і асцярожна датыкаліся да тых рэчаў, пра якія яна распавядала. Прыемна было бачыць непадробную цікавасць у вачах дзяцей, цікава было назіраць і за тым, як з затоеным дыханнем дзеці трымалі ў руках старыя рэчы, гарталі фотаальбомы і на старых фотаздымках шукалі знаёмую выяву свайго настаўніка, малую радзіму якога мы наведалі ў гэты раз. Але вандраванне не скончана, і шмат чаго цікавага чакае нас наперадзе.

А далей лясныя і палявыя сцяжынкі малой радзімы прывялі нас у маляўнічы куточак на беразе ракі Ільі. Менавіта тут было вырашана спыніцца і ўладкавацца на некалькі дзён. І гэтыя дні праляцелі як адно імгненне…
Разам з намі, настаўнікамі, дзеці працавалі і адпачывалі сярод амаль некранутай чалавекам прыроды. Нягледзячы на ўзрост і непрыстасаванасць нашых дзяцей да паходных умоў (а многія ў такіх умовах аказаліся ўпершыню), усё атрымалася выдатна. Дзеці пад кіраўніцтвам настаўніка навучыліся ставіць палаткі, ствараць бяспечныя ўмовы пры выкарыстанні вогнішча і нават спрабавалі вудзіць рыбу. І хлопцы, і дзяўчаты дапамагалі гатаваць ежу ў паходных умовах, тым самым спасцігаючы тайны кулінарнага мастацтва. Вельмі весела і цікава праходзілі і вольныя гадзіны. І дзеці, і дарослыя з задавальненнем бавілі час, гуляючы ў старыя добрыя гульні, якія былі папулярнымі ў нашым дзяцінстве, купаліся ў рацэ, праводзілі спартыўныя спаборніцтвы. А як добра было вечарам сядзець усім разам каля вогнішчаз кубкам духмянага чаю ў руках і слухаць гукі прыроды: недзе зусім блізка заліваецца салавей, у рацэ чуецца плёскат рыбы, а на супрацьлеглым беразе завялі сваю песню конікі… І ў сугуччы з усім гэтым так добра весці ціхую размову і любавацца яркім вогнішчам сярод цемры.

Цудоўны настрой не змог сапсаваць нават дожджык, які час ад часу перапыняў гульню і прымушаў хавацца пад купалам палаткі. І асабліва хочацца заўважыць, што за тры дні, якія мы правялі ў адным з маляўнічых куточкаў нашай радзімы, нашы дзеці, пакаленне тэхналагічнага прагрэсу, успаміналі пра свае мабільныя тэлефоны толькі тады, калі чуўся званок ад заклапочаных бацькоў.
І вось апошняя раніца нашага падарожжа… Снедаем, збіраем рэчы, складаем палаткі, і незвычайная цішыня пануе над усім гэтым. Толькі дзіцячыя вочы растлумачылі мне, чаму так адбылося. Гэта сум і жаданне падоўжыць імгненне супакою і нават маленькага дзіцячага шчасця.
Зноў сцяжынка, лясная дарога, асфальт, родны горад і школа, дзе чакаюць нас бацькі. А на тварах падарожнікаў прыемная стомленасць і задуменнасць. Хтосьці прыгадвае перажытае пад час падарожжа, а хтосьці марыць ужо пра наступнае. І яно абавязкова будзе. Сцяжынкі малой радзімы яшчэ паклічуць нас.
P.S. Мы, кіраўнікі падарожжа, А.Г. Гаўрышчук, Л.В. Демеш, Н.А. Любавіцкая, шчыра дзякуем Таццяне Міхайлаўне Панічавай, Георгію Анатольевічу Гаўрышчуку і бацькам нашых падарожнікаў за падтрымку і дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.
Наталля Любавіцкая.
Фота прадстаўлена аўтарам


