Успаміны пра маму – Вольгу Касяк. Пра складаныя моманты яе жыцця ў цяжкія ваенныя гады і ў час адданай працы ў Талуцкай школе.
У красавіку споўнілася год са дня смерці маёй мамы, Вольгі Касяк, якая была настаўніцай Талуцкай школы. Яна была простай вясковай настаўніцай, але і ў простых людзей бываюць няпростыя лёсы. У яе засталося многа вучняў на Вілейшчыне, якім, я мяркую, будзе цікава прачытаць пра яе жыццё.
Мая мама, Касяк (Цыбульская) Вольга Канстанцінаўна, нарадзілася ў 1924 годзе ў мястэчку Магільна Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Мамін бацька Кастусь жаніўся тры разы. Дзве першыя жонкі памерлі, а трэцяя будучая жонка, – Міхаліна, жыла ў суседняй вёсцы Сасноўка. Яна была ўжо, па мерках таго часу, не вельмі маладой нявестай, ей было каля 30 год.
На вяселлі Міхаліну ў хату мужа ўцягвалі праз вакно, хацелі падмануць нячыстую сілу, каб яна не забрала маладую. І сапраўды, гэта ўдалося. Пражылі яны ўсё жыццё разам, нажылі двух дзетак. Міхаліна была невысокага росту, працавітая, нібы мурашка. На калгасным полі яна працавала заўсёды сумленна, нават перарабляла за тымі, хто дрэнна палоў ці жаў. Бабуля пражыла 78 год, а дзед – 87.

Мой дзед быў чалавекам перадавых поглядаў і, калі Сталін абвясціў аб перасяленні на новыя землі за Урал, падтрымаў гэту ідэю. Прадаў хату, ні з кім не параіўшыся, і павёз сям’ю, дзе было пяцёра дзяцей, шукаць лепшага жыцця. Жылі яны там у нейкай мазанцы, не ведаю, з чаго яна была зроблена. Вады не было, яе прыходзілася насіць здалёк. Двое дзяцей памерлі. Жыць было вельмі цяжка, а тут яшчэ мама, гуляючы на печы з абрэзкамі тканіны, схапіла нейкага гада, які запоўз туды пагрэцца. Мама нарабіла крыку, дзед прыбег і забіў яго. Гэта было апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення Міхаліны. Яна прадала ўсё, што змагла, са свайго няхітрага скарбу, каб набыць білеты назад, і яны вярнуліся дахаты. Купілі там нейкую хацінку і сталі паціху жыць далей.
Пачалася калектывізацыя. Дзед уступіў у калгас і першы час нават быў яго старшынёй. Потым будаваў дамы, працаваў у калгаснай майстэрні столярам. У яго былі залатыя рукі. Яго нават, як перадавога калгасніка, адправілі ў Маскву на экскурсію на ВДНХ. Дома ўсю мэблю зрабіў сам і перадаў гэта ўменне сыну. У іх была майстэрня і дома. Таксама любілі яны паляваць і лавіць рыбу, разводзілі пчол.
У школе мама вучылася добра і з задавальненнем. Калі яна сядзела над кніжкамі, бабуля злавалася, што трэба работу рабіць, а не кніжкі чытаць, і пагражала іх спаліць. Сама яна чытала па выходных толькі малітоўнік – невялікую чорную тоўстую кніжку.
– Паглядзі, якія ў Волькі далікатныя рукі – казалі суседкі. Пабачыш – настаўніцай будзе!
Так і адбылося.
Калі пачалася вайна, немцы з’явіліся ў Магільна вельмі хутка, на працягу тыдня. Узда была занята 28 чэрвеня, а назаўтра – увесь раён. Пазней партызаны выціснулі немцаў, і ў Магільна ўсталявалася партызанская зона. З-за гэтага немцы і пайшлі блакадай на Магільна. Усе жыхары схаваліся ў лесе, які фашысты сталі абстрэльваць з мінамётаў. Мама з дзедам ляжалі на ўскрайку і пачулі, як прама на іх ляціць са свістам снарад. Яны ўжо развіталіся з жыццём, але снарад упаў у некалькіх кроках ад іх і не разарваўся. Яны ляжалі ні жывыя ні мёртвыя. Немцы аб’явілі ў мегафон, што мірныя жыхары павінны вярнуцца дадому да вызначанага часу, іх чапаць не будуць. Людзі сталі выходзіць, сапраўды, іх прапускалі. А два маладыя хлопцы выйшлі пазней, чым было назначана, і іх тут жа скасілі пулямётнымі чэргамі. У час адной з бамбёжак згарэла хата нашых суседзяў і далёкіх сваякоў Язвінскіх. У дзеда хата была падзелена на дзве паловы. У адну пусцілі пагарэльцаў і так пражылі да канца вайны.
Пасля заканчэння вайны мама паступіла ў Мінскі настаўніцкі інстытут. Вучыліся там толькі 2 гады, паскоранымі тэмпамі, бо патрэба ў настаўніках была вялікая. На занятках яны сядзелі ў халодным, без ацяплення, будынку ў верхнім адзенні і рукавіцах, за збітымі з дошак сталамі. Калі мама прыязджала з Мінску дамоў, бабуля магла даць ёй з сабой толькі торбачку сухароў. Частку з іх мама з’ядала сама, а частку мяняла на іншыя прадукты. Адзенне бабуля таксама шыла ёй з даматканага палатна, якое потым фарбавала.
Па размеркаванні мама прыехала ў Заходнюю Беларусь – у вёску Іжа Вілейскага раёна выкладаць рускую мову і літаратуру. Тут многае яе здзівіла. Яны з сяброўкай, таксама маладой настаўніцай, уладкаваліся на кватэру да вясковых жыхароў. Калі тыя сабраліся малаціць жыта, мама прапанавала:
– Мы вам дапаможам!
– Што вы,што вы! – замахала рукамі гаспадыня. – Настаўнікі ў нас не працуюць. Настаўніцы нават у лазні галовы сабе не мыюць, за іх гэта робяць другія жанчыны. Да іх адносяцца, як да пані!
На занятках яны сядзелі ў халодным, без ацяплення, будынку ў верхнім адзенні і рукавіцах, за збітымі з дошак сталамі. Калі мама прыязджала з Мінску дамоў, бабуля магла даць ёй з сабой толькі торбачку сухароў. Частку з іх мама з’ядала сама, а частку мяняла на іншыя прадукты. Адзенне бабуля таксама шыла ёй з даматканага палатна, якое потым фарбавала”.
Але мама не паслухала, узяла цэп і яны пайшлі малаціць збожжа. Гэта праца была ёй добра знаёма, яна заўсёды з дзедам малаціла жыта.
Да настаўнікаў там сапраўды адносіліся з вялікай павагай. Мужыкі здымалі шапку пры сустрэчы. Дзеці на ўроках вялі сябе прыстойна, хоць там былі і пераросткі, амаль аднаго ўзросту з маладымі настаўніцамі. Слова настаўніка было закон! У маму таксама закахаўся малады настаўнік фізкультуры, які быў маладзейшы за яе на 6 гадоў. Гэта яе бянтэжыла, але, калі ён вельмі настойліва прапанаваў ёй выйсці за яго замуж, яна згадзілася, бо пасля вайны выбар хлопцаў быў невялікі. Яго бацькі жылі ў вёсцы Засценкі, якая была на адлегласці ў адзін кіламетр ад Іжы. Дзед Мікалай быў старшынёй калгаса. Баба Ганна вяла хатнюю гаспадарку. Яны прынялі нявестку, як родную. Праз год нарадзілася я. Мама праз два месяцы выйшла на працу. Мяне гадавала баба Ганна. Пасля гэтага бацьку хутка забралі ў армію. Тое, што ў яго было маленькае дзіця, нікога не цікавіла. Адтэрміновак тады не было. Служыў ён пад Ленінградам, у Асінавай Рошчы. У сакавіку 1951 ён трагічна загінуў, так што бацьку свайго я зусім не памятаю.
Пасля гэтага праз некаторы час мама зноў пераехала на кватэру ў вёску Іжа. Яна паўдня знаходзілася ў школе, і за мной прыглядваць павінна была кватэрная гаспадыня. Наколькі я памятаю, яна проста зачыняла мяне на замок. Часам прыходзіў дзед і «краў» мяне – засоўваў пад кажух і нёс дадому. Вечарам маці забірала мяне назад. Аднойчы зімой, у 2 гады, я гуляла ў двары, а потым сышла некуды. Мяне знайшлі ў кіламетрах двух ад дома. У цяжкім футры, валёнках, я ішла да дзеда, якога вельмі любіла. Ён адказваў мне тым жа.
Праз пару год маці зноў выйшла замуж – за мясцовага кінамеханіка. Яго бацькі вельмі хацелі парадніцца з настаўніцай, гэта было пачэсна, нягледзячы на тое, што яна была «з прыцэпам». А вось жаніху гэта не вельмі падабалася. Ён ездзіў паказваць кіно ў навакольныя вёскі і заадно закруціў там раман. Яны развяліся, і мы пераехалі ў вёску Касцяневічы. Мне было 4 гады. У Касцяневічах мы пражылі тры гады. Здымалі кватэру ў цёткі Марыі, у якой быў сын-падлетак Юра. Тут я таксама была прадстаўлена сама сабе, пакуль старэйшыя былі на працы і ў школе. Цацак у мяне амаль не было, я памятаю толькі адну ляльку Таню. Таму я прыдумала сабе вельмі цікавы занятак: выразаць кветачкі з тканіны: фіранак, пасцельнай бялізны. Пакуль маю самадзейнасць не выявілі, у мяне сабралася даволі вялікая «калекцыя». Выразала я не толькі ў сваім пакоі, у гаспадыні таксама. За сваё «мастацтва» атрымала ад маці па поўнай праграме.
Аднойчы раніцой я прачнулася, як заўсёды, адна. Дзверы былі зачынены на замок, таму я вырашыла вылезці праз вакно. Я яго адчыніла, села на падаконнік, і зразумела, што саслізгваю. Я схапілася за раму, яна адарвалася – і мы з рамай паляцелі ўніз. Пад вакном у гэты час спаў парсючок, грэўся на сонцы. Я прызямлілася прама на яго, шкло разбілася ўшчэнт. Парсючок страшэнна перапужаўся і кінуўся наўцёкі. Мабыць, я штосьці адбіла яму ўнутры, таму што пасля гэтага ён яшчэ доўга кашляў крывёю. Мама нават не сварылася на мяне за гэта. Яна была ў жаху ад таго, што магло адбыцца, і радавалася, што я засталася цэлай і нават шклом не парэзалася.
У Талуць мы прыехалі ў 1957 годзе, там я пайшла ў школу. Зусім нядаўна, у навагоднія святы, мы са стрыечнай сястрой абмяркоўвалі, якая елка ў Мінску прыгажэйшая – на Кастрычніцкай плошчы або каля Палацу спорту, і прышлі да высновы, што самыя прыгожыя ёлкі былі ў нашым дзяцінстве, у вясковай школе. Яны былі вялізныя, даставалі да столі і пахлі лесам. Мы вельмі любілі іх упрыгожваць. Цацак было многа, а гірлянды рабілі самі з каляровай паперы. Адно мяне засмучала. Дзедам Марозам у нас заўсёды была тэхнічка цёця Надзя, маці нашай аднакласніцы, добрая і вясёлая жанчына. Мужчыны-настаўнікі, іх было двое, чамусьці не хацелі сыграць гэту ролю. А ў астатнім усё было цудоўна. Мама шыла мне марлевую сукенку Сняжынкі, якая ўпрыгожвалася бісерам і кавалачкамі ваты. Я сама рабіла карону: выразала яе з кардону, абшывала ватай і ўпрыгожвала шклянымі пацеркамі. Разам з Дзедам Марозам мы вадзілі карагоды вакол ёлкі, атрымлівалі падарункі, у якіх былі нават грэцкія арэхі і мандарыны. Я тады іх упершыню паспрабавала. І цяпер пах мандарынаў – гэта перш за ўсё пах Новага году.
Вучні любілі маму. Яна была строгая, але справядлівая, з пачуццём гумару. Калі ёй вучань скардзіўся, што не можа пісаць, бо забыўся ручку, мама адказвала: «Ножкай пішы!» Нас з Мішам Касяком, з якім мы сядзелі за адной партай, мама называла «Касяк у квадраце». Мяне заўсёды доўга пытала па прадмеце, і калі я атрымлівала 4, гэта было для мяне трагедыяй, бо дома чакаў наганяй, што дрэнна вывучыла ўрок. Заўсёды старалася падлавіць, калі бачыла, што я не вучу ўрокі. Напрыклад,»Барадзіно» я вывучыла на перапынку паміж урокамі і адказала на 5.
У маладосці мама мела добрую фігуру і прыгожа апраналася. Заказвала сукенкі ў атэлье ў Вілейцы. Потым, калі гадоў і тавараў стала больш, купляла гатовае адзенне. У трэці раз мама выйшла замуж за мясцовага фельчара. Ён быў добрым чалавекам і лекарам, але злоўжываў алкаголем, і яны хутка разышліся. Калі мама выйшла на пенсію, яна засумавала па малой радзіме. Усё жыццё яна пражыла на кватэрах, захацелася мець свой вугал, пацягнула дадому. Яна купіла сабе хатку ў Магільна, дзе раней жыла яе сястра Сеня, і пераехала на радзіму. Мама яшчэ трохі папрацавала ў Стальбоўскай і Магільнянскіх школах, замяняючы настаўніц, якія былі у дэкрэтным адпачынку. Там таксама была ў пашане. Ва ўсякім разе, паштоўкі і падарункі на дзень настаўніка дзеці прыносілі ёй да апошняга года жыцця, што было вельмі прыемна. Не забывалі яе і вучні з Талуці. Тэлефанавалі 1 верасня, на дзень настаўніка, дзень народзінаў. Асабліва прыемна было чуць тых, хто вучыўся ў яе паўстагоддзя назад.
Памерла мама ў 93 гады пры поўнай памяці і розуме. Апошнія гады яна ляжала, і таму часу было многа: мама расказвала нам гісторыі са свайго жыцця. Запісала я ўсё гэта толькі цяпер. Калі дзе якая недакладнасць – прашу выбачэння.
Людміла КАСЯК








