Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Новы збожжасушыльны комплекс уведзены ў эксплуатацыю да сёлетняга жніва ў ААТ “Чурлёны”

– Гэта меньшага веласіпед, – ківае Уладзімір Лукша на прыхілены да металічных канструкцый «КЗС»-а транспартны сродак. – На ім на працу езджу. Хутка і надзейна.
Збожжасушыльны комплекс «ЗСК-40Ш» зманціраваны ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Чурлёны» яшчэ летась. Наладку прайшоў сёлета. Фірма-вытворца адкрыла курсы па падрыхтоўцы машыністаў, на якія гаспадарка паслала Уладзіміра Лукшу, паколькі ў яго ўжо быў вопыт работы на так званай «польскай» сушылцы.

– Першы год працуем на «ЗСК-40Ш». Загрузка – 90 тон, у «польскай» – напалавіну меньшая. Праўда, у экстрэмальных умовах мы новы комплекс не выпрабоўвалі, – расказвае Уладзімір. – Збожжа ішло амаль сухое, а гэта адначасова дазваляла весці загрузку-выгрузку.
Усе тэхналагічныя функцыі комплекса выведзены на камп’ютар. Машыніст запрашае на пункт кіравання, каб прадэманстраваць працэс сушкі ў дзеянні.
– Уключаем. Вось чытайце: «Праграма кіравання збожжаачышчальна-сушыльным комплексам». Ідзем далей, – «мышка» актыўна сноўдае па маніторы, – «Маршрут загрузкі»… Уключаем “ачыстку без сушкі”. Для сёлетняга жніва гэта актуальна.
Да нашай размовы далучаецца Алег Сцепановіч, студэнт эканамічнага ўніверсітэта. Ён праходзіць вытворчую практыку, як кажуць, ва ўмовах, максімальна набліжаных да сапраўдных. Ды што там набліжаных? Па патрэбе – ён без праблем можа замяніць машыніста «КЗС»-а. Будучаму эканамісту-менеджару ёсць з каго браць прыклад. Яго бацька – Уладзімір Уладзіміравіч, галоўны інжынер таварыства – жніўнай парой сеў на камбайн і выдаў адзін з лепшых у акцыянерным таварыстве намалот, стаўшы камбайнерам-тысячнікам. Для механізатараў – добры і дзейсны прыклад галоўнага спецыяліста.
Жніво ў Чурлёнах завершана. Намалочана 6550 тон збажыны. Толькі кукуруза засталася на палях. І ёй не доўга сумаваць у адзіноце. Надвор’е з парніковым эфектам паскарае працэс даспявання зярнят.
А механізатар Міхаіл Ганчароў ужо зноў вывеў у поле свой «ФЭНДТ». Высокапрадукцыйны агрэгат рыхтуе глебу пад пасеў азімых культур. Аснова пад будучы ўраджай закладваецца ўжо сёння. Прырода даражыць усталяванай на зямлі гармоніяй. І чалавеку ў ёй аддадзена вядучая роль.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 171 queries