Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Новае ворыва альянса

Аказалася, што прапаршчык Сяргей Томкавіч ужо каторы год запар праводзіць водпуск на бульбяных палетках Вілейшчыны. Адсюль ён родам. І выконвае адначасова дзве пастаўленыя перад сабою задачы. Землякам дапамагае. І нарыхтоўвае для сваёй сям’і бульбу, робячы запасы на ўсю зіму.
Сяргей стаяў у кузаве аўтамабіля,які рухаўся па разараных і ўжо вольных ад клубняў барознах. Брыгадзір, такі сёння ў яго статус на гэтым полі, прымаў вёдры, роўна размяркоўваючы ўраджай іжскіх палеткаў па перыметры кузава. І абсалютна не рэагаваў на жарты, якія сыпаліся на яго з гурту смяшлівых, рупных кабет. Іх на палетку – большасць. Мабілізаваныя аддзелам занятасці, людзі завіхаліся на полі, імкнучыся прадэманстраваць найвышэйшую прадукцыйнасць працы. Ад яе залежаў іх дзённы заробак.
– Мех лёгка за дзень зарабляюць, – далучыўся да нашай размовы начальнік участка Уладзімір Дрозд. Пакуль дзве суседнія гаспадаркі з цэнтрамі ў Іжы і Чурлёнах, злучыўшыся, не стварылі вытворчы альянс, Уладзімір Уладзіміравіч быў галоўным аграномам у адкрытым акцыянерным таварыстве «Іжа». Цяпер ён кіруе арганізацыяй работ у далучанай да «Чурлён» зоне. І на гэтай пасадзе незаменны яго агранамічны вопыт.
Зямлю сваю, дзе яго карані, Уладзімір Дрозд любіць не сузіральна. Ва ўсім яго клопаце – матыў стваральніка. Ну, і вынік відавочны. Сёлета ў іжскім рэгіёне сабрана на трыста тон збажыны больш, чым летась. Мяркуецца, што і кармавыя буракі дадуць па 500 цэнтнераў на круг. Да іх, праўда, рукі яшчэ не дайшлі. Сёння актуальныя – восеньскае ворыва і сяўба азімых.
Пакуль на яго серабрыстай,падобнай на незвычайна вёрткага жука «Ніве», мы аб’язджаем прыціхлыя, нібыта змораныя ад жніўнай дзеі палі, Уладзімір Уладзіміравіч стараецца аб’ектыўна, з аналізам, падсумаваць вынік.
– Ад спёкі пацярпелі яравыя. А вось азімае жыта аказалася больш стойкім. «Спадчына» ў нас капітальна вал выцягнула. І ячмень па 40-45 цэнтнераў на балотах даў…
А пра балоты Іжаншчыны – асобная размова. Яны – і адметнасць рэгіёна, і галоўная боль для хлебаробаў. У мелірацыйных канавах знайшлі сабе прытулак гіперактыўныя бабры. Ладзяць плаціны, ствараючы ля рукатворных водных артэрый чорную каламуць. Прыродны інстынкт вымушае жывёлін адваёўваць для сябе жыццёвую прастору. Іншым разам падаецца, што мабілізаваўшы свой практыцызм, чалавек здолеў бы перамагчы ў гэтым адзінаборстве. Але спыняе выразна акрэсленае ў паводзінах бабра імкненне да самазахавання. Сябе і свайго роду. Успамінаецца размова са знаёмым меліяратарам. Для іх «чырвонакніжная” жывёла – сапраўднае напасце. «Раскінем, – кажа, запруду, а раніцай яна ўжо адноўлена. Шкада іх. Вось бы некаторым з людзей разумных такая працавітасць…!» Але мірнае суіснаванне з акаляючым асяроддзем рэгулюецца шэрагам заканадаўчых актаў. І гэта – тэма асобнай размовы. А вось на меліярацыйным полі, побач з каналам, дзе чарнела разбітая коламі каламуць і якую даводзілася раз-пораз аб’язджаць пасяўному агрэгату, наплывалі думкі зусім іншага кірунку.
Трактар «Беларус-3022» пракладвае барозны на былым ячменным полі. У кабіне – Дзмітрый Кісель. З токара малады чалавек перакваліфікаваўся ў механізатара. На ўніверсальнай тэхніцы айчыннай вытворчасці ён выконвае шэраг адказных работ. Сёння – гэта ворыва («Учора пачаў гэты клін, заўтра – закончу», – упэўнены механізатар. Пасля будзе перадпасяўная апрацоўка глебы, затым – сама сяўба. Што ўвосень – работ восем, Дзіма чуў,вядома. Праўда, сам іх не лічыў. Але ўпэўнены, што так яно і ёсць. Бо яшчэ адна важная восеньская дзея адбываецца на палетку таварыства – побач з хутарам «Партызан». Так і кажуць: сеяў каля «Партызана», араў каля «Партызана». Сёння тут – восеньская сяўба. Азімае трыцікале сорту «Кастусь» зойме 45-гектарную плошчу. Час абедзенны. І ўся тэхніка выстраілася на ўскрайку поля. Апетытна смакуючы боршч і катлеты, хлопцы самі ініцыіруюць размову. Смехам-жартам даюць знаць, што Валерый Місюль, які працуе на пасяўным агрэгаце, і Аляксей Дурэйка, ён запраўляе сеялку насеннем, – сваякі. Першы другому цесцем даводзіцца. У Алёшы падрастае сын Рома, які наведвае мясцовы дзіцячы сад. Там і жонка працуе. І яшчэ ў адным кантэксце ўспомнілі прозвішча Дурэйка. На суседнім полі, дзе ўбіраюць бульбу прадстаўнікі аддзела занятасці, на капалцы працуе Сяргей – бацька Аляксея. Такія вось сямейныя дынастыі ладзяцца.
…Ускрай жніўных палеткаў, дзе хмызняк зялёна-жоўтай падковай ахапіў ржышча, складзіраваны саламяныя скірды. Сімвал ужо ступіўшай на зямлю акцыянернага таварыства залатой восені.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара




Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries