Так гавораць пра спецыялістаў па штучным асемяненні сельскагаспадарчай жывёлы. Валянціна Дубяга з філіяла “Даўгінава” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт” – адна з іх.
Даўгінава. Для Валянціны Дубяга гэта не проста малая радзіма, але і месца, дзе яна жыла, жыве, працуе, і тым шчаслівая.
А ў юнацтве ёй, як і многім іншым маладым вяскоўцам, марылася пра горад. Таму і падалася пасля школы вучыцца на швачку-матарыстку. Прафесію набыла, а вось гарадской жыхаркай, так ужо склалася, не стала.
– Адразу пасля вучылішча выйшла замуж, – расказвае пра маладосць Валянціна Канстанцінаўна. – Аляксандр, як і я, з Даўгінава. Абмеркавалі мы з ім перспектыву з уласным жыллём (маладым жа так хочацца хутчэй мець свой куток) і прыйшлі да вываду, што ў горадзе з гэтым будуць праблемы. Таму і вырашылі вяртацца дамоў. Спачатку пажылі крыху з бацькамі, а пасля мясцовая гаспадарка, куды мы ўладкаваліся працаваць, выдзеліла нам жыллё. Так мы тут і асталяваліся.
Пачынала Валянціна даяркай на ферме. Праца налёгкая, але ёй добра знаёмая – матуля яе, Таццяна Паўлаўна Казак, усё сваё жыццё адпрацавала на ферме. Канешне ж, Валянціна яшчэ школьніцай дапамагала маме, таму спраўляцца з рагулямі для яе было звыклай справай.
А затым пачаліся няпростыя дзевяностыя з многімі праблемамі і выпрабаваннямі. Валянціне давялося крыху папрацаваць і на мясцовым хлебазаводзе, які пазней быў зачынены. Нейкі час жанчына была без працы, а пасля даведалася, што патрабуецца аператар на свінакомплекс. Звярнулася, і яе прынялі. Адразу была падменнай, а неўзабаве ёй даверылі групу свіней.
– Здаецца, нядаўна гэта было, а ўжо мінула болей за дваццаць гадоў, – разважае Валянціна Канстанцінаўна. – Тут, на комплексе, я знайшла сябе, рэалізоўваюся ў прафесіі аператара па штучным асемяненні свіней, якім працую з 2012 года. Работа нялёгкая і адказная, бо ад нас залежыць вельмі многае. Даводзілася чуць сцвярджэнне, што асеменатар, бадай што, другі чалавек пасля кіраўніка, і з гэтым нельга не пагадзіцца. Вось і калега мая Наталля Каляга, з якой разам працуем ужо шмат гадоў, сваімі адносінамі да працы і прафесіяналізмам пацвярджае гэта. З ёй раімся, абмяркоўваем усе пытанні, вучымся адна ў адной.
Цёпла і з вялікай павагай расказвала Валянціна Канстанцінаўна пра свой калектыў: і пра кіраўніка Івана Гавету, на якім, як зазначыла жанчына, усё і трымаецца; і пра клопат кіраўніцтва аб працуючых на комплексе (у людзей дастойная зарплата, створаны ўсе належныя ўмовы для працы і адпачынку); і пра тое, як калектыў жыве дружнай сям’ёй. Не абышлі ўвагай мы і прафесійнае свята, падарункі да якога атрымалі ўсе працаўнікі комплексу.
Гаварылі і пра асабістае. Валянціна Канстанцінаўна і Аляксандр Леанідавіч выгадавалі двух сыноў, якія ўжо стварылі свае сем’і і парадавалі бацькоў трыма ўнукамі. Прыязджаючы ў Даўгінава, гарадскія дзеці не цураюцца вясковай працы. “Яны ў нас з дзяцінства прывучаныя да яе, – зазначае Валянціна Канстанцінаўна. – Бачаць, што мы заўсёды занятыя, таму стараюцца ва ўсім нам дапамагаць.”
Чым займаецца жанчына ў вольны час? Яго, прызналася яна сама, не так многа. Урэшце, як і ў кожнай вясковай жанчыны-гаспадыні. І захапленні ў Валянціны Канстанцінаўны, як і ў многіх з нас – кветкі, кулінарыя… Праўда, ёсць адно, адметнае – хакей. Так-так, ужо даволі працяглы час яна з’яўляецца фанатам мінскага “Дынама”, нават ездзіла ў сталіцу на матчы, калі гуляла гэта каманда. Адкуль такое захапленне? “Ад сыноў, – смяецца жанчына. – Яны ў нас аматары хакея”.
Такая вось яна, незаменны чалавек на ферме: шчырая працаўніца; клапатлівая жонка, маці і бабуля; надзейны калега і проста цікавая жанчына.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва сям’і ДУБЯГА