Непрадказальным выдаўся сёлетні ліпень: то пякло да знямогі сонца, а то выпадалі дажджлівыя дні, якія ў гарачую ўборачную пару дадавалі хлебаробам клопату. Вось і мінулыя выхадныя былі надзвычайна кантрастнымі – у суботу мачыла, а ў нядзелю, як кажуць, сушыла. Спрыяльнае для ўборкі зерневых надвор’е прастаяла ў панядзелак, калі мы наведаліся ў ААТ «Райаграсэрвіс».
На мехдвары ў Асіпавічах, куды мы прыехалі ў пасляабедзенны час, было бязлюдна. Не было відаць ні аднаго камбайна.
– А што ж вы хацелі, каб яны на мехдвары стаялі? – пытаннем адказаў на гэту заўвагу выконваючы абавязкі кіраўніка гаспадаркі Аляксандр Альфер. – Усе на полі, працуюць.
У гаспадарцы на жніве працуюць чатыры камбайнавыя экіпажы, расказаў Аляксандр Леанідавіч. Больш за 1200 гектараў занята ў «Райаграсэрвісе» зерневымі, і ўбраць іх своечасова і без страт – галоўная задача, якая стаіць зараз перад мясцовымі хлебаробамі.
– Каб толькі надвор’е спрыяла, – выказаў агульнае пажаданне вяскоўцаў Аляксандр Альфер. – Учора вунь было сонечна, дык і папрацавалі экіпажы плённа, намалаціўшы каля сарака тон кожны.
Разам з кіраўніком і галоўным эканамістам гаспадаркі Тамарай Жаўток едзем на поле непадалёк ад вёскі Баранцы, дзе два ўборачныя экіпажы возьмуцца ўбіраць ячмень. У першай палове дня яны плённа папрацавалі і ўбралі жыта на адным з палеткаў.
А вось і яны, героі жніва: знакаміты камбайнер Аляксандр Сняткоў са сваім памочнікам Ільёй Бядрыцкім на сваім «Доне-1500» і іх сябры-канкурэнты Андрэй Тышкевіч з памочнікам Дзмітрыем Гісічам на КЗСе «Палессе».
– Старанна працуюць экіпажы, у пераможцы выходзяць то адзін, то другі, – расказала Тамара Жаўток. – На сёння ў нас па паказчыках лідзіруе экіпаж Тышкевіча, у яго 171,7 тоны намалочанага зерня, а ў Сняткова крыху меней – 132,7 тоны.
– Дзе ж ты з ім справішся – малады, гарачы, на пяткі наступае, – засмяяўся Аляксандр Сняткоў.
Гэтыя словы Аляксандра Віктаравіча ўспрыняліся як жарт, бо ўсе ведаюць, як старанна працуе ён заўсёды і якіх вынікаў дасягае. Жніво ў гаспадарцы яшчэ толькі разгортваецца, і вельмі рана цяпер гаварыць пра пераможцу. Ды і ці гэта галоўнае… Важна, што ўвесь калектыў працуе зладжана, на выкананне важнай для ўсіх задачы.
Плаўна, адзін за другім, паплылі караблі хлебнай нівы па ячменным полі, пакідаючы пасля сябе роўныя рады абмалочанай саломы. Пачалі напаўняцца бункеры, збожжа з якіх ужо гатовы прыняць у кузавы сваіх машын Максім Альфер і Уладзімір Мамай, занятыя ў гэтую гарачую пару на адвозцы.
А непадалёк ад гэтага поля кіпела работа на другім, дзе ў першую палову дня камбайны ўбралі жыта. Цяпер тут быў заняты на прэс-падборшчыку вопытны механізатар Уладзімір Валынец, які скручваў салому ў роўненькія качулкі.
– Вось колькі працы трэба ўкласці, – задуменна гледзячы на поле, сказаў Аляксандр Альфер. – Абмалацілі, цяпер вось спрасуем салому, убяром качулкі, а пасля зноў трэба брацца за ворыва, сеяць…
Спрадвечныя клопаты хлебаробаў. Яны, здавалася б, з году ў год нязменныя і да болю знаёмыя гэтым людзям. Ды вось жа чамусьці так атрымліваецца, што кожны год перажываецца ўсё гэта па-новаму, як упершыню,турбуючы, хвалюючы і радуючы адначасова. Усё вечнае, як само жыццё, і, разам з тым, новае.
Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА
На 29 июля