У верасні гэтага года я стаў навучэнцам установы адукацыі “Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж”. Прафесію фельдшара ветэрынарнай медыцыны я абраў для сябе таму, што люблю жывёл, цікаўлюся прыродазнаўчымі вучэбнымі дысцыплінамі і сваё далейшае жыццё бачу звязаным з ветэрынарыяй.
Я лічу, што сёння у нашай краіне запатрабаваны не столькі вузкія спецыялісты, якія дасканала валодаюць прафесійнымі кампетэнцыямі, колькі крэатыўныя, ўсебакова адукаваныя маладыя людзі. Тыя, хто здольны развівацца не толькі ў плане асабістага кар’ернага росту, але і браць на сябе адказнасць за вынікі сваёй працы перад грамадствам.
Пад час вучобы ў школе мне не даводзілася ўдзельнічаць у алімпіядах па вучэбных прадметах, таму прапанова выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Рысевец Алены Аляксандраўны прыняць удзел у алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры мяне зацікавіла. Я падумаў, што гэта добры выпадак праверыць свае веды паказаць свае здольнасці, узбагаціць моўную культуру, параўнаць узровень уласных ведаў па беларускай мове і літаратуры з узроўнем ведаў навучэнцаў з іншых навучальных устаноў.
Удзел у другім этапе рэспубліканскай алімпіяды быў для мяне вельмі адказнай справай. Рыхтавацца да алімпіяды я пачаў з першых дзён заняткаў у каледжы. Займаўся з Аленай Аляксандраўнай па спецыяльна складзеным плане, шмат працаваў самастойна. Выкарыстоўваў дадатковую літаратуру, Інтэрнэт-крыніцы, выконваў заданні творчага конкурса “Буслік” і алімпіядныя заданні па беларускай мове і літаратуры мінулых гадоў, карыстаўся слоўнікамі, аналізаваў відэаматэрыялы з вуснымі выступленнямі на алімпіядах школьнікаў нашай краіны. А яшчэ раіўся са сваёй бабуляй, якая раней працавала настаўніцай і якая шмат у чым дапамагала мне.
Сама алімпіяда пакінула ў мяне добрыя ўражанні. Хочацца падзякаваць яе арганізатараў за створаныя камфортныя ўмовы для алімпіяднікаў, спакойную псіхалагічную абстаноўку пад час напісання алімпіядных заданняў, дружалюбныя адносіны да удзельнікаў алімпіяды з боку педагогаў, адказных за яе правядзенне.
Шчыра кажучы, алімпіядныя заданні былі для мяне не зусім простымі, таму я хваляваўся і, напэўна, пры іх выкананні дапусціў памылкі. Але гэта не галоўнае. Галоўнае у тым, што я змог ацаніць свае магчымасці, убачыў, над чым мне трэба больш старанна працаваць надалей. А яшчэ я зрабіў для сябе выснову, што буду ўдзельнічаць у алімпіядным руху і, магчыма, па іншых вучэбных прадметах.
Уладзімір ФЯДОТКІН, навучэнец 101 вучэбнай групы ветэрынарнага аддзялення УА “Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж”