Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Акцыя «Наш жывёлавод» прайшла ў Вілейскім раёне

«Наш жывёлавод» – рэспубліканская акцыя пад такой назвай стала ўжо традыцыйнай і ў Вілейскім раёне

Яна аб’яўлена прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу. Падчас правядзення акцыі старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Брыль сумесна з кіраўніцтвам гаспадаркі, іх прафсаюзнымі лідарамі і іншымі спецыялістамі наведваюцца на малочна-таварныя фермы, каб падзякаваць жывёлаводам за сумленную працу і яе дастойныя вынікі.

На днях такая сустрэча адбылася на малочна-таварнай ферме «Більцавічы» ААТ «Новая Любанія».

– Гэта акцыя праводзіцца ў мэтах павышэння прэстыжу чалавека працы, матэрыяльнага і маральнага заахвочвання жывёлаводаў, павышэння эфектыўнасці і якасці работы і, безумоўна, паляпшэння якасці прадукцыі, – адзначыў Аляксандр Брыль. – Немалаважна і тое, што да правядзення акцыі многае робіцца па навядзенні парадку на фермах, паляпшэнні санітарна-бытавых і сацыяльных умоў жывёлаводаў.

Чаму менавіта ферма «Більцавічы» была сёлета вызначана для правядзення акцыі? Як растлумачыў Аляксандр Брыль, на гэтай ферме дасягнулі вельмі добрых вынікаў у працы – надойваюць больш за 6000 кілаграмаў малака на карову (а гэта для ўмоў жывёлагадоўчага аб’екта высокі вынік), што прыкладна на 1700 кілаграмаў вышэй, чым летась. Расце паказчык валавай прадукцыі, значная частка якой рэалізуецца сортам «экстра». На ферме ўтрымліваецца больш за семсот галоў жывёлы (тут і дойныя каровы, і нецелі, і цяляткі), якіх старанна даглядае працавіты калектыў пад кіраўніцтвам загадчыцы Надзеі Горыд.

– У нас усе працуюць старанна, – расказала пра сваіх калег Надзея Уладзіміраўна, – людзі надзейныя, сваю справу ведаюць.

У дзень правядзення акцыі ва ўтульным чырвоным кутку фермы заслужаныя ўзнагароды з рук Аляксандра Брыля прымалі пяцёра дастойных пашаны за сваю працу членаў прафсаюза: Падзячныя лісты Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК атрымалі аператар машыннага даення Мая Дамашыц, жывёлавод Юрый Мушкат і аператар па вырошч­ванні буйной рагатай жывёлы Алена Путрыч, а Ганаровых грамат раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК удастоены загадчыца малочна-таварнай фермы Надзея Горыд і лабарант Ірына Лойк. Усе яны атрымалі і грашовыя падарункі. Адзначаны прафсаюзны лідар гаспадаркі Марыя Місевіч. На сустрэчы прысутнічаў і кіраўнік гас­падаркі Васіль Буракоўскі.

Развітваючыся з працаўнікамі фермы, Аляксандр Брыль яшчэ раз падзякаваў ім за сумленную працу, адказныя да яе адносіны і пажадаў далейшых поспехаў у працы. Будуць яны – будуць і такія вось цёплыя сустрэчы.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 143 queries