Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На ячменным палетку ля Мардасоў сталі сведкамі амаль што рытуала

Няпроста ды і, напэўна, немагчыма ахарактарызаваць адным словам гэту надзвычайна важную, адказную і, разам з тым, нялёгкую, да сёмага поту, сельскагаспадарчую кампанію. І па эмацыянальнай насычанасці яна, бадай, самая хвалюючая. Праца ад цямна да цямна, гарачыня, пот, спадзяванні, расчараванні – усё гэта характарызуе жніво, якое іншы раз вобразна называюць “бітвай за ўраджай”. Урэшце, доля праўды ў гэтым ёсць…
У ААТ «Нарачанскія зоры», дзе на дзень нашага наведвання была ўбрана без малога палова плошчаў, работа на палях кіпіць. Убраны азімы трыцікале, узяліся за ячмяні. Штодзённа, як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Віктар Драчылоўскі, камбайны намалочваюць каля шасцісот тон зерня. Драбнаватае, праўда, яно, не налілося ў свой час належным чынам – болей за месяц тут не было дажджоў. Ды нічога не зробіш, трэба ўбіраць тое, што маем. Галоўнае, каб своечасова і без страт.
На здымку: старшы камбайнер маладзёжнага экіпажа Руслан Садоўскі

На ячменным палетку ля Мардасоў сталі сведкамі амаль што рытуала – камбайн распачынаў работу на полі.

– Бачыце, як ён укругавую аб’язджае поле, абжынае з усіх бакоў, – растлумачыў маніпуляцыі «Ліды» Віктар Драчылоўскі. – У нас усе камбайнеры прывучаны да такога парадку. А пасля ўжо пачынаюць убіраць.
Аграном з трыццацісямігадовым стажам, Віктар Драчылоўскі добра ведае сваю справу. Дзе, што пасеяць, як, чым і калі апрацаваць, падкарміць і калі пачаць убіраць – гэтаму гаспадароў, якія днююць і начуюць на палетках, вучыць не трэба.
– Наконт «начуюць», дык цяпер практычна так і ёсць, – растлумачыў аграном. – Вось і ўчора, напрыклад, спаць лёг пасля часу ночы, а ў пяць з «хвосцікам» – пад’ём. А як жа іначай – жніво….
Між тым, камбайн павольна падплываў да нас, і Віктар Драчылоўскі узмахам рукі загадаў яго «капітану» і «штурману» прыпыніцца. Неўзабаве, спрытна спусціўшыся па прыступках, камбайнеры падышлі да нас. Яшчэ здалёк пазнала іх, бо ў папярэднія гады не раз сустракаліся. Перадавы маладзёжны збожжаўборачны экіпаж у складзе старшага камбайнера Руслана Садоўскага (ён, дарэчы, сын мясцовага камбайнера) і яго памочніка Аляксея Драчылоўскага (а ён, як чытачы здагадаліся, сын галоўнага агранома гаспадаркі) дабіваўся поспехаў у мінулыя гады. Нацэлены на добрыя вынікі хлопцы і сёлета. Так ужо склалася, што працуюць яны на самым старэйшым камбайне ў гаспадарцы (як весела пажартавалі, «Ліда» ледзь не іх равесніца), аднак робяць усё, каб машына не «капрызіла». Закончыўшы кожны дзень, ужо пасля поўначы, усё пераправераць, падладзяць, падрыхтуюць да наступнай раніцы, каб аператыўна, не губляючы часу, брацца за работу. І так штодня, на працягу ўсёй уборачнай, да яе фінішнай прамой.
Са школьных гадоў хлопцы за штурвалам камбайна і, нягледзячы на малады ўзрост, ужо сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. І зноў цёпла падумалася пра вельмі добрую, важную і патрэбную з’яву – сямейнасць, хлебаробскія дынастыі. Вось якія дастойныя і працавітыя дзеці вырастаюць у тых, хто не здрадзіў адвечнай хлебаробскай справе, жыве ёю і даражыць.
Кранулася з месца дагледжаная, «аблашчаная» працавітымі рукамі «Ліда», пакінуўшы пасля сябе чысты ўчастак. І тут жа на яго апусціўся бусел, павольна, і як мне падалося, ганарова пайшоў за машынай. Няхай прынясе гордая птушка хлебаробам поспех. А паколькі камбайнеры – хлопцы маладыя, адзін яшчэ і сям’ёй не абзавёўся, – дык стане прадвеснікам іх шчаслівых сямей.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries