Тэма, якую сёння закранём, блізкая кожнаму, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы. А калі разабрацца, то і гарадскім людзям яна не павінна быць чужой. Размова пойдзе пра даярак, іх нялёгкую, але такую важную для грамадства працу. Дакладней, пра іх прафесіяналізм, які працаўніцы дэманстравалі падчас раённага конкурсу прафесійнага майстэрства, які прайшоў нядаўна ў Крывым Сяле. Месцам правядзення конкурсных заданняў стала малочнатаварная ферма «Крывое Сяло» філіяла «Усходні» і мясцовы Дом культуры. Арганізатарам конкурсу стаў раённы камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Ідэю Леаніда Радзевіча, яго старшыні, падтрымала і ўпраўленне сельскай гаспадаркі.
Прадстаўніцы дзесяці гаспадарак раёна прыехалі ў Крывое Сяло, каб паказаць сябе, паглядзець на іншых, павучыцца, падзяліцца вопытам. Маладыя (умовамі конкурсу ўзрост удзельніц абмяжоўваўся 35 гадамі), хуткія на пад’ём і спрактыкаваныя, даяркі прыкметна хваляваліся: як-ніяк конкурс, іх работу будуць ацэньваць спецыялісты. Журы, якое ўзначальваў Леанід Радзевіч, і сапраўды было кампетэнтным: начальнік аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Святлана Верамеева, дырэктар райплемстанцыі Людміла Зінкевіч, намеснік кіраўніка цэнтра падрыхтоўкі павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Іна Кулік, намеснік галоўнага раённага ветурача Ігар Хвалько, ветэрынарны урач Таццяна Бур’янава. Сабралася і кагорта заатэхнікаў гаспадарак раёна, якія суправаджалі на конкурсе сваіх удзельніц.
Конкурс, які ўключаў у сябе чатыры заданні, адкрыў Леанід Радзевіч, шчырыя словы падтрымкі якога неяк адразу падбадзёрылі даярак, дапамаглі сканцэнтравацца на самым галоўным. Чатыры заданні — тэхналогія машыннага даення; візітоўка; тэарэтычныя веды; разборка і зборка даільнага апарата — чакалі кожную з іх. Некалькі хвілін на абавязковую працэдуру па тэхніцы бяспекі — і спаборніцтвы пачаліся.
Ёсць адна абавязковая ўмова, якую выконвае вопытная працаўніца перад даеннем каровы — пагладзіць жывёліну, ласкава загаварыць з ёй. І рагулька абавязкова адгукнецца на ласку… Вось і даяркі-канкурсанткі пачыналі першы конкурс, які праходзіў на ферме ў Крывым Сяле, менавіта з падобнага кароценькага, але такога цёплага знаёмства. А кампетэнтнае журы пільна сачыла за ўсім, што робіцца, фіксавала і тое, што выконвалася правільна, і недахопы, якія пазначаліся штрафнымі ачкамі. Акрамя таго, што фіксаваўся ўвесь працэс даення, у канцы былі ўзяты пробы малака на чысціню.
А далей дзейства перамясцілася ў Дом культуры. Тут кожная з даярак прадстаўляла сваю візітку (як адзначыў Леанід Радзевіч, запамінальна выступілі усе, але асаблівыя ўражанні ў журы засталіся пасля выхаду на сцэну Лізаветы Парфёнавай (ААТ «Алая зара»), Надзеі Вяль (СУП «Вілія-агра»), Святланы Піскуровіч (РСУП «Першы Беларускі»). Надзея Вяль, дарэчы, выдатна паказала сябе і ў тэорыі, без памылак адказаўшы на ўсе дзесяць пытанняў у білеце. Урэшце, дастойныя тэарэтычныя веды прадэманстравалі ўсе канкурсанткі, памыліўшыся ў адказах толькі на крышку. Як і ў апошнім заданні — разборцы-зборцы даільнага апарата, — калі даволі нялёгка было ўкласціся ў адведзены час. Некаму часу крышку не хапіла, а камусьці было дастаткова, нават засталося.
Непрыкметна праляцеў час, і вось яно, падвядзенне вынікаў. Улічыўшы вынікі ўсіх чатырох этапаў, журы назвала лепшых, якім Леанід Радзевіч уручыў узнагароды. П’едэстал пераможцаў стаў такім: Надзея Вяль з «Віліі-агра» (першае месца), на другім — Кацярына Барздыка («Нарачанскія зоры»), а на трэцім — даярка з «Новай Віліі» Аксана Кошаль. Яны ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі. Усе астатнія ўдзельніцы конкурс атрымалі дыпломы і падарункі. Затым з добрым настроем і ўсведамленнем выкананай справы ўсе паглядзелі канцэрт, падрыхтаваны самадзейнымі артыстамі Вілейшчыны.
— Раённых конкурсаў прафмайстэрства аператараў машыннага даення не праводзілася ўжо даўно, — адзначыў Леанід Радзевіч. — Лічу, што іх трэба аднаўляць, таму падобныя мерапрыемствы пастараемся зрабіць традыцыйнымі. Гэта вельмі патрэбна і ім, удзельнікам, і ўсім нам.Людзі сустракаюцца, дзеляцца вопытам, пераймаюць перадавое, дэманструюць свой прафесіяналізм — растуць у прафесіі. А гэта, безумоўна, будзе адбівацца на выніках іх працы. І на нашым агульным дабрабыце.
Ірына БУДЗЬКО