На Вілейшчыне разгарнулася касьба траў першага ўкосу. У яе ўключыліся ўсе гаспадаркі раёна. Здаецца, зусім нядаўна закончыўся стойлавы перыяд, а ўжо час думаць пра наступны. Аграрыі ведаюць, што да яго надыходу патрэбна не толькі нарыхтаваць неабходны запас травянога корму, але і паклапаціцца пра яго якасць. Кармы павінны быць збалансаванымі па ўсіх кампанентах. Якасна закладзеныя, яны, ведаюць спецыялісты, зніжаюць затраты на закупку канцэнтраваных, што, у сваю чаргу, уплывае на сабекошт сельгаспрадукцыі.
Поўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў у ААТ «Чурлёны», куды мы на днях наведаліся. Начальнік участка па іжанскай зоне Уладзімір Дрозд, з якім сустрэліся на мехдвары, расказаў:
– Косім бабовыя – люцэрну і канюшыну – на адным полі, убіраем злакавыя на другім. Ужо запоўнены дзве сянажныя ямы кармамі добрай якасці. Надвор’е дазваляе захаваць усе належныя тэхналогіі. І прэс ужо працуе – нарыхтоўваем сена.
За многія гады работы ў гаспадарцы Уладзімір Дрозд ведае, як працаваць у розных умовах, якія дыктуе надвор’е. Зараз, лічыць, надвор’е спрыяе, і прыйшоў час касавіцы. У мінулым годзе гэта кампанія з-за дажджоў пачалася значна пазней, а сёлета старт зялёнаму жніву даў май.
– Так што настрой цяпер у нас толькі на самае важнае – на нарыхтоўку якасных кармоў, – выказаў агульную думку калектыву Уладзімір Дрозд. – Вось, дапусцім, механізатар Аляксандр Верамей на трактары МТЗ-3022 з касілкай КМР-9 толькі за ўчарашні дзень скасіў 57 гектараў траў.
Героя дня Аляксандра мы сустрэлі тут жа, на мехдвары: малады чалавек прыехаў сюды, каб ліквідаваць у сваім трактары няспраўнасць. З заклапочаным выглядам завіхаўся ён ля свайго жалезнага сябра, таму не з вялікай ахвотай згадзіўся на фота. Маўляў, не да гэтага цяпер… Аднак загаварылі пра касьбу, і вочы Аляксандра адразу ж пацяплелі, на твары з’явілася ўсмешка. Стала адразу ж зразумела, што закранулі вельмі важную і блізкую чалавеку тэму.
Разам з начальнікам участка мы праехалі па палях, дзе працавалі касілкі, прыязджалі і ад’язджалі загружаныя травяной масай машыны.
– Два механізатары – Ігар Петрыкевіч і Андрэй Місун – працуюць на касілках, – расказаў пра клопаты падначаленага яму калектыву Уладзімір Дрозд. – Яшчэ адна касілка, на якой заняты Аляксандр Манчак, зараз на падкошванні пашаў. Два трактары задзейнічаны на ўтрамбоўцы – «Амкадор» Алега Лягеня і «Фэндт» Пятра Дземеша, якія зараз закладаюць сянаж у Іжы.
З механізатарам Сяргеем Ганчаровым мы сустрэліся на полі ля Іжы, дзе ён на сваім КВК падбіраў валкі, выгружаў зялёную масу ў кузавы аўтамабіляў, якія адвозілі яе да траншэі.
Кіпела работа і на полі ва ўрочышчы Раўцова. Тут мы сустрэлі механізатараў Ігара Петрыкевіча і Міхаіла Пашкевіча. Першы працаваў «з касою», другі – «з граблямі», і работа спорылася.
І яшчэ адна цікавая сустрэча была на гэтым полі. Тут на сваім КЗР працаваў знакаміты механізатар Пётр Крывіцкі. Знакаміты не толькі ў гэтай гаспадарцы, але і ў раёне і за яго межамі. У пачатку года шматгадовая сумленная праца гэтага чалавека была высока ацэнена – ён быў удастоены ордэна Пашаны. Узнагароду Пётр Іосіфавіч прымаў з рук Прэзідэнта нашай краіны. На маё пытанне, як працуецца яму, ардэнаносцу, Крывіцкі сціпла ўсміхнуўся: «Як і ўсім. А што датычыць узнагароды, дык усё гэта ўжо крышку прызабылася. Нязменным застаецца адно – праца»… Пад’ехала машына, і трактар Крывіцкага звыкла пачаў падхопліваць скошаную траву, напаўняючы зялёнай масай кузаў. На чыста падабранае поле апусціліся два буслы і важнымі гаспадарамі скіраваліся за тэхнікай. Касавіца…
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара