Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Малады спецыяліст Таццяна Ляшкевіч ужо зарэкамендавала сябе сапраўдным прафесіяналам

Колькі часу патрэбна маладому спецыялісту, каб зарэкамендаваць сябе прафесіяналам, чулым чалавекам і кіраўніком? Адназначна адказаць няпроста, бо ў жыцці бывае па-рознаму. Загадчыцы ж Людвіноўскай амбулаторыі Таццяне Ляшкевіч удалося зрабіць гэта даволі хутка. Са жніўня мінулага года працуе яна, малады спецыяліст, на гэтай пасадзе, а водгукі пра як – толькі станоўчыя.

Людвіноўская амбулаторыя стала першым працоўным месцам урача агульнай практыкі Таццяны Ляшкевіч, пра якую раскажам у гэтым матэрыяле
Людвіноўская амбулаторыя стала першым працоўным месцам урача агульнай практыкі Таццяны Ляшкевіч, пра якую раскажам у гэтым матэрыяле

На днях у рэдакцыю пазваніла пенсіянерка з вёскі Куляшы Крывасельскага сельсавета Вера Іванаўна Герко. Яна звярнулася, каб на газетнай старонцы выказаць словы падзякі людвіноўскім медработнікам – загадчыцы ўрачэбнай амбулаторыі Таццяне Ляшкевіч і фельчару Аксане Петрусевіч.

– Маладзенькія, а такія ўважлівыя да пацыентаў і іх праблем, – падзялілася Вера Іванаўна. – Не проста прыедуць па выкліку і прафесіянальна дапамогуць, але і самі перазвоняць, пацікавяцца здароўем, наведаюцца, каб выпісаць ільготны рэцэпт. А якія яны абыходлівыя і ветлівыя! З якой павагай адносяцца да нас, пажылых людзей! Вось ужо сапраўды, лечуць не толькі таблеткамі ды «ўколамі», але і добрым словам і ўвагай.

Толькі добрыя словы ў адрас гэтых маладых медработнікаў сказаў і намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Сяргей Грынцэвіч. Першы год працуе малады спецыяліст Таццяна Ляшкевіч, адзначыў ён, а ўжо зарэкамендавала сябе і як прафесіянал у сваёй справе, і як уважлівы, добразычлівы і тактоўны чалавек.

– Мы толькі рады, калі ў бальніцу прыходзяць такія маладыя спецыялісты, – сказаў Сяргей Аляксандравіч. – Пабольш бы такіх. Прыемна і тое, што Таццяна нарадзілася і вырасла на Вілейшчыне, у вёсцы Зацемень. Свая дзяўчына, мясцовая. Упэўнены, што і далейшыя жыццё і праца гэтага медыцынскага работніка будуць звязаны з нашым раёнам.

Аб прафесіі ўрача Таццяна марыла з дзяцінства. Як і многім дзяўчынкам, ёй падабалася гуляць «у бальніцу», «лячыць». Гэта цяга з гадамі толькі ўмацавалася, і пасля заканчэння Мацькаўскай школы дзяўчына без ваганняў падала дакументы ў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт. Паступіла і за час вучобы яшчэ больш упэўнілася, што выбрала сваё. З задавальненнем вярталася маладым спецыялістам на родную Вілейшчыну. Калі накіравалі загадваць Людвіноўскай амбулаторыяй, спачатку крышку хвалявалася. Як яе прыме калектыў, ці справіцца яна, учарашняя студэнтка? Сёння Таццяна з усмешкай гаворыць пра тыя свае хваляванні:

– Прынялі мяне вельмі цёпла, і хутка я адчула сябе ў калектыве людвіноўскіх медыкаў сваёй. Спецыялісты са стажам падказвалі мне ў нейкіх момантах, дзяліліся вопытам, вучылі і падтрымлівалі, таму я шчыра ўдзячна ўсім тым, хто стаў маімі настаўнікамі ў прафесіі.

Урач агульнай практыкі – а менавіта ім з’яўляецца Таццяна Ляшкевіч – прафесія адказная і важная. На гэтых пасадах працуюць медработнікі, якія валодаюць навыкамі па сумежных спецыяльнасцях. У час прыёму такі ўрач можа пракансультаваць пацыента, напрыклад, і як тэрапеўт, і як неўролаг, і як кардыёлаг. Калі чалавеку неабходна сур’ёзнае абследванне, урач агульнай практыкі накіруе яго да профільнага спецыяліста. У сельскай мясцовасці, дзе асабліва запатрабаваны ўрачы агульнай практыкі, іх яшчэ называюць сямейнымі дактарамі. І гэта сапраўды так, бо сельскі медработнік вельмі добра ведае сваіх пацыентаў – ад маленькіх дзетак да пажылых, іх сям’і. У Таццяны Ляшкевіч ўсё гэта яшчэ наперадзе. Галоўнае, што пачатак у маладога ўрача – дастойны і паказальны.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Сяргеем ГРЫНЦЭВІЧАМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 57 queries