Дамаўляючыся пра сустрэчу з кіраўніком ААТ «Сцешыцы» Ігарам Багданавым, пачула ад яго: «Прыязджайце ў любы час. Я на полі з раніцы да вечара». У гэтых кароткіх словах – галоўнае, надзвычайна важнае, што характарызуе кіраўніка. Быць у гушчыні падзей, сярод людзей, на свае вочы бачыць рэальную карціну кожнага дня і кожнай справы – гэта, як мне здаецца, якраз і адрознівае кіраўніка, сапраўднага гаспадара ад абыякавага начальніка.
Напярэдадні ў Вілейцы прайшоў дождж, праляцела бура, а тут, у Сцешыцах, надвор’е было сонечнае. Нібыта прырода наўмысна не пажадала парушаць клопаты тутэйшых сяльчан.
Галоўная тэма ў гаспадарках раёна сёння, вядома, нарыхтоўка кармоў. Пра яе завялі гаворку са старшынёй.
– У нас склалася добрае супрацоўніцтва з «Першым Беларускім», – пачаў расказваць Ігар Віктаравіч. – Працуем цяпер на нарыхтоўцы кармоў як адна сям’я. То ў іх косяць нашы і іх агрэгаты, то ў нас. Скасілі, дапусцім, травы на іх палях, і пакуль там парадкуюцца, тэхніка перамяшчаецца на нашы. Вось такая сумесная дзейнасць дзвюх гаспадарак.
І сапраўды, на полі, дзе мы прыпыніліся на хвілінку, каб пагутарыць з трактарыстамі і вадзіцелямі, занятымі на касьбе, сустрэлі і людвіноўскіх працаўнікоў. Падумалася, што ёсць у гэтай практыцы нешта ад нашай спаконвечнай беларускай талакі, калі рабілі справы разам, і яны ладзіліся.
Сустракаючыся з працаўнікамі ААТ «Сцешыцы», міжволі адзначаеш, што яны ў асноўным маладога ўзросту. Урэшце, як і сам кіраўнік гаспадаркі. Але ж, як высветлілася, не толькі ўзрост бярэцца тут да ўвагі. Хутчэй, назіраецца разумнае супрацоўніцтва маладых ініцыятыўнасці, запалу з багатым вопытам. Вось, да прыкладу, аграном па корманарыхтоўках Генадзь Корбіт адпрацаваў у гаспадарцы болей за тры дзясяткі гадоў. Дваццаць адзін год загадваў жывёлагадоўчай фермай і вось ужо дзясятак гадоў адказвае за корманарыхтоўкі. Што і казаць, разумнае рашэнне прынялі: хто лепш ведае ўсё пра «меню» для буйной рагатай жывёлы, як не чалавек, які столькі гадоў непасрэдна з ёй працаваў?
– Травы добрыя, тэхналагічныя параметры закладкі сенажу – належныя, тэмпература і вільготнасць масы – захоўваюцца, працуем з шасці раніцы, – так акрэсліў сітуацыю з корманарыхтоўкай Генадзь Васільевіч. – Так што ўсё ў нас нармальна.
Акінуўшы вокам скошанае поле, убачыла, як працаўнік гаспадаркі абкошвае ўручную чубы травы ля слупоў, куды тэхнікай не дабрацца. Што ж, калі рабіць справу, дык па-гаспадарску.
Ля сянажнай траншэі, якую толькі-толькі пачалі запаўняць, сустрэліся з галоўным энергетыкам гаспадаркі Маркам Наркевічам і загадчыцай участка Ірынай Азончык. У іх цяпер адказная справа – сачыць, каб маса, што ўтрамбоўваецца, была належнай вільгаці.
Марк Наркевіч працуе ў гаспадарцы каля двух гадоў. Сам з Вілейкі, але і сельскі ўклад жыцця яму па душы. А чаму б і не? Праца тых, хто выконвае яе сумленна і прафесіянальна, аплочваецца дастойна. Для маладых сямей будуецца жыллё. Усе аб’екты сацкультбыту таксама ёсць. А галоўнае – такая навокал прырода!
– І ўсё ж пра самае галоўнае не сказалі – пра людзей,– дадаў на развітанне Ігар Багданаў. – Яны тут цудоўныя – працавітыя, спагадлівыя, чулыя.
За гады працы ў гаспадарцы малады кіраўнік, відаць па ўсім, палюбіў гэты край і яго людзей. «Мы – як адна сям’я»… Словы, сказаныя Ігарам Віктаравічам, азначаюць вельмі многае. Таму, пэўна, і справы ў гаспадарцы ладзяцца.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА