– Прызнаюся шчыра, выязджаючы з канцэртамі ў вёскі, заўсёды думаеш: а ці збяруцца людзі, яны ж такія занятыя? – дзеліцца сваімі думкамі загадчыца аўтаклуба раённага аддзела культуры Святлана Шпігун.
У суботу быў выезд у Сцешыцы, дзе літаральна на днях прыступіла да працы новы дырэктар Дома культуры Вольга Волк. Нягледзячы на тое, што канцэрт быў платны, людзі з задавальненнем прыйшлі ў Дом культуры.
Творчы калектыў Людвіноўскага СДК выступіў з цікавай тэатралізаванай праграмай «Палундра». Сама назва гаворыць пра тое, што праграма нейкім чынам звязана з морам. Так яно і атрымалася – дзея адбывалася на прагулачным катэры…
Кожны новы нумар праграмы ўдзячныя гледачы, пераважная большасць якіх – дзеці, сустракалі бурнымі апладысментамі. Бачна, што вяскоўцам вельмі патрэбны такія сустрэчы з мастацтвам.
А ў нядзелю аўтаклуб накіраваўся з канцэртнай праграмай у вёску Зацемень, дзе ўжо бываў некалькі разоў. У ролі артыстаў выступілі культработнікі з Куранца. Як цудоўна спявалі яны народныя песні, як весела паказалі ўзаемаадносіны жанчын-суседак, расказалі жыцейскія гісторыі пра вяскоўцаў. Як і заўсёды бывае, выступалі не толькі артысты, але і самі вяскоўцы, гарадскія адпачываючыя. І атрымалася па-сямейнаму цёплае агульнае свята, якое будзе доўга помніцца.
Ірына БУДЗЬКО
Фота прадстаўлена Святланай Шпігун




