Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

На Іжаншчыне чарговы стогадовы юбіляр

На Іжаншчыне чарговы стогадовы юбіляр. 19 сакавіка гэта ўрачыстая падзея адзначалася ў сям’і Севярынаў. Віншаванні прымала Севярын Вера Іванаўна з вёскі Золькі.

Нарадзілася Вера Іванаўна ў вёсцы Каралеўцы, у Золькі выйшла замуж за Севярына Іосіфа Іванавіча, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, з 1949 па 1962 год узначальваў калгас імя Кірава.

Вера Іванаўна працавала ў паляводчай брыгадзе. Шчыра і бездакорна выконвала любую працу на калгасных палетках: вырошчвала лён, зерневыя, буракі, нарыхтоўвала сена. Ніколі не баялася аніякай працы. Спакойная, разважлівая, усмешлівая жанчына кожнаму магла спагадаць, дапамагчы, парадзіць. Дамашняя гаспадарка Севярынаў заўсёды была прыкладам для аднавяскоўцаў. У доме, на падворку, у агародзе – усюды парадак. А ў сям’і – лад і ўзаемапавага. Траіх дзяцей выгадавалі бацькі: сыноў – Міхаіла і Яўгена, дачку Раісу. Сёння ў Веры Іванаўны шэсць унукаў і восем праўнукаў. Дзеці, унукі і праўнукі – самае вялікае дасягненне і гонар маці, бабулі. А сёння яны для яе – самая вялікая і надзейная дапамога і падтрымка.

Апошнія два гады Вера Іванаўна жыве ў Маладзечна ў дачкі. У летні час наведвае свае Золькі. Цеплынёй, шчырым клопатам родных і блізкіх атулена яе старасць. Так, як і павінна быць у добрых людзей.

Іжскі сельвыканкам, вашы землякі ад душы жадаюць Вам, паважаная Вера Іванаўна, моцнага здароўя і бадзёрасці. Няхай усе Вашы дні будуць напоўнены святлом і радасцю. Шчасця, міру, дабрабыту ўсёй Вашай сям’і. І да сустрэчы ў родных Зольках.

Валянціна НАВАСЁЛАК, старшыня Іжскага сельвыканкама

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 50 queries