Цёплае, радаснае, для ўсіх, яно адбылося ў мінулую нядзелю ў Рэчках. А тое, што яно праходзіла на Сёмуху, надавала мерапрыемству яшчэ большай святочнасці і ўрачыстасці.
На імправізаванай канцэртнай пляцоўцы каля мясцовага магазіна ладзілася праграма, удзельнікамі якой былі ўсе, хто ў гэты дзень прыйшоў на свята. Многія – пасля службы ў царкве, а значыць, з адпаведным настроем. Пажылыя людзі і дзеці, мясцовыя жыхары і дачнікі, самадзейныя артысты і мясцовае кіраўніцтва – усе яны, хто даражыць малой радзімай, сваёй прыгожай вёсачкай, сабраліся разам, каб пагутарыць, прыгадаць мінулае, намеціць планы на будучае.
Старшыня Крывасельскага сельсавета Алена Жук па добрай традыцыі знайшла цёплыя словы для ўсіх, адзначыла самых старэйшых і самых юных жыхароў. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто сваім жыццём заплаціў за шчасце нашчадкаў, мірнае неба над іх галовамі.
Як заўсёды, на вышыні былі культработнікі з Ерхаў – загадчыца клуба Марына Юркевіч і бібліятэкар Жанна Андрыеўская. Песні, танцы, гульні, жарты – усё гэта ладзілася імі, творчымі і нераўнадушнымі. А каб свята было салодкім, паклапаціўся гаспадар мясцовага магазіна, які шчодра пачаставаў усіх прысутных рознымі ласункамі.
– Свята было на 120 працэнтаў! – так ацаніла мерапрыемства жыхарка Рэчак Раіса Клімовіч, якая патэлефанавала ў рэдакцыю і ад сябе і сваіх аднавяскоўцаў падзякавала ўсім, хто зладзіў гэту сустрэчу.
Падзяліўшыся ўражаннямі, Раіса Мікалаеўна зазначыла, што лета для жыхароў Рэчак абяцае быць насычаным і цікавым. Урэшце, як і заўсёды. Прайшло свята, а неўзабаве тут чакаюць экспедыцыю археолагаў, што будуць весці раскопкі ля вёскі. У пачатку ліпеня вяскоўцы будуць у сябе прымаць каля сотні пілігрымаў на іх шляху ў Будслаў. Так што жыве вёска, і гэта самае галоўнае.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена Марынай ЮРКЕВІЧ