Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Марына Ляошка: «З цяляткамі трэба як з маленькімі дзеткамі»

Аператар машыннага даення ААТ «Нарачанскія зоры» Марына Ляошка выбрала прафесію, якой усё сваё жыццё аддала яе матуля, Леанціна Леанідаўна Лернатовіч.

Сваю маму Марына Пятроўна з дзяцінства памятае ў клопатах. І ў хатніх, і ў вытворчых. Такімі ж працавітымі выраслі і дзеці Леанціны Леанідаўны, якія з дзяцінства дапамагалі ёй на ферме. Працавала жанчына ў Канстанполлі, і яе старанне і прафесіяналізм былі ў свай час адзначаны высокай дзяржаўнай узнагародай – Ордэнам Працоўнай славы трэцяй ступені. Не раз, памятаецца, перадавая працаўніца была гераіняй газетных публікацый.

Падрасталі дзеці, якія з маленства перанялі ад бабулі з дзядулем ды баць­коў любоў да роднай зямлі і працы, што стала для іх сям’і агульнай.

Марына Пятроўна, дачка Леанціны Леанідаўны, спачатку паспрабаваўшы выбраць іншую жыццёвую дарогу, усё ж зразумела, што яе лёс і прызваннне тут, на бацькаўшчыне. Сёння яна перадавая працаўніца новага комплекса ў Рускім Сяле. Умовы працы, адзначае, сучасныя, добрыя, калектыў – як адна сям’я. Толькі працуй, старайся, дабівайся поспехаў.

– Я даглядаю цялятак, а гэта адказная справа, – расказала Марына Пятроўна. – З імі ж трэба як з маленькімі дзеткамі – з клопатам, любоўю ды адказнасцю.

Накарміць, прыбраць, дагледзець забаўную малышню, прыгледзецца, ці кожнае з цялятак здаровенькае – гэта коратка пра абавязкі Марыны Пятроўны. З імі і іншымі жанчына спраўляецца выдатна, і гэта адзначае кіраўніцтва гаспадаркі. А яна проста працуе так, як вучылі яе бацькі, і інакш адносіцца да справы, даручанай ёй, не можа.

Пасля працы жанчына спяшаецца дадому, у родную вёсачку Мацавічы, дзе нарадзілася і жыве цяпер. Муж, Анатоль Яўгенавіч, які таксама быў у мясцовай гаспадарцы трактарыстам, ужо на ільготнай пенсіі, завіхаецца па гаспадарцы, пакуль жонка на працы. На іх падворку, як і ва ўсіх дбайных гас­падароў, ёсць жыўнасць, трыма­юць нават і коніка, з якім гаспадар развітвацца пакуль не хоча.

Двое дарослых дзяцей Ляошкаў маюць свае сем’і, парадавалі бацькоў унукамі. Святы, калі дружная сям’я збіраецца разам, для Марыны Пятроўны і Анатоля Яўгенавіча – самыя дарагія моманты. А калі далучаюцца яшчэ і бацькі ды іншыя родныя, то тэмаў для размоў – хоць адбаўляй. Не толькі пра асабістае, але і пра вытворчае. А інакш, напэўна, і не можа быць, бо яны – знакамітая ў раёне (ды і не толькі) дынастыя.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 178 queries