Нязвыкла весела і шумна было выхадным днём ў Гедзевічах, маленькай вёсачцы Людвіноўскага сельсавета. Тут праходзіла свята населенага пункта пад назвай «З любоўю да людзей і зямлі». Людзі, карэнныя жыхары і дачнікі, сабраліся на вуліцы. Надвор’е спрыяла гэтай сустрэчы, якую арганізавалі, падрыхтавалі і правялі работнікі Людвіноўскага сельскага Дома культуры і мясцовыя самадзейныя артысты. Актыўны ўдзел у свяце прыняла старшыня Людвіноўскага сельвыканкама Наталія Шавялёва.
Вядучыя свята расказалі крышку пра гісторыю вёскі, якой споўнілася 403 гады. Вядома, што ў самым пачатку, у 1613, тут было трынаццаць двароў,у 1800 годзе – толькі дзесяць, яшчэ без малага праз сотню гадоў тут ужо было 29 гаспадарак, у 1938–47, а ў 1988–73 і 138 жыхароў. Цяпер у вёсачцы налічваецца 28 двароў і 41 жыхар. З 2009 года тут дзейнічае дом сацыяльных паслуг.
Як звычайна бывае на такіх святах, ушаноўваліся самыя старэйшыя жыхары, юбіляры, мнагадзетныя матулі, пераможцы конкурсу на лепшы падворак… Прыемна, што ў святочная праграме асобная старонка была прысвечана і тым вяскоўцам,хто прайшоў цяжкімі ваеннымі дарогамі і хто так і не вярнуўся з тых дарог у родныя Гедзевічы. З цёплымі словамі падзякі землякам-героям за наша мірнае жыццё называлі вядучыя прозвішчы і тых, хто тады вярнуўся з вайны, і тых, хто навечна застаўся на полі бою. Гучалі імёны былых салдатаў, падхопліваліся лёгкім ветрыкам і ўзносіліся высока-высока… І здавалася, што душы герояў усё бачылі, чулі і радаваліся за шчаслівыя лёсы нашчадкаў.
Многа цёплых слоў у свой адрас пачулі ў гэты дзень вяскоўцы – нястомныя працаўнікі, гаспадары гэтай зямлі. Былі падарункі, кветкі, добрыя пажаданні, выдатныя канцэртныя нумары і нават слёзы радасці і светлага смутку. Урэшце,так звычайна бывае на такіх святах. І было галоўнае пажаданне, якое стала лагічным завяршэннем сустрэча:
Хвала і гонар вашаму майстэрству.
Рукам руплівым, хараству душы.
Вам, хто спасціг зямное чарадзейства, –
Зямны паклон і доўгія гады.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлены Людвіноўскім СДК