Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Лёс, як настой на палыне

У майго сённяшняга субяседніка, як і ў многіх з даваенных дзяцей, юнацкія гады прыйшліся на ліхалецце вайны, якая пакінула значны след у іх жыцці. Зараз Уладзімір Канстанцінавіч Барысевіч з’яўляецца адным са старажылаў вёскі Сакалоўка, якая размясцілася ў маляўнічых мясцінах на ўскрайку нашага раёна. Вёска раскінулася сярод некалі густых лясоў, што ў ваенны час сталі месцам базіравання многіх партызанскіх і бандыцкіх фарміраванняў. Вайна змяніла жыццё многіх аднавяскоўцаў той мясцовасці, якія, як і сям’я Барысевіч, пры Польшчы мелі вялікую гаспадарку – карову, коней, малатарню, гектары пашнай і сенакоснай зямлі. Калі сустракаешся з такімі людзьмі, цікава распытваць іх пра даваенныя часы, пра ваеннае ліхалецце і мірны, але нялёгкі час аднаўлення нашага раёна, краіны. І кожны раз здзіўляешся, колькі яны памятаюць і ў якіх падрабязнасцях, колькі жыццёвай мудрасці ў такіх людзей, здзіўляешся, як у звычайным чалавеку працы спалучаюцца і высакароднасць, і прастата душы. Кожны іх аповед – гэта вусная энцыклапедыя гісторыі Вілейшчыны, са сваімі таямніцамі і адкрыццямі,  і жахлівымі старонкамі. Таму зразумела, што маім першым пытаннем да Уладзіміра Канстанцінавіча была просьба распавесці пра яго даваеннае і ваеннае жыццё.

IMG_9387

IMG_9385

IMG_9389

– О, тут не ўсё так проста, – распачаў свой аповед Уладзімір Канстанцінавіч, – давайце ўсё па парадку. Нарадзіўся я ў 1928 годзе, але не тут, у Чарвяках, бо, менавіта, так раней называлася наша вёска Сакалоўка, а недалёка адсюль – на хутары Навінка, што паміж гэтай вёскай і Боркамі, спаленымі немцамі разам з жыхарамі. Там жа толькі Фаня выратавалася, мы нават і не зналі, што яна засталася. Тут партызанам такі Ваўчок быў, ён толькі і ведаў пра гэта, а калі загінуў, то і ўсё. Мая бабка таксама была родам з Борак, а потым вышла замуж у Галэцкія, быў такі хутар паміж Малявічамі і Залескімі. А бацька мой з гэтых Чарвякоў, яго сядзіба была недалёка ад маёй цяперашняй хаты. Калі ён жывёлу ў поле ганяў, то пазнаёміўся з маці. Дык вось, калі яны ажаніліся, то купілі ў нашага лукавецкага пана хутар Навінка, ён тады распрадаваў зямлю. Там жылі не адны мы – была сядзіба і Паўловічаў, і Валовікаў. Мы з Валовікамі засталіся жывымі, а Паўловічаў у 1943-м, калі была блакада, то забілі і спалілі немцы. Наша сям’я жыла блізка ля леса, дык мы ўцяклі. Яшчэ нас і папярэдзіць паспелі. А я ў гэты час у полі быў, скаціну пасціў, калі мы ўбачылі, што з Борак блакада ідзе, немцы з лесу вышлі. Мы хутка пагналі скаціну да лесу, але і адтуль немцы выходзяць. Зразу брата майго, 1926 года, падзываюць: «Відзеў партызан?». Той кажа, што бачыў чалавек пяцьсот, а як раз лунінецкі атрад быў тут, і кажа, што на колцах цягнулі нейкае бервяно. Гэта значыць пушку, каб спужаць іх. Потым пачалі пытаць нашага суседа, дзе партызан бачылі, той пачаў нешта казаць, а немцы як стрэляць, мы ў рассыпную, а яго, мусіць, білі, дапытвалі. Потым пацягнулі яго дадому, а яны багата жылі, бацька іх у Амерыцы грошы зарабіў і набыў дзесяць гектар зямлі. Ды яны асабліва не любілі партызан, бо тыя і карову, і каня, і кабана пазабіралі. Хаця і немцам пададкаў не плацілі, тады трэба было багацейшым плаціць, гэта «кацігент» называўся. А як стала яго матка паказваць спісок, што забралі партызаны, бо яна пазапісвала гэта. А немец раззлаваўся, бо,значыць, немцам не плацілі падатак, а кармілі партызан – і пазабіваў усіх пяцёра і спаліў іх у хаце.
Уладзімір Канстанцінавіч прызадумаўся, ён наогул уяўляецца чалавекам простым, але з нейкай інтэлігентнай разважлівасцю і стрыманасцю, і праз хвілінку прадоўжыў, быццам перад яго вачыма пранесліся малюнкі таго далёкага, але шчымліва блізкага, перажытага з дзяцінства, ён іх праглядзеў і прадоўжыў свой аповед далей.
– Нас было тры браты і сястра з 1923 года, бацька пры Польшчы служыў бальшавікам, ён вазіў вуйта і перадаваў там нейкія звесткі. Потым яго пачалі падазраваць, сталі жаўнеры пільнаваць каля хаты, і ён быў вымушаны перайсці на савецкі бок, праз мяжу ў 1936 годзе. І хацеў нас забраць, ужо ўсё падрыхтавалі і дакументы нейкія перадавалі, і пачалі распрадаваць маёмасць. Усё распрадалі, толькі хату яшчэ не прадалі, добра што карову прадаць не паспелі. Раз і 1939 год надышоў, і ўсё, больш пра бацьку не стала чуваць. Пасля вайны мы напісалі ў розыск і нам далі адказ, што памёр аж у Комі АССР, куды саслалі, быццам, за сувязь з палякамі. Хаця як такое магло быць, калі ён быў яры бальшавік, яго ж палякі пільнавалі, каб арыштаваць. Было напісана ад парока сэрца памёр…
Пра тое, як і іх маглі таксама спаліць Уладзімір Канстанцінавіч расказвае, і кожны раз прыпыняецца, быццам пераводзячы дух ад цяжкіх успамінаў. Такое і даросламу чалавеку цяжка перажыць, а яны на той момант былі зусім юнакамі.
– Тады ў немцаў служылі і ўкраінцы, і адзін з іх расказаў маёй сястры, што будуць паліць усе хутары тут навокал. Ён казаў, што двое яго братоў пайшлі ў партызаны, а ён працуе на немцаў, каб перадаваць звесткі. Вось ён і кажа, уцякайце, бо нямецкі абоз ідзе праз Малявічы, Любчу, Боркі і ўсё будзе паліць тут разам з людзьмі. Мая маці і сястра адразу кінуліся ў лес уцякаць, нават нічога не ўзялі з хаты – ні паесці, ні адзежы. А потым пачуліся стрэлы, немцы пачалі падпальваць хаты. Я ў полі ж быў з братамі, бачым – Алік, сусед наш, бяжыць, плачаць, а за ім немцы карову і каня іх да стада нашага выгналі. І тут стрэл, крык, і … дым чорны. Мы ўсе дзёрнуліся і бягом. Я думаю, куды бегчы са страху, і паляцеў дадому. А там ўсё расчынена, нікога няма, я і паляцёў у Галэцкія да дзяцькі, а па дарозе чуць на немцаў не наляцеў, яны пад елкай сядзелі. Прытрымаўся, як тут быць думаю, трэба ж нейкую адзежу з дому выхваціць хаця б. Мы пасядзелі крыху з меншым братам, потым вырашылі зноў пайсці, я брата не пусціў, а сам пайшоў. Ускокваю ў хату, а там дым ад папярос, немцы, значыць, сядзяць, я назад, назад і за куфэрачак схаваўся, што стаяў у нас у хаце. Бачу двух немцаў, а яны мяне не, і я ціха на двор і выскачыў. Схаваўся за паркан, пераплецены такі забор быў каля сядзібы. Я са страху пераскочыў яго і да брата. Сядзім ціханька і глядзім, што тут будзе далей. Але немцы выйшлі і пайшлі. Мы ў хату, схапілі трохі бульбы, я закруціў у посцілку, што выхваціў з куфра, узяў пілу, тапор, бо,думаю,трэба будзе якую-небудзь зямлянку будаваць – малы, але разумеў. І пайшлі. Ужо сонца заходзіць, а другога брата няма з каровай. Я зноў да хаты, заляцеў, чую, нехта гавора, але так разнерваваўся, што вырашыў зайсці і сказаць, што заблудзіўся, быў у полі і вырашыў у чужую хату вады папіць заскочыць. Увахожу ў хату, а ж там брат. Ён прыйшоў з каровай і авечкамі, завёў іх у хлеў і чакае з суседам Валовікам. Я ўсё расказаў як было, а яны аказалася, што і дзяцей, і кароў прывялі ўсіх. Так пераначавалі ў лесе, ніхто не бачыў, бо і карова наша нават не зарыкала, павязло. У лесе сустрэліся з маці і сястрой. Назаўтра, як спалілі Боркі, Старынкі, Брыгідава, немцы спалілі і нашу хату, і ўсе пабудовы. Усё згарэла. Дзве нядзелі жылі ў лесе, і варылі есці там, во гора было. Людзі ў вёсках нас да сябе не пускалі, баяліся, што і іх праз нас спаляць, бо нас жа хацелі забіць і спаліць. Потым прыюціліся ў былой панскай «канурачцы» – так званы васьмярык панскі, дзе парабкі жылі, тут, у Чарвяках. Потым пачалі з’яўляцца партызаны, мы перайшлі ў лепшую хату – панскую кухню. У нас стаяла трыццаць чалавек партызан-падрыўнікоў. Ім тол прысылалі, яны хадзілі чыгунку падрываць. Я два гады ў партызанах быў, і кароў, і коней ім пасвіў, і з вінтоўкай хадзіў, яны патроны мне выдавалі. А потым усе разляцеліся. Я і даведкі нават ніякай не ўзяў у іх, не ведаў, таму, не з’яўляюся быццам удзельнікам вайны, хаця два гады лічы з партызанамі быў. Затым паліцаі ў нашым краі крыху гаспадарылі – і млын спалілі панскі, і пабудовы ўсе папалілі.
Вайна скончылася, пачалі наладжваць быт аднавяскоўцы, а разам з імі і сям’я Барысевіч. Пасляваеннае жыццё, аднаўленне, таксама не было лёгкім для Уладзіміра Канстанцінавіча.
– Пасля вайны пайшоў у армію. Потым у 1952 годзе мяне направілі ў Свір на трактарыста вучыцца, тут жа калгасы ўжо пачалі рабіць. У 1953 годзе на Іллю ажаніўся, жылі ў Батурыне, па тры кубы збіралі лес, каб пабудаваць уласную хатку. Пабудаваліся, перазімавалі толькі ў новай хаце, як пачалі перасяляць з хутароў у вёскі. Усё бурылі – і печы, і ўсё астатняе, хату на палазах «цяглом» перацягвалі ў Чарвякі, што аж трашчала ўся, ішоў ззаду – душы не было, здаецца,пераломіцца ўся зараз. Помніцца, што вясковыя дзеці лёталі і крычалі: «Вёска едзе, вёска едзе!». Абаснаваліся на новым месцы. Было ўсяго. Працаваў і ў МТС, і ў калгасе «Партызан» быў «учотчыкам», а потым, як стварылі саўгас «Лукавец» – трактарыстам працаваў. Трымалі вялікую хатнюю гаспадарку – карову не адну, каня трымаў, потым,на пенсіі, козы трымаў, зараз невялікая, але таксама гаспадарка ёсць. Цяпер што трэба, хапае ўсяго. Зараз унукі, праўнукі наведваюць, дзеці завуць кожны раз ў Мінск, але ў сваёй хаце лепш за ўсё.
Больш за пяцьдзясят год пражылі разам Уладзімір Канстанцінавіч Барысевіч з жонкай Авылінай Адамаўнай, дзялілі паміж сабой гора і радасць, выгадавалі дзяцей – двух дачок і сына, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Аднак ужо колькі год няма гаспадыні, застаўся адзін на сваёй гаспадарцы старажыл.
Уладзімір Канстанцінавіч вядомы на ўсю акругу не толькі як працавіты і старанны гаспадар, ветэран працы, які ўсё сваё жыццё шчыраваў у саўгасе «Лукавец», але і як выдатны мясцовы музыкант. Раней ніводнае вяселле ці гулянка не абыходзіліся без яго цымбал і баяна.

– З малых гадоў з братам гралі – я на цымбалах, брат – на гармоніку. Мой дваюрадны брат за Польшчай граў вяселлі з Судніком, яны раз’язджалі аж да Кастык, Касцяневіч, Цяпінцаў. Магу і я на гармоніку, больш двухсот вяселляў згуляў за жыццё. Цымбал ужо няма, а гармонік – во, стаіць, як пайшоў на пенсію – граю”.
У пакоі на сценах вісяць рамкі з фотаздымкамі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Лукавецкага клуба і саўгаса, а ў цэнтры – герой нашага артыкула. Увесь час, праведзены ў Сакалоўцы, здзіўляўся, колькі ведае мой суразмоўца. З вышыні сваіх пражытых гадоў, з памяркоўнай дабрынёй распавядаў ён пра ўсё – і пра польскі час, пра мясцовых паноў Бароўскіх, і пра вайну, пра пасляваеннае жыццё. Пачутага матэрыялу хопіць яшчэ не на адну публікацыю. Выдатна, што ёсць такія людзі, якія сваім сціплым жыццём пацвярджаюць, што чалавек павінен заставацца чалавечным пры любых жыццёвых абставінах. Колькі няўзгод і цяжкасцяў прыйшлося перажыць ваеннаму пакаленню, але кожны з іх ствараў сем’і, гадаваў дзяцей і сціпла, спакойна працаваў, спраўляючы святы і патрэбы, а цяпер, у свае гады, усё роўна кожны з іх шчыруе па хатняй гаспадарцы, клапоціцца аб дзецях, унуках і праўнуках, бо без працы сядзець не могуць. Сапраўдныя сыны сваёй радзімы.
Сяргей ГАНЧАР, фота аўтара
і з архіва Уладзіміра БАРЫСЕВІЧА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 132 queries