У маленькіх вёсачках чуткі разыходзяцца імгненна. Жыве ў іх насельніках кранаючая, шчырая дапытлівасць наконт акаляючых падзей. А ў той, што мелася адбыцца сёння, жыхароў Лявонавіч і Карэкаўцаў запрасіла паўдзельнічаць старшыня Касцяневіцкага сельсавета Наталля Шавялёва. Збочыўшы з галоўнай дарогі, яе спрытная службовая «газэлька» заслізгала ўздоўж вясковай вуліцы і плаўна прычаліла да белага цаглянага дома. У двары яго сноўдаліся важкія качкі, прытомленыя цяплом бабінага лета. А ружовыя кусцістыя суквецці з аднайменнаю назвай дагаралі пад самым вакном, і шыбы адлюстроўвалі іх мяккае, далікатнае святло. Гукаўзмацняльная апаратура, якую ўсталёўвалі ў двары пасажыры «газэлі», сведчыла, што ладзіцца мерапрыемства, магчыма, з музычным суправаджэннем.
– Наталля Леанідаўна нам канцэрт прывезла, – гаманілі гаваркія жанчыны сталых гадоў. Яны спяшаліся, наколькі дазвалялі ўзрост і ногі, з супрацьлеглых канцоў лявонавіцкай вуліцы на сход грамадзян, што традыцыйна, ужо не першы год, праводзяцца ў населеных пунктах сельскага савета.
Сустрэча з іх жыхарамі, як правіла, завяршаецца канцэртам самадзейных артыстаў Людвіноўскага Дома культуры. У кантэксце традыцыі ішло і гэта мерапрыемства. Пакуль рыхтаваліся артысты, падключаючы апаратуру, суседзі гаманілі, выразна радуючыся выпадку, які сёння сабраў іх разам, вывеўшы з хатняй утульнасці пад ціхае святло нехаця адыходзячай восені. Усё жыццё гэтых жанчын, большасць з іх – удовы, прайшло тут, у вёсцы. Іх ногі ведаюць кожны каменьчык вулічнага бруку, які пракладзены тут з незапомных часоў. І месцамі ўжо выбіўся, спакваля дзірванеючы, губляючы роўную лінію першапачатковага абрысу.
Мясцовая ферма «Лявонавічы» давала ім працу, дазваляла ладзіць сямейны дабрабыт. Соф’я Рыгораўна Петух, напрыклад, была колькі часу яе загадчыцай. Алена Міхайлаўна Саковіч, хоць і на пенсіі, але яшчэ працуе даяркай. Нядаўна ў яе ўнучка нарадзілася, бабулі ўцеха. З Ігарам,сынам Алены Міхайлаўны, мы, аказваецца, добрыя знаёмыя. Ён адзін з лепшых механізатараў акцыянернага таварыства «Алая зара». Журналісты раёнкі неаднойчы расказвалі сваім чытачам пра гэтага працавітага хлопца, яго жыццёвыя прынцыпы, вытокі добрасумленнасці, якія, вядома ж, ад бацькоў пайшлі. Гутараць суседкі, радуюцца магчымасці выгаварыцца. Ужо і лаўкі з’явіліся ля падворка старасты Лявонавіч, Паўла Капцюга. Сам гаспадар на працы, праўда. Але з яго грамадскімі абавязкамі выдатна спраўляецца жонка. Зоя Рыгораўна дзеліцца з суседкамі добрай навіной: нарэшце ўдалося аформіць усе дакументы на прыватызацыю дома. На гады, было, зацягнуўся гэты працэс. Сядзіба ў Капцюгоў дагледжаная. У гародчыку, панакрываныя пластмасавымі бутэлькамі, рыхтуюцца перачакаць зіму чаранкі руж. Гаспадыня яшчэ атуліць іх яловымі лапкамі, прысыпле зямлёй. Метад апрабаваны, надзейны… Зоя Рыгораўна працавала ў мясцовай краме. Выйшла на пенсію. І ў яе не знайшлося пераемніцы. Затое два разы на тыдзень у вёску прыязджае аўталаўка. Усе наперабой просяць падзякаваць «райпоўскага вадзіцеля Лёшу». І ў пачатку вуліцы, і ў сярэдзіне, і ў канцы спыніць ёй сваю краму на колах. Усё – альбо людзям зручна было. А яшчэ ўсе ў адзін голас, як згаварыўшыся, дзякуюць старшыні сельсавета. За ўвагу да сваіх патрэб і добразычлівасць. Дзе каго сустрэне, распытае. Пра здароўе, пра жыццё-быццё. І ніколі слоў на вецер не кідае. Вось і сёння Наталля Леанідаўна трымае своеасаблівую справаздачу перад жыхарамі дзвюх вёсак. Яна расказвае, што сельвыканкам акцэнтуе ўвагу на добраўпарадкаванні. Вось і ў Лявонавічах сёлета закапаны тры падмуркі ад кінутых дамоў. Многае зроблена на мясцовых могілках. Убрана кустоўе, спілены чатыры дрэвы. Драўніна будзе распілавана і плануецца пусціць яе на агароджу могільнікаў. Старшыня сельвыканкама дзякуе вяскоўцам за разуменне ў вырашэнні такой бытавой праблемы, як збор адыходаў. З усімі жыхарамі заключаны дагаворы на вываз смецця. І цяпер спецаўтамабіль жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў вызначаны час наведвае вёску. Усе падвор’і абследаваны наконт пажарнай бяспекі. Каму трэба, дапамаглі адрамантаваць печы. З дрывамі – праблем ніякіх. Наладжаны кантроль за вулічным асвятленнем. Запланавана падсыпка вуліцы ў тым месцы, дзе пакрыццё размывае вадой. Сціплыя праблемы маленькай і, зірнем у вочы праўдзе, спакваля выміраючай вёскі, у якой даўно ўжо – ні вяселляў, ні радзін. Але музыцы сёння было суджана загучаць тут на поўную моц. У тоне ўсіх размоў і абмеркаванняў угадвалася стоенае чаканне. Меўся быць канцэрт. І ён пачаўся. Мелодыя «Листьев жёлтых» літаральна разарвала паветра, настоенае восеньскім сумам. Ва ўнісон надвор’ю, перакрываючы шоргат кляновай лістоты, што густа засыпала ўзмежкі, гучала знаёмая ўсім мелодыя: «И от осени не спрятаться, не скрыться…» Не схавацца сапраўды ад сваёй жаночай восені гэтым немаладым ужо кабетам. Але моц песні ў тым, што запальвае яна іскрынкі ўспаміну ў раптоўна памаладзелых вачах. І загараюцца шчокі. І пачынаеш адначасна верыць у бясконцасць жыцця, якое няў-мольная восень сёння гойдае над абсягам золатам асыпанай вёскі. А такіх у Касцяневіцкім сельсавеце трыццаць сем.
І хоць раз у год, але падобнае мерапрыемства, па сведчанні Наталлі Леанідаўны, пройдзе ў кожнай. Сёння, напрыклад, такі ж сход грамадзян у першай палове дня адбыўся ў Гедзевічах.
Старшыня сельвыканкама, не для прыгожага слоўца сказана, жыве людскімі клопатамі. Трэба было навесці парадак на могільніку ў Касцяневічах, не пашкадавала водпуску. Убачыўшы свайго старшыню з інвентаром, пацягнуліся да месца спачыну сваіх блізкіх, і проста землякоў, вяскоўцы. Вялікая работа зроблена. Больш двухсот старых дрэў толькі давялося высекчы. Новыя платы, якія ўпрыгожваюць сёння вясковыя вуліцы – гэта таксама агульны клопат. Акрамя бюджэтных сродкаў, якія абмежаваныя, насельніцтва збірае і свае грошы. Агульнымі намаганнямі аднавіліся такім чынам Ерхі, Клесіна, Касцяневічы. Кантактнасць, камунікабельнасць – яны ў характары старшыні сельвыканкама. Наладжаны адносіны з кіраўнікамі мясцовых гаспадарак. Асабліва карысныя, заснаваныя на ўзаемаразуменні, з дырэктарам акцыянернага таварыства «Алая зара» Мікалаем Іванавічам Вайцяхоўскім. Вось і драўніна распілоўваецца на мясцовай пілараме, і тэхніка гаспадаркі ладзіць падсыпку вуліц. Касцяневіцкае лясніцтва ва ўсіх пытаннях таксама ідзе насустрач. А галоўнае – старшыня сельвыканкама з’яўляецца сапраўдным гаспадаром на сваёй тэрыторыі. У кожнай вёскі, як і ў чалавека, свой характар, свая аўра, – лічыць Наталля Леанідаўна. А ёй асабіста пашэнціла з землякамі, акуратнымі, дружнымі, дбайнымі, па-сапраўднаму адданымі зямліцы, што ўмацавала ў сабе іх карані. Усе яны аднолькава заслугоўваюць павагі і дапамогі ад улады, якой па-сапраўднаму давяраюць.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара






