Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Куранец: мясцовыя культработнікі павіншавалі сваіх ветэранаў са святам

Нядаўна людзі адной з самых высакародных прафесій – працаўнікі сельскай гаспадаркі – адзначалі сваё свята. Што і казаць, хлеб у людзей, што яго даюць іншым, вельмі нялёгкі. Ды яны не наракаюць на складанасці, а звыкла, з дня ў дзень, робяць сваю адвечную справу. І так гадамі. А затым, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, учарашнія працаўнікі палёў і фермаў жывуць усё тымі ж клопатамі: ці ў пару пасеялі – убралі? Як на фоне іншых выглядае наша гаспадарка? Як працуецца сёння маладым? Іншы раз такія нераўнадушныя развагі ветэранаў прыходзяць і ў рэдакцыю. І адразу адчуваеш – у курсе ўсіх спраў пенсіянеры, жывуць клопатамі і спадзяваннямі тых, хто прыйшоў на іх месца.
У кожным аграгарадку, у кожнай вёсачцы жывуць яны, людзі, што ў свой час пісалі гісторыю развіцця той ці іншай гаспадаркі. Нямала такіх і ў Куранцы. Вось і вырашылі мясцовыя культработнікі павіншаваць сваіх ветэранаў са святам. Падрыхтавалі жанчыны цікавую музычную праграму (а ў ёй – такія харошыя песні, што вярнулі ветэранаў у далёкую маладосць), зрабілі самаробныя сувенірчыкі і, папярэдне ўзгадніўшы свой візіт з пенсіянерамі, пайшлі да іх у госці.
З радасцю прымалі артыстаў Ігнацій Адамавіч і Людміла Канстанцінаўна Красоўскія. У Куранцы гэта сям’я з ужо такога далёкага 1964-га. Працавалі аграномамі, маюць высокія ўзнагароды. А галоўнае – выхавалі дастойных сыноў, адзін з якіх цяпер вядомы на Вілейшчыне кіраўнік сельгасарганізацыі, другі – настаўнік сельскай школы.
Пасля заканчэння Горкаўскай сельгасакадэміі прыехалі на Вілейшчыну і Аўгусціновічы – Іосіф Казіміравіч і Станіслава Браніславаўна. За іх плячыма таксама багаты вопыт. У Куранцы Аўгусціновічы з 1971 года. Іосіф Казіміравіч доўгі час быў аграномам, сакратаром партыйнай арганізацыі, а Станіслава Браніславаўна працавала эканамістам. Аўгусціновічы вырасцілі дастойных дзяцей, іх сумленная праца таксама адзначалася многімі ўзнагародамі. І на заслужаным адпачынку Іосіф Казіміравіч застаецца такім жа актыўным і нераўнадушным чалавекам, многае зрабіў і робіць для таго, каб Куранец быў прыгажэйшым і жылося тут лепш.
Не прамінулі культработнікі і дом Анатоля Вікенцьевіча Малько, былога агранома мясцовай гаспадаркі. Так атрымалася, што цяпер ён застаўся адзін – дзеці выраслі, жонкі не стала. Аднак не губляе цікавасці да жыцця былы аграном, нярэдка прыгадвае, як працаваў, як яму ўручалі вянкі на жніве… Вось і з культработнікамі пры сустрэчы ўзгадалі тыя запамінальныя моманты.
Прыбраныя ў нацыянальныя касцюмы, з магнітафонам у руках ішлі культработнікі па вуліцы, заходзілі да ветэранаў. І былі вясёлыя песні, салодкія пачастункі, успаміны і нават слёзы радасці, падзякі і настальгічна-светлага суму.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Куранецкім Домам культуры

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 170 queries