Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Крывое сяло: фельчарска-акушэрскі пункт, які абслугоўвае 11 блізляжачых вёсак

Будынак Крывасельскага фельчарска-акушэрскага пункта бачны здалёк: стаіць на прыгорку, капітальна адрамантаваны, дагледжаная тэрыторыя.
– Сама па сабе пабудова не новая, але калі стала Крывое Сяло аграгарадком, то і зроблены ў нас добры рамонт, – расказвае гаспадыня медыцынскай установы фельчар Таццяна Прышчэпава.

Утульны вестыбюль з мноствам карыснай для наведвальнікаў інфармацыі, кабінеты прыёму, працэдурны, па выхаванню здаровага дзіцяці – такі ён, фельчарска-акушэрскі пункт, які абслугоўвае 11 блізляжачых вёсак, дзе жывуць 523 чалавекі, сярод якіх 72 – дзеці і трое маленькіх ва ўзросце да года.
Таццяне Прышчэпавай усё і ўсе тут вельмі добра знаёмыя. Як-ніяк 23 гады працуе жанчына фельчарам. А галоўнае, мясцовая яна, нарадзілася ў Касуце і вось ужо доўгі час жыве ў бацькоўскай хаце ў Крывым Сяле. Так склалася, што даволі рана пайшла з жыцця мама Таццяны, а аднаму бацьку нялёгка было б упраўляцца з гаспадаркай. Вось і жывуць з таго часу разам. Спачатку ў планах, прызнаецца Таццяна Міхайлаўна, у яе было паступаць у інстытут, бо вучылася добра, з адзнакай закончыла і школу, і медвучылішча. Ды жыццё ўнесла свае карэктывы…
– Значыць, так трэба, – у вачах Таццяны Міхайлаўны, па-дзявочы стройнай, у беленькім халаціку, які так пасуе ёй, смуглявай ды чарнавалосай, – непрыкрыты сум, які не праходзіць з гадамі. Сум па самых родных – маме, мужу. – Як і ў іншых вяскоўцаў, ёсць на нашым падворку кароўка, куры, свінні. І агарод ёсць, і «соткі» – усё, што трэба сельскаму чалавеку. Нялёгка? Ды не, нармальна. У нас жа вунь колькі работнікаў: і тата, і мае хлопцы, і я…
Каб своечасова паспяваць у любую вёсачку, навучылася Таццяна Міхайлаўна вадзіць машыну. Так яно аператыўней атрымліваецца. І цяпер ужо не ўяўляе жанчына, як некалі дабіралася да хворых пешшу ці на веласіпедзе. Хоць і тады на нязручнасці не наракала, была гатова да ўсяго, з чым сутыкаецца па працы сельскі фельчар.
– Мне з самага пачатку было лягчэй, бо сярод сваіх людзей працую, – разважае Таццяна Міхайлаўна. – Пра кожнага ведаю, лічы, усё. А маладых, каму сёння крыху за дваццаць, назіраю з самага нараджэння. Нешта накшталт сямейнага доктара…
Няпростая гэта справа, адказная і неспакойная. У любы час дня і ночы звяртаюцца да свайго медработніка людзі, і ніколі нікому Таццяна Міхайлаўна не адмовіла. Калі старэйшы сын Аляксей заканчваў школу і вызначаўся з паступленнем, сказаў катэгарычна: «У медыцынскі паступаць не буду. З дзяцінства бачу, якая гэта нялёгкая праца…» І паступіў у тэхналагічны. Таццяна Міхайлаўна з выбарам сына згадзілася, не стала навязваць сваё бачанне. Вось і Уладзіславу, малодшаму сыну, дасць магчымасць выбіраць справу жыцця самастойна. Як калісьці бацькі ацанілі яе выбар. І сапраўды, чаму звязала жыццё з медыцынай? Хто яго ведае… Як і ўсе дзяўчынкі, гуляла ў свой час «у доктара», «лячыла» лялек ды звяркоў. А можа, прыкладам у нейкай меры стаў тата, Міхаіл Пятровіч Міхалёнак, які звязаў сваё жыццё з ветэрынарыяй. Так ці інакш, але аб сваім выбары Таццяна Міхайлаўна не пашкадавала ні разу. І ўжо цяпер, з такім багатым прафесійным вопытам, канешне ж, не пашкадуе. Хоць з гадамі, прызналася, пачала заўважаць дзіўную рэч: у самым пачатку самастойнай працы была больш рашучай, хутчэй прымала рашэнні, а зараз яна, вопытны спецыяліст, нярэдка вагаецца, задумваецца і абавязкова шукае адказ на пытанне: ці правільна паступіла? Урэшце, з’яву гэту растлумачыць няцяжка: проста кожны з нас, набываючы пэўны вопыт і майстэрства, адчувае вялікую адказнасць за справу, якая яму даверана. Калі ж гэта здароўе людзей, то ўпаўне зразумелыя ваганні медработніка.
– Танечка, нешта не праходзіць кашаль… Дзетка, змерай ты мне ціск… Да такіх просьбаў вяскоўцаў фельчар прывыкла і ўспрымае іх як належнае. А вось калегу з Вілейкі такі зварот да фельчара неяк, што называецца, разануў вуха. «Якая яна Вам Танечка?» – перабіў ён неяк вясковую бабулю. А тая і не ўяўляе, як гэта сваю дзяўчыну, якая расла на вачах, называць Таццянай Міхайлаўнай. Не, яна свая, блізкая – Танечка, дзіцятка…
– Каб і хацеў, дык нельга ўявіць лепшага медработніка, чым наша Таццяна Міхайлаўна, – лічыць старшыня Рабунскага сельсавета Ірына Супрановіч. – Некалькі скліканняў выбіралася ў нас дэпутатам, бо давяраюць ёй людзі, ведаюць, што не пакіне без увагі ні адно пытанне. Спецыяліст сваёй справы, надзіва чулая і спагадлівая жанчына з чуйнай душой. Нам з медработнікам проста пашчасціла…
Так лічуць не толькі вяскоўцы, якія звяртаюцца да свайго доктара па здароўе – праца Таццяны Прышчэпавай высока ацэнена і кіраўніцтвам. Па выніках за мінулы год работа Крывасельскага ФАПа прызнана лепшай сярод аналагічных раённых устаноў, а ў вобласці адзначылі працу фельчара дыпломам «За павышэнне якасці медыцынскай дапамогі насельніцтву». Гэта, канешне, прыемна і адказна, але не дзеля гэтага працуе Таццяна Міхайлаўна. Для яе галоўнае – каб былі здаровымі яе землякі, людзі, што яе ведаюць і ёй давяраюць. І не апраўдаць іх давер’е яна не можа.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries