Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Крывасельскія робаты

У поля – непераходзячая прыгажосць. Асабліва востра адчуваюць яе тыя, каго лёс звязаў з зямлёй нябачнымі, але трывалымі ніцямі. Сярод такіх – Анатоль Апанасевіч, кіраўнік філіяла «Усходні» адкрытага акцыянернага таварыства «Вілейскі камбікормавы завод». Успамінаю, як год назад ён цешыўся кукурузай, што шыкоўна, як сапраўдная каралева, расхінула ружовыя суквецці якраз побач з аўтамабільнай трасай. І хто праязджаў па ёй – затрымліваў погляд на доўгіх, цёмна-зялёных, падобных на пальмавыя, лісцях. Не-не ды і спыняліся аўто, вадзіцелі не ўстрымліваліся ад спакусы патрымаць у руках важкі, ужо наліты васковай спеласцю, пачатак. Зерне кукурузы філіял выкарыстоўвае на фураж. І летась каралева не падвяла хлебаробаў. Аляксандр Паўловіч, механізатар вопытны і акуратны, на сваім «КЗК-800» убраў ураджай своечасова і без страт.
Мінулай жа вясной на тым самым месцы, дзе некалі пад ветрам вытанцоўвала каралева, бушавалі дружныя ўсходы рапса. Спачатку зялёныя, яны неяк адразу і раптам засвяціліся сонечным ззяннем. І поле стала залатым россыпам, што доўга цешыў вока недасведчаных у хлебаробскай справе людзей. Рапс дружна ўзыходзіў з-пад снегу і гэтак жа дружна выспеў, даўшы намалот па 26 цэнтнераў з гектара.
– З яго маем грошы і бялковую сыравіну для вытворчасці камбікармоў, – дзеліцца кіраўнік філіяла.
Але найбольшы яго гонар – крывасельскія робаты, устаноўленыя ў рамках дзяржаўнай праграмы мадэрнізацыі і рэканструкцыі малочна-таварных ферм. Робататэхналогіі дазваляюць па максімуму выкарыстоўваць генны патэнцыял жывёлы, – расказвае Анатоль Вікенцьевіч. – Найперш – у плане яе прадуктыўнасці.
Мы ходзім па тэрыторыі асучасненай фермы. І мне, як чалавеку слаба дасведчанаму, даводзіцца толькі здзіўляцца цэламу шэрагу прадастаўленых тут ноу-хау. У аператарскай – манітор. На ім можна ўбачыць выніковасць вытворчага цыклу, пазнаёміцца з дасье кожнай жывёліны. Важна, што кожная лічба тут не можа быць падвергнута сумненню, паколькі чалавечы фактар адыгрывае толькі канстатуючую ролю. Цікава і тое, што адсутнічае пастановачны рэгламент у перыядычнасці даення. Калі карова ў чаканні адпаведных маніпуляцый з яе вымем схіляецца над ежай, камп’ютар сам вырашае: карміць – не карміць, даіць – не даіць. Выдзеліўшы адной жывёліне корм, ён ігнаруе другую і лёгкімі штуршкамі электрашокера дае ёй аб гэтым ведаць. Корм выдаецца прапарцыянальна атрыманай прадукцыі.
– Камп’ютар – гэта свайго роду цэлая лабараторыя, – канстатуе Анатоль Вікенцьевіч.
Вытворчы мікраклімат дапаўняецца бытавым. Калі першы забяспечвае камфорт працы, другі стварае ўмовы найлепшага спрыяння арганізацыі быту жывёлаводаў. Душавая, санітарныя вузлы, пакоі для прыёму ежы, пераапранання. Усё гэта дазваляе ўспрыняць працу жывёлавода зусім у іншай, новай яго якасці.
Кіраўнік філіяла прызнаецца, што аб падобным прагрэсе галіны ён, выпускнік Гродзенскага сельгасінстытута, некалі і марыць не мог. Вёска выходзіць на новы віток свайго развіцця. І гэта ўжо ажыццёўленая рэалія. Прыклад філіяла «Усходні» – таму красамоўнае пацвярджэнне.

У ТЭМУ
Апраўдвае надзеі інвестара і яшчэ адзін сельскагаспадарчы філіял. Ён належыць унітарнаму прадпрыемству «Мінгаз». У «Бубнах» – высокі паказчык выхаду збожжа з бала-гектара – 108 кілаграмаў. Надой малака на карову па выніках мінулага года склаў 5931 кілаграм, палавіна атрыманай прадукцыі прададзена сортам «экстра». Якасць, безумоўна, за кошт уражальнага ноу-хау – робатызаванай фермы з замкнутым тэхналагічным цыклам, своеасаблівай сучаснай вытворчасці, дзе ўсе тэхнічныя навацыі скіраваны на забеспячэнне якасці канчатковага прадукту.
Увод робатызаванай фермы кіраўнік філіяла «Бубны» УП «Мінгаз» Эдуард Яцкевіч лічыць, на фоне ўсіх сваіх іншых дасягненняў, галоўнай падзеяй мінулага года. І з гонарам дэманструе лёгкія, амаль бязважкія металаканструкцыі, з якіх зваяны сцены жывёлагадоўчых памяшканняў і ўсё зманціраванае ў іх абсталяванне. Лёгкасць – не ілюзорная, паколькі ў будаўніцтве прымяняліся дэталі з ацынкаванага профілю. Гэта, з аднаго боку, забяспечыла эканомію сродкаў пры рэалізацыі праекта, з другога – аблегчыла задачу мантажнікаў. Восем робатаў, 2 кароўнікі, комплекс захавання малака, два цялятнікі, сіласныя ямы, гноесховішча – усё гэта стварае вытворчую начынку фермы, закліканую працаваць на вынік.
Новай ферме патрэбны адпавядаючыя яе тэхналагічнаму ўзроўню спецыялісты. Тут пабывалі ўжо навучэнцы Ільянскага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Прыглядаліся, здзіўляліся і захапляліся, уголас выказваючы жаданне стаць арганізатарамі і ўдзельнікамі сучаснага вытворчага працэсу. І філіял гатовы ажыццявіць гэта жаданне маладых.


Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries