Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Красивые моменты жизни и лета семьи Курец из Карпович (Вилейский район)

На дварэ разгар зімы – сапраўднай, снежнай. А ў думках не-не і вяртаешся ў цёплае рознакаляровае лета. Эх, хутчэй бы яно! Пакуль жа застаецца толькі чакаць ды разглядаць фота­здымкі, на якіх – прыгожыя моманты мінулага лета.

Менавіта дзякуючы фотаздымкам з прэзентацыі жыхароў Карпавічаў сям’і Курац, якая адправіла заяўку на ўдзел у аглядзе-конкурсе «Ветэранскае падвор’е», я пазнаёмілася з яшчэ аднымі творчымі людзьмі нашага краю. Мы доўга размаўлялі з Галінай Іосіфаўнай і пра іх захапленне, і ўвогуле пра жыццё.


Іх сумесная сямейная дарога з Геор­гіем Васільевічам, якой ідуць ужо шмат гадоў, аказалася шчаслівай і прыгожай.

– Ён родам са Шчаркі, а я – з Лоўцавічаў, – пачала расказваць Галіна Іосіфаўна. – А пазнаёміліся тут, у Карпавічах, калі я пасля заканчэння Мар’інагорскага тэхнікума прыехала сюды бухгалтарам, а Жора, адслужыўшы ў арміі, працаваў вадзіцелем – вазіў дырэктара гаспадаркі.


Тут і пазнаёміліся, а хутка зразумелі, што не могуць адно без аднаго. Згулялі вяселле, атрымалі ад гаспадаркі жыллё.

– У маладосці заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, – прыгадала мая суразмоўца. – Былі ў нас па дзве каровы, мелі цялятак, свіней… І агароды, як і ва ўсіх сяльчан. А яшчэ ж мае бацькі трымалі па дзве каровы да глыбокай старасці – і ім мы дапамагалі. Іншы раз, узгадваючы ўсё, думаю: як толькі ўсюды паспявалі? А вось жа паспявалі. Маладосць…
Галіна Іосіфаўна і Георгій Васільевіч выгадавалі дваіх дастойных дзяцей. Дачка Аксана працуе выкладчыцай у сталічным каледжы, сын Руслан выбраў прафесію ваеннага. Дзеці падарылі бацькам траіх унукаў, і гэта цяпер – найбольшая ўцеха для бабулі з дзядулем. Старэйшыя ўжо студэнты, цяпер не столькі часу праводзяць на вёсцы, а вось малодшая кожныя канікулы тут, у Карпавічах.


– Улетку і дачка тут увесь свой адпачынак, – расказала Галіна Іосіфаўна. – Ды і ўвогуле яна са сваёй сям’ёй, лічы, кожныя выхадныя ў нас.

Менавіта заслуга Аксаны, па­дзялілася маці, у тым, што іх падвор’е зараз мае такі сучасны і прывабны выгляд. Трэба мець, напэўна, нейкую дызайнерскую жылку, каб бачыць і ствараць такую прыга­жосць. Шматлікія кветнікі на падвор’і, арыгінальны ставок з мосцікам, альпійскія горкі, кампазіцыя з хвойных раслін, прыгожыя арэлі і альтанка – усё гэта трэба бачыць. І не зараз, а ўлетку, калі ўсё літаральна патанае ў моры кветак. Адных толькі руж, якія так любяць гаспадары, кустоў за паўсотні… А ёсць жа мноства і іншых кветак.

– У нашай Аксаны дзень нараджэння якраз у сярэдзіне лета, калі ўсё на падворку цвіце і радуе вока сваёй шматколернасцю, – расказала жанчына. – Дык у нас ёсць такі прыгожы сямейны рытуал – віншаваць дачку сваімі самымі прыгожымі ружамі. І пажаданні налепшыя дасылаем, і песні дорым… Цёпла, па-сямейнаму атрымліваецца.
Акрамя ўсяго вышэйпералічанага, што патрабуе, безумоўна, шмат працы, дбайныя гаспадары маюць сад, які самі пасадзілі, вялікі агарод. За лета сям’я робіць столькі нарыхтовак, што хапае на зіму на ўсе тры сям’і. Канешне ж, разважае Галіна Іосіфаўна, папрацаваць трэба, затое вынік радуе. Дарэчы, як зазначыла гаспадыня, для нарыхтовак ніколі не купляла ні кілаграма агуркоў ці памідораў – хапае сваёй гародніны. Зямля на агародзе ўрадлівая, усё расце добра. Праўда, не без догляду. Галіна Іосіфаўна з дзяцінства засвоіла матуліну параду, што той жа часнок любіць, каб яго часцей «бухторылі», рыхлілі градку. Ды і іншым культурам гэта карысна. Таму і не лянуецца лішні раз прайсці ля градак, паварушыць іх. Ведае – зямелька ёй за гэта аддзячыць.
Жылі доўга і шчасліва – гэтымі словамі звычайна заканчваецца добрая казка. Пра шчаслівае сямейнае жыццё дарэчы будзе сказаць і ў гэтым матэрыяле. Так пражылі яго бацькі Галіны Іосіфаўны, так пішыцца і іх з Георгіем Васільевічам сямейны летапіс. Гэтага зычаць яны і сваім дзеткам і ўнукам. Так яно і будзе, бо нездарма ж у народзе кажуць пра яблык і яблыню, пра жыццёвы прыклад бацькоў, які выхоўвае лепш за любыя словы.
А расквечанае ў розныя колеры падвор’е творчай сям’і Курац мы вам, паважаныя чытачы, пастараемся паказаць на старонках газеты наступным летам – такая дамоўленасць з гаспадняй ужо ёсць.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 149 queries