Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Конкурс-атэстацыя па штучным асемяненні кароў прайшоў у Вілейскім раёне

На днях на Вілейшчыне прайшло традыцыйнае мерапрыемства – конкурс-атэстацыя па штучным асемяненні кароў. Мерапрыемства праводзіцца раз у два гады. 32 спецыялісты з гаспадарак раёна сабраліся ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, каб прадэманстраваць кампетэнтнай камісіі свае прафесійныя веды. А камісія і сапраўды была кампетэнтнай, у яе складзе былі дырэктар Вілейскага філіяла «Райплемстанцыя» РСУП «Мінскае племпрадпрыемства» Людміла Зінкевіч, спецыялісты прадпрыемства Таццяна Брыль, Вольга Каркоцкая, Васіль Савянкоў і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Радзевіч.

Конкурс складаўся з дзвюх частак: тэарэтычнай, у час якой асеменатары па білетах адказвалі на пытанні; і практычнай, калі яны давалі адказы на практычныя пытанні, расказвалі, з якімі праблемамі сутыкаюцца ў рабоце, як іх вырашаюць і як праходзіць звычайны працоўны дзень асеменатара.

– Кожнага з канкурсантаў, канешне ж, ведаем, нярэдка сустракаемся ў рабочай абстаноўцы, – падзяліўся ўражаннямі Леанід Радзевіч. – А тут быў сапраўдны экзамен, і людзі спачатку хваляваліся. Праўда, бачылі добразычлівасць камісіі, жаданне зразумець і дапамагчы і ўжо смела адказвалі на ўсе пытанні, дэманстравалі свае веды.

Ацэньваліся не толькі прафесійныя веды канкурсантаў, але і іх знешні выгляд, правільнасць вядзення дакументацыі і г. д. Адным з галоўных паказчыкаў, які таксама ацэньваўся камісіяй, быў выніковы мінулагодні паказчык выхаду цялятак на сто кароў. У некага ён складаў, напрыклад, шэсцьдзясят цялят, у іншага – без малога сто. Што і казаць, розніца істотная. Адсюль і розная колькасць налічаных канкурсантам балаў. П’едэстал пераможцаў конкурсу выглядаў так: першае і другое месцы аддадзены спецыялістам ААТ «Нарачанскія зоры» Валянціне Кажан, якая набрала сто балаў са ста магчымых, і Валерыю Шылко (у яго 99 балаў), а трэцяе заняла Ала Клемантовіч з ААТ «Сцешыцы», якая набрала 96 балаў. Камісія адзначыла і самую маладую ўдзельніцу конкурсу – Вольгу Клаўсуць з «Нарачанскіх зораў». Атрымалі падарункі і цёплыя падзячныя словы і іншыя спецыялісты, ніхто з іх не застаўся незаўважаным.

Пераможцы конкурсу

На працягу ўсёй гісторыі жывёлагадоўчай навукі і практыкі перад спецыялістамі стаяла задача стварэння высокапрадуктыўных парод сельскагаспадарчай жывёлы, і ў гэтым пытанні вельмі важнае месца адводзіцца метаду штучнага асемянення. Толькі высокаадукаваныя людзі павінны сёння займаць гэтыя пасады ў сельскай гаспадарцы, і традыцыйны конкурс прафмайстэрства выяўляе такіх.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries