Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ключавая прафесія ў жывёлагадоўлі

Аб працоўных поспехах тэхніка па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы з ААТ «Нарачанскія зоры» Валерыя Шылко пачула яшчэ ў мінулым годзе, калі праходзіў раённы конкурсатэстацыя спецыялістаў гэтай прафесіі. Тады першае і другое месцы занялі спецыялісты «Нарачанскіх зораў» – Валянціна Кажан і ён, Валерый. На адзін бал адстаў тады хлопец ад лідара, таму сёлета, едучы на конкурс, меў намер даказаць, што і ён прафесіянал сваёй справы і дастойны перамогі. І гэта Валерыю ўдалося.

Адзінаццаць гадоў таму назад малады спецыяліст Валерый Шылко, за плячыма якога была вучоба ў Ільянскім аграрным каледжы, прыехаў па размеркаванні ў «Нарачанскія зоры». І сёння памятае, якой сур’ёзнай і, разам з тым, цёплай атрымалася іх першая размова з кіраўніком гаспадаркі Генадзем Кучко. Яму, а таксама сваім настаўнікам у прафесіі галоўнаму ветурачу гаспадаркі Юрыю Казаку, селекцыянеру-заатэхніку Паўлу Лернатовічу, тагачаснаму заатэхніку Аркадзю Ігнатовічу, які, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця, Валерый удзячны за тое, што ўсё ў яго працоўным жыцці склалася. Даўно закончыўся тэрмін, які хлопец павінен быў адпрацаваць пасля каледжа, а мяняць штосьці ў сваім жыцці ён не спрабуе. Наадварот, завочна атрымаў вышэйшую адукацыю, стаў высакакласным спецыялістам і сур’ёзна асталяваўся ў аграгарадку.

– Шэсць гадоў, як жыву ў добраўпарадкаваным доме з выгодамі, які мне выдзеліла гаспадарка, – расказаў Валерый, – бытавыя ўмовы ў мяне добрыя. Засталося вось толькі ажаніцца…

З гэтым, прызнаўся Валерый, крышку цяжэй, бо вольнага часу на тыя ж дыскатэкі ды іншыя месцы, дзе звычайна завязваюцца рамантычныя адносіны ў маладых, неяк не хапае. У палове шостай раніцы пачынаецца працоўны дзень тэхніка па штучным асемяненні, затым удзень у яго бывае некалькі вольных гадзін, а пасля зноў праца да позняга вечара. Спачатку, калі толькі засяліўся ў выдзелены яму дом, хлопец меў і агароды, і нават кабанчыкаў з курамі трымаў. Ды толькі аднаму з усім гэтым упраўляцца было няпроста, таму цяпер ад уласнай гаспадаркі часова адмовіўся. Канешне ж, пакуль не з’явіцца ў доме гаспадыня. Затое Валерый знаходзіць час, каб пакухарыць і нярэдка частуе сваіх калег, працаўнікоў фермы «Бараўцы», піражкамі ўласнага прыгатавання. Кажуць, смачна ў яго атрымліваецца. А што датычыць жаніцьбы, то хлопец пра гэта разважае мудра: дзед ажаніўся ў трыццаць адзін год, бацька – у трыццаць два, дык яму, мусіць, наканавана абзавесціся сям’ёй у трыццаць тры. Так што яшчэ ёсць два гады, каб вызначыцца.

Адзінаццаць гадоў працы. Яны, прызнаецца мой суразмоўца, праляцелі непрыкметна. Цяпер іншы раз ён узгадвае, як няпроста было пачынаць працаваць самастойна, як стараўся ён, каб усё атрымлівалася гэтак жа добра, як і ў старэйшых калег. Таму і перажываў ад першых няўдач, хваляваўся, начамі пракручваў у галаве і аналізаваў зробленае за дзень, рабіў вывады. Затое як радаваўся, калі паступова прайшло хваляванне, прыйшлі ўпэўненасць і майстэрства. Урэшце, так бывае заўсёды, калі чалавек любіць сваю работу, жыве ёю і не спыняецца на дасягнутым.

Расказваючы пра клопаты асемянатара, Валерый не прамінуў адзначыць, наколькі важная гэта прафесія ў жывёлагадоўлі. Бадай што ключавая, бо ад работы гэтых спецыялістаў у выніку залежыць, колькі гаспадарка атрымае малака ды мяса. Адным з важнейшых паказчыкаў у рабоце тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы лічыцца выхад цялятак на сотню кароў.

– Прыходжу на ферму, а кароўкі цягнуцца да мяне, нібыта радуюцца і вітаюцца, – з усмешкай расказвае Валерый. – Яны ж разумныя, дабрынёй адказваюць на дабрыню, высокімі надоямі – на клопат пра іх. Гэта я ўжо ведаю з практыкі.

Нядаўна Валерый быў у адпачынку, наведаўся ў родную вёску на Астравеччыне, каб дапамагчы бацькам. Спраў у вёсцы заўсёды хапае. Папрацаваў, дапамог, адпачыў побач з блізкімі людзьмі. Але ж і ў хвіліны адпачынку не пакідалі яго думкі пра ферму, на якой працуе, і пра калектыў, разам з якім яны робяць нялёгкую, але такую важную справу.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries