Таццяна Качан і Ядвіга Сургучова як ішлі на свята разам, так і прыселі ўдзвюх на лаўку, загадзя вынесеную з хаты клапатлівай гаспадыняй сядзібы Багданава. Клаўдзія Дубовік не ўпершыню тут ладзіць мерапрыемства падобнага кшталту. Як звычайна да яго падключылася і мясцовая ўлада ў асобе старшыні Куранецкага сельвыканкама Віктара Уліцкага. Свята дзвюх суседніх вёсак – Багданава і Хамянцоў – вырашана было датасаваць да дня пажылых людзей. Ды і хто з маладых там ужо застаўся? Думалася, пытанне прагучыць рытарычна. Але Клаўдзія Іванаўна кіўком галавы скіравала мой погляд на маладую жанчыну з гладка зачасанымі назад валасамі. Тая трымала на руках дзяўчынку ў блакітнай шапачцы, якая апетытна смактала пустышку. А ў дзіцячай калясцы, што прымасцілася побач, відавочна яшчэ трапяталася немаўля. У Алёны Шаблыка – чацвёра дзетак. І ўсе – дзяўчаткі. Дзве – старэйшыя, а гэтыя вось яшчэ гушкаюцца на маміных руках.
Алёна – жыхарка Багданава, працуе ў Куранецкім дзіцячым садку выхавальнікам. Дзякуючы менавіта такім, як яна, мамам, што не ігнаруюць наканаваны жанчыне прыродай абавязак, будзе жыць вёска, штодня адраджаючыся для новага вітка свайго існавання ў гэтым свеце, на святой і светлай зямлі прашчураў. Пра гэта гавораць вядучыя свята. Аб мінулым акаляючых мясцін нагадвае прысутным старшы навуковы супрацоўнік вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава. Пранікнёныя, выпакутаваныя ўласным сэрцам вершы, прысвечаныя роднай вёсцы, чытае гаспадыня сядзібы Клаўдзія Дубовік. Гэта яе рукамі падрыхтаваны някідкі і далікатны антураж свята. Выстава з твораў самой паэткі, насценная газета, аздобленая матэрыяламі на тэму любові вечнай і непераходзячай. Да роднага дома, маці, зямелькі, з якой сышлі ў вечнасць продкі, пакінуўшы і на гэтым свеце адметны свой след. Сядзіба захавалася і існуе, дзякуючы намаганням гаспадыні, прывязанай да сваіх каранёў, да гэтых ваколіц, так шчодра аблітых сёння барвовым святлом восені. Ганаровы госць свята – Уладзімір Кляўда. Па прычыне хваробы не змагла яго жонка Марыя прысутнічаць на ўрачыстасці. Іх сямейнаму саюзу ўжо споўнілася 56 год. А нядаўна ў дом прыйшла навіна. Завіталі ў Хамянцы да Кляўдаў журналісты папулярнай тэлепраграмы «Жди меня»і прывезлі вестку, якая радасцю і болем адгукнулася ў сэрцах гаспадароў. Знайшлася магілка бацькі Марыі, які загінуў у Чэхіі, вызваляючы Еўропу ад фашысцкай навалы. Увесь гэты час яе даглядалі мясцовыя жыхары. І, ведаючы імя салдата, звярнуліся ў праграму з просьбай адшукаць яго родных. Хутка праграма выйдзе ў эфір. І злучыць сэрцы далёкіх, а цяпер ужо блізкіх адно аднаму людзей.
…Гучаць песні, шанаванні. Сівыя пасмы памяці ўплятаюцца ў канву сучаснасці. І ствараецца ўзор непераходзячай і чыстай любові да роднага кутка, найлепшы набытак спаконвечнай дзядоўскай спадчыны.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара