Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Карэкаўцы. Свята вёскі

Не трэба жыць недзе далёка за мяжой, каб адчуць настальгію. Гэта пачуццё ўзнікае, напэўна, у многіх як светлы смутак па незваротнасці дзяцінства, па блізкіх і дарагіх сэрцу людзях, якія ўжо пакінулі гэты свет, як туга па роднай вёсачцы, якая вымірае… І варта пачуць пранікнёныя словы пра маці, якая чакае дзяцей у роднай хатцы, пра вёску – падступае яна, настальгія, выклікаючы слёзы светлага смутку па былым. Такое перажывае, мусіць, кожны чалавек. І даражыць усім-усім, што звязвае яго з маленькай радзімай, аднавяскоўцамі, роднай старонкай.

Так склалася ў жыцці, што больш дзясятка гадоў назад ураджэнец вёскі Карэкаўцы Крывасельскага сельсавета Пётр Саковіч з жонкай Валянцінай пераехаў жыць на сваю радзіму ў родную вёсачку. Настальгія? Канешне. Жывучы далёка ад бацькаўшчыны, Пётр Максімавіч марыў пра той час, калі прыедзе сюды з жонкай і застанецца тут назаўсёды. Так і здарылася. Неабыякавага да захавання гістарычнай спадчыны і нераўнадушнага да быту аднавяскоўцаў, Пятра Максімавіча абралі старастам вёскі. І ён стараецца зрабіць усё ад яго залежачае, каб Карэкаўцы жылі яшчэ многа-многа гадоў, каб сюды з радасцю прыязджалі дзеці ўжо пастарэлых вяскоўцаў і каб не забываліся дарогу да дзядуляў і бабуляў унукі.
На працягу ўжо многіх гадоў традыцыйна ў верасні ў Карэкаўцах ладзіцца свята вёскі. Вось і сёлета ў другую нядзелю першага месяца восені ля каплічкі, што на ўездзе ў вёску, сабраліся ўсе, хто змог у гэты дзень быць тут: і жыхары вёскі, і прыезджыя госці, і нават жыхары суседняй вёскі Лявонавічы. Было па-летняму цёплае надвор’е, і гэта стварала прысутным святочны настрой. Хацелася як мага даўжэй пабыць тут, сярод людзей, паглядзець, пагаварыць, прыгадаць мінулае. На свяце былі і шаноўныя госці, якіх звычайна вельмі чакаюць: старшыня Крывасельскага сельскага Савета Ірына Супрановіч, настаяцель Рэчкаўскай Свята-Духаўской царквы айцец Валянцін, самадзейныя артысты з аграгарадка Ерхі. Усе прысутныя далучыліся да малебена, праведзенага святаром, – і ад гэтага стала святлей і чысцей на душы. Трэба адзначыць, што айцец Валянцін з задавальненнем прымае ўдзел у такіх мерапрыемствах, за што прыхажане вельмі яму ўдзячны.
Вітаючы прысутных, Ірына Супрановіч адзначыла, што падобныя святы вельмі патрэбны вяскоўцам. І надзвычайна важна, што ёсць сярод іх людзі, здольныя арганізаваць, падрыхтаваць, з’яднаць іншых. Тут, у Карэкаўцах, такім з’яўляецца Пётр Саковіч. Здароўя, чыстага неба, дабрыні ў сэрцах пажадала ўсім Ірына Аляксандраўна. А яшчэ яна прывезла сувеніры, якія падарыла вяскоўцам, выдзеліўшы і самых юных, і самых старэйшых. Быў уручаны і прыз за лепшае падвор’е. Не забылася старшыня нагадаць, што хутка мы будзем святкаваць Дзень маці, павіншаваўшы з гэтай нагодай усіх мам вёскі.
Сапраўдным упрыгожваннем свята стала выступленне ерхаўскіх артыстаў. Загадчыцы клуба і бібліятэкі Марына Юркевіч і Жанна Андрыеўская, пенсіянеркі Вольга Фірс, Тамара Прыткова – гэтыя жанчыны сваімі задушэўнымі песнямі здольны крануць самыя патаемныя струны чалавечай душы. Вось і на свяце, слухаючы іх, слязінкі змахвалі нават мужчыны. Як хораша спявалі жанчыны пра родную вёску, бацькоўскую хату і пра тое, што «только мама седая, моя милая мама, у крылечка родного свою доченьку ждёт…» І кожнаму з прысутных прыгадвалася свая матуля – найлепшая, светла-святая…
Гэта вельмі важна – ведаць, што ёсць у цябе маленькая радзіма, якая заўсёды рада прыняць, дапамагчы, даць жыццёвыя сілы. Вось і такія святы вёскі становяцца яркімі момантамі ў нашым мітуслівым свеце, аддушынай, светлым агеньчыкам на жыццёвым шляху, які кліча да сябе і грэе.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлены  Пятром Саковічам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 171 queries