Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калі ў Цярэшкі прыйдзе інтэрнэт?

Чарговы прыём грамадзян старшынёй раённага Савета дэпутатаў Наталлі Радзевіч прайшоў у вёсцы Цярэшкі Касцяневіцкага сельскага савета. У вызначаны час у аддзяленні паштовай сувязі сабраліся мясцовыя жыхары – задаць свае, надзённыя і актуальныя, пытанні.

Але перш чым выслухаць іх, Наталля Аляксандраўна сама пачала пытацца. Ці своечасова чысцяць дарогі? Ці былі перабоі з таварамі паўсядзённага попыту? Ці ва ўсіх заключаны пагадненні з жыллёва-камунальнай гаспадаркай на вываз смецця? Як наладжана бытавое абслугоўванне?
Наталля Аляксандраўна нагадала, што пажылым грамадзянам, якія жывуць адны, замяніць старую электраправодку на новую (і адрамантаваць праблемную печ) можна за кошт дзяржавы. Былі заўвагі наконт дарогі – той, што вядзе на хутар. Высветлілася, што асартымент тавараў мясцовых жыхароў задавальняе (было пытанне толькі наконт графіку работы магазіна – з надыходам вясны яно павінна вырашыцца), а па бытавыя паслугі (да цырульніка, напрыклад) звяртаюцца ў Крывічы Мядзельскага раёна – атрымліваецца бліжэй, чым у Людвінова. Некаторыя жанчыны сваіх мужчын стрыгуць самі. Раней, успамінаюць жыхары, сюды прыязджалі майстры з Вілейкі. У тыя ж Крывічы з Добравіч два разы на тыдзень ездзіць майстар абутку – да яго з просьбай адрамантаваць тое-сёе жыхары і звяртаюцца.
Пра што пыталіся ў старшыні Савета дэпутатаў? Наконт магчымасці перасяліцца з хутара ў хату, што знаходзіцца ў самой вёсцы (тут ёсць свае асаблівасці). Наконт медыцынскага абслугоўвання – фельчар не мае паўнамоцтваў даваць накіраванні, таму, каб трапіць на прыём да спецыяліста, за гэтым дакументам трэба ехаць аж у Вілейку. Чалавеку немаладога веку зрабіць гэта не так проста. Наталля Аляксандраўна запісвае нумар тэлефона, абяцае высветліць. Турбавала мясцовых жыхароў і пытанне наконт якасці вады – не такая празрыстая яна ў калодзежаў, як хацелася б. Дзе і якім чынам праверыць яе якасць, колькі гэта будзе каштаваць? Наталля Радзевіч робіць тэлефонны званок – пытанне вырашана. Такую паслугу насельніцтву аказвае раённы цэнтр эпідэміялогіі.
«Ці плануецца тут, у Цярэшках, правадны інтэрнэт?» – наступнае пытанне. Жыхары выпісваюць газеты, часопісы – цікавяцца навінамі ў краіне і за яе межамі. Пенсіянераў шмат, але ёсць і маладыя жыхары. Час ад часу адведваюць бацькоў дзеці, а ўлетку на свае «фазэнды» едуць дачнікі – адным словам, інтэрнэт Цярэшкам патрэбны. Згодна плану, адказвае Наталля Радзевіч, у гэтым годзе на чарзе Сосенка. Яна запісвае гэтае і іншыя пытанні, абяцае ўзгадніць. Улада для людзей – вось галоўная задача такіх сустрэч. Хочацца спадзявацца, што ўсе пытанні вырашацца станоўча.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries