Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калі справа – любімая…15 гадоў назад Алена Дубаневіч прыйшла аператарам на ферму «Нарач»

Пятнаццаць гадоў назад Алена Дубаневіч прыйшла аператарам машыннага
даення на малочнатаварную ферму «Нарач» ААТ «Нарачанскія зоры», дзе
працуе і цяпер. За гэты час прыкіпела душой да нялёгкай працы, у якой стала сапраўдным прафесіяналам.

У маладосці будучае жыццё бачылася Алене як і многім іншым: хацелася рамантыкі, марылася пра новае, нязведанае. А тут, у вёсачцы Язні, дзе яна нарадзілася і вырасла ў сялянскай сям’і, усё было вядома і прадказальна – клопаты на зямлі, догляд за жывёлай… Ды і абраннік дзяўчыны, хлопец з суседняга Даўгінава, прытрымліваўся такога ж пункту погляду. Адным словам, сумеснае жыццё маладыя Алена і Геннадзь Дубаневічы вырашылі будаваць няблізка ад родных мясцін, у Расіі. І ўсё б у іх атрамалася, бо працавітым і адказным людзям усюды знаходзіцца месца і работа. Ды ўсё ж, як гэта нярэдка бывае, душа чамусьці пачала клікаць дамоў, на сваю маленькую радзіму, дзе ўсё да болю знаёма і дорага…

– Прыехалі ў свой раён і адразу ж пачалі вызначацца з месцам, дзе будем жыць і працаваць, – прыгадала падзеі пятнаццацігадовай даўнасці Алена Уладзіміраўна. – Нам вельмі хацелася ўладкавацца ў лепшай гаспадарцы раёна – «Нарачанскіх зорах», але ж былі і нейкія сумненні: ці прымуць, ці давераць нам, незнаёмым людзям? Пайшлі да кіраўніцтва, дзе нас прыветна сустрэлі, пагутарылі з намі. Мяне адразу ж прынялі на ферму, дзе працую і сёння. Тут жа слесарам доўгі час працаваў і муж. Неўзабаве мы набылі ў Нарачы сабе кватэру, тым самым назаўсёды вызначыўшыся з месцам, дзе, як кажуць, глыбока пускаем карані.

Непрыкметна праходзілі дні і гады, напоўненыя звыклымі сялянскімі клопатамі. Вось і сын вырас, сёлета ўжо стварыў сваю сям’ю. Жывуць маладыя ў Смаргоні, а да бацькоў наведваюцца па святах. Цёплыя яны, тыя сустрэчы, і вельмі жаданыя, бо ў блізкіх людзей заўсёды ёсць чым падзяліцца і пра што пагаварыць.

Расказваючы пра сваю сям’ю, Алена Уладзіміраўна тут жа дадае, што для яе блізкім і амаль што родным стаў і калектыў, дзе працуе. Тут яе ў свой час прынялі, дапамаглі, далі веды ў прафесіі. Дык як жа не быць удзячнай гэтым людзям! Вось і пра свайго непасрэднага начальніка – загадчыцу фермы Святлану Пескавую – жанчына адгукаецца вельмі цёпла.
– Люблю сваю работу, сваіх каровак, – шчыра прызнаецца Алена Уладзіміраўна. – Аза, Харошка, Клеапатра… Яны ж, як і людзі, любяць ласку, чуйна на яе рэагуюць і дзячаць. А разумныя такія! Летам, калі доім на полі, кожная адгукаецца на сваю мянушку: каго назаву, тая і падыходзіць. А самая мая любіміца – Аза… Ласкавая такая і малачка многа дае.

Такі падыход да справы дае свае станоўчыя плады, і сумленная праца аператара машыннага даення Алены Дубаневіч не раз адзначалася і кіраўніцтвам гаспадаркі, і раённым. Ды і як жа інакш. Граматная, патрабавальная, добрасумленная працаўніца, яна надзвычай адказна ставіцца да справы: заўсёды захоўвае тэхналагічныя і санітарнагігіенічныя патрабаванні машыннага даення, забяспечвае высокую якасць малака, належны догляд замацаванай за ёй жывёлы, кантралюе паўнацэннасць рацыёну кармлення. Ды іначай Алена Уладзіміраўна не можа і не хоча, бо справа ж – яе, любімая, выбраная пятнаццаць гадоў назад на ўсё жыццё.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries