У кампетэнцыі аграномаў якасны і колькасны падбор палявых культур, якія можна эфектыўна вырошчваць у канкрэтных месцах. Тэрміны пасеву і ўборкі, догляд раслін. вывучэнне стану глебы, унясенне ўгнаенняў, барацьба з пустазеллем – усё гэта і многае іншае таксама ведае аграном. Ёсць, праўда, адна асаблівасць гэтай прафесіі– у многім залежнасць ад надвор’я, яго непрадказальных капрызаў. Высокакваліфікаваныя спецыялісты, дарэчы, навучыліся максімальна плённа працаваць у любых, нават самых непагодлівых, умовах, што адбіваецца на дасягнутых выніках.
Па выніках раённага спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых культур пераможцамі сярод галоўных аграномаў сельгасарганізацый названы: Віктар Драчылоўскі з ААТ «Нарачанскія зоры», Леанід Холад (ААТ «Чурлёны) і Валерый Карповіч (філіял «Бубны» УП «Мінгаз»). Напярэдадні раённага свята я пагутарыла з кожным з іх і пацікавілася, ці задаволены яны сваімі сёлетнімі вынікамі ўборачнай.
Віктар ДРАЧЫЛОЎСКІ:
– Для мяне гэта была ўжо трыццаць восьмая ўборачная ўвогуле і дваццаць восьмая – у гэтай гаспадарцы. Безумоўна, ведаю тут усё да драбніц, як кажуць, да кожнага каменя на полі, і стараюся правільна прымяніць свае веды і вопыт дзеля адной галоўнай мэты – атрымліваць як мага вышэйшыя ўраджаі.
У мінулыя гады ураджайнасць збожжавых дасягала 58 і нават 60 цэнтнераў з гектара, сёлета ж крыху вышэй за 42 і недабор па валу каля тысячы тон. Гэта ўсё – вынікі веснавой засухі, якія асабліва адбіліся на яравых. Азімыя ж жыта і трыцікале парадавалі, бо меней пацярпелі з-за «жартаў» надвор’я – у іх ужо была добра развітая каранёвая сістэма. На будучы год плануем павялічыць збожжавы клін азімых, хоць, як вядома, прадбачыць усе «сюрпрызы» надвор’я немагчыма, але трэба да гэтага імкнуцца.
Сёлетняя ўборачная прайшла аператыўна і ў тэрмін. Урэшце, як і заўсёды.
Леанід ХОЛАД:
– Ці задаволены мы сёлетнімі вынікамі жніва? Вядома, не. Яно, мусіць, так і павінна быць, каб заўсёды хацелася дасягнуць большага. Я нават не пра ўраджайнасць гавару, а пра валавы збор увогуле. Што і казаць, засуха «паспрыяла» – беднаватым быў колас, адсюль і недабралі збожжа. Тым не менш, парадавалі сёлета азімае трыцікале, яравая і азімая пшаніца. Ёю, пшаніцай, плануем надалей займаць большыя плошчы.
Само жніво прайшло параўнальна лёгка. Галоўнае, што надвор’е паспрыяла ўбраць усё ў тэрмін. Ды, прызнацца, і стымул для працы ў нас ёсць – прыклад суседзяў з «Нарачанскіх зораў», на якіх і раўняемся.
Валерый КАРПОВІЧ:
– Мой агульны стаж галоўнага агранома ўжо сямнаццаць гадоў. За час маёй працы ў гэтай гаспадарцы ўраджайнасць збожжавых у некаторыя гады перавышала 40 цэнтнераў з гектара. Сёлета, канешне ж, не тое, аднак на гэта ёсць аб’ектыўная прычына – веснавая засуха. Тым не менш, нядрэнна ўрадзіла пшаніца, авёс. Жніво прайшло аператыўна і без ніякіх непрадбачных сітуацый, бо надвор’е спрыяла і тэхніка была добра падрыхтавана.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота з архіва рэдакцыі